epub
 
падключыць
слоўнікі

Янка Купала

Верасень-месяц...

Дзед
Унук
Бацька
Маці


Верасень месяц абходзіў палеткі,

Птушкі не пелі, не квакалі жабы,

Вялі, пасохшы, пад вокнамі кветкі,

Дружна капалі з раллі бульбу бабы.

 

Курна дыміцца ў хаціне лучына,

Ліпа шуміць адзінока над хатай,

Сажалка дрэме, заросшая цінай,

Гул далятае здалёку гарматаў.

 

Гутарка важная ходзіць па хаце,

Вецер за хатаю вее і вее.

З дзедам унук, побач бацька і маці

Селі, гамоняць, а з імі — надзея...

 

Водгукі бітваў плывуць здаля грозна,

Думы вясняныя сняцца народам.

Вераць а шчыра, што рана ці позна,—

З Захаду голас іх трапіць да Ўсходу.

 

 

Дзед

Вось калі прыйдуць, калі іх пабачу,

Вылажу праўду я ўсю перад імі;

Сёння ўжо стар я, і мне не да плачу,

Вушы хоць слабы, а ўловяць іх імя.

 

Я раскажу ім, як следна, па плану,

Як мне, гаротнаму, пот вочы выеў,

Як адрабляў крукам паншчыну пану...

Пан гуляў панам, нявольнікам быў я.

 

Ночка ці дзень, ці марозы, ці спёкі,—

Вечна ў ярме, ў паднявольнай рабоце.

Быдлам зрабілі нас панскія здзекі,

Век марнаваліся ў слёзах і поце.

 

І перад тым, як сысці мне ў магілу,

Колькі мне сілы і дум старых хваце,

Я пракляну іх праклятую сілу,

Каб і ў магіле іх грызла пракляцце.

 

 

Унук

Дзедка, таксама я здам справаздачу,

Крыўды шмат маю зімою і летам;

Жыці таксама мне трэба іначай,

Сам Варашылаў хай знае аб гэтым.

 

Я раскажу, як за хлеб, за зацірку

Ў пана служыў пастухом я нядаўна,

Лезла на вопратцы дзірка на дзірку,

Лапцяў і тых не дастаў я ад пана.

 

Неяк прыгнаў я, змарыўшыся, з поля

Іхнія, панскія, з поля авечкі,

Шоў цераз сад, дзе валялася ўволю

На зямлі яблык. Іх бачыў без свечкі.

 

Я падняў яблык. Тут пан як наскочыў,

Крыкнуў ды гікнуў, і выстрал раздаўся.

Я паваліўся, падняўся. Ах, вочы...

Вочы пан выбіў, сляпым я застаўся.

 

 

Бацька

Я раскажу ім — яны зразумеюць.

Сталіну крыўду маю хай даложаць.

Цёплая ў жылах мне кроў ледзянее,

Сонца не сонца мне ў свеце прыгожым.

 

Парабкам пану служыў я з дзён малку,

Розум і сілы свае абязвечыў;

Добра запомніў я панскую палку,

Панскі бізун, што крывавіў мне плечы.

 

Так я гібеў, а знікуль яснай весці,

Горкае гора і ў будні, і ў свята;

Ён і дачку мне маю абясчэсціў

Непаўналетнюю, дзеспат пракляты.

 

Выгнаў на старасці з хаты, сатрапа,

Выгнаў бадзяцца галоднаму ў горы,

А калісь мусіў паганую лапу —

Парабак я — цалаваці з пакорай.

 

 

Маці

 

Можа, дакоціцца й мой голас ціхі,

Выслухаюць там, у Крамлі светазарным.

Мамкай служыла я на сваё ліха

Некалі ў пані, так, з ласкі, задарма.

 

Грудзі смактаў мне паніч недапечны,

Высахла там я на шчэпку, як мара,

Сынам, як кажуць, маім быў ён млечным

Хай бы магілу лепш гэткі сын парыў.

 

Годы прайшлі. Паніч вырас дубінай,

Звычай з ім вырас нягодніцкі, панскі.

Быў, як бацькі, азвярэлай скацінай,

Катаваў, гвалціў дзяўчат парабчанскіх.

 

Лета было. Пайшла ў ягады. Раптам

Рынуўся знекуль паніч-сумазбродзень,

Высыпаў ягады, збіў, клікнуў варту,

Хустачку здзёр мне і кофтачку, злодзей.

------

Сурмы зайгралі. Чырвонае войска

Горда ідзе, разбівае кайданы.

Воля ідзе цераз горад і вёску,

Сталінскі промень у хаты заглянуў.

 

Як днём начніцы, разбегліся госці,

Што з беларуса смакталі кроў ласа.

Чорны груган клюе панскія косці,

З трупаў гербоўных складае запасы.

 

Новая доля, шчаслівая доля

Ясна з Усходу квяцістай дарогай

Сходзіць ад пушчы, на рэкі, на поле,

Сее вясёласць, зганяе трывогу.

 

І сейбіт выйдзе, свабодны, без путаў.

Трактарны ў рукі руль возьме з паклонам

Сейбіту праца не будзе атрутай,

Вольная праца на вольных загонах.

 

1939


1939

Тэкст падаецца паводле выдання: Купала Я. Поўны збор твораў. У 9 т. Т. 5. Вершы, пераклады 1930 - 1942. Мн., Маст. літ., 1998. -278 c. [4] л. іл.
Крыніца: скан