Горы ды каменне,
Вузкія палоскі:
Гэта наша поле,
Поле нашай вёскі.
Курныя аконцы —
Каб святла хоць трошкі:
Гэта нашы хаты,
Хаты нашай вёскі.
Лапці ды сярмягі —
Як абраз не боскі:
Гэта нашы людзі,
Людзі нашай вёскі.
Карчмы ды астрогі,
Крыжыкі, бярозкі:
Гэта наша доля,
Доля нашай вёскі.
Вёска, о ціхая вёска мая,
Колькі ты зносіш няшчасцяў,
Колькі бед зносіць сямейка твая,
Колькі дарэмных напасцяў!
Цёмныя ночы абселі цябе,
Скрылі дарожкі-пуціны.
Марная ўрода па ўсякай сяўбе,
Крывы, убогі хаціны.
Летам труд цяжкі, хваробы ў зіму;
Родзіць магіла магілу;
З свечкай прайдзі, страсяні старану:
Смокча бясхлебіца сілу.
Мучышся, вёска, няпраўдай старой...
Рукі працягнеш з надзеяй:
Неба заплача халоднай слатой,
Вецер уздохі развее.
Вецер і моц, знаць, табе прынясе
З песняй магучай, як воля,
Што перастоіш палацы ты ўсе,
Станеш да бою з нядоляй.
Там, за лесам-борам,
На апецы боскай,
Як нядолі сведка,
Села наша вёска.
Ёй няма спачынку,
Ёй няма пацехі,
Крышыць, ломіць вецер
І платы, і стрэхі.
А хоць і няўдала
Выглядаюць хаты,
Ходзяць к ёй у госці
Бедны і багаты.
І ўсё б чыста з вёскі,
Што маглі, забралі,
А што ж далі вёсцы?
Гэй! скажы, што далі?
Далі тую долю,
Што ўсе праклінаюць,
Далі тую волю,
Што ў няволі маюць...
[1906-1912]