epub
 
Падключыць
слоўнікі

Янка Купала

Вісельнік

Зоркі не ўбачыш, імгла непрыхільная

Свет спавіла непрагляднаю сеткай;

Вецер не мрэ і, як зданне магільнае,

Носіцца грозна па пушчах, палетках.

 

Лес расхадзіўся, пашумы сусветныя

Б’юць у тахт віхравы кожнай галінай,

Стогнуць дубы і бярозы сталетнія,

Хрыпла скрыпяць і трасуцца асіны.

...........................................................

Злыбедаў стогны і цьмы неспажытыя

Жудаснай дзікасці поўны без меры.

Як жа салодзіце думкі разбітыя,

Сэрца з разбітай надзеяй і верай!

 

Годзе, душа маладая, пакутаваць,

Шляхам заломным снаваць бескарысна,—

Страшна загадкі усябыту расплутываць,

Выхад з туманаў знаходзіць разблысны:

 

К сонцу і зорам жыццё тваё рвалася,

Віхры і ночы на бой выклікала...

Згасла ўсё лепшае, загасла, зламалася,—

Далей змагацца сілы не стала.

 

Будзь жа збаўленнем, пятля канапляная!

Вырыхтуй сук свой, асіна-ласуха:

Хутка збагацішся ў плоднасць нязнаную,

Слаўнаю станеш — толькі паслухай!

 

Ты не марудзь там, пакутнік аплучаны:

Жыва вяроўку — раз, два і гатова!

Смела сунь шыю!.. Ну, вось і разлучаны

З гэтай зямлёю, з пуцінай цярнёвай.

......................................................................

Вырылі яму жалезнай лапатаю,

Вырылі паміж крыжовых дарогаў,

Кінулі цела — эй, цела праклятае —

Без пасвячэння, без модлаў, з трывогай.

 

Зводна пайшлі толькі ўздохі пустынныя;

Быў чалавек — і няма чалавека:

Згінуў не то ўжо зусім каб скацінаю —

Так сабе ўрэзаў трацініну века.

.......................................................................

Сотні раз хмарамі неба ўзгамоніцца,

Сотні раз ніву спалошча, абсуша,—

Памяць аб вісельным век не затопіцца,

Будзе пужаці труслівыя душы.

 

З году да году у свята дзядовае

Хрыпла скрыпяць і трасуцца асіны.

Песню вятрыска пяе паграбовую...

Вісельнік блудзіць паўночнай часінай...

 

1909




Беларуская Палічка: http://knihi.com