epub
 
падключыць
слоўнікі

Янка Купала

Восень

Эй, восень, восень,

Скуль ты ўзялася?

Песняй няўдалай

Так разляглася?

 

Хоць адным шчасце,

Восень, прыносіш,

Для другіх жудка

Горам галосіш.

 

Для адных ясна

Цяпла навееш,

Лінуць багаццем

Не пажалееш.

 

Збожжам насыплеш

Поўна аруды,—

Будзе, ой, будзе

Золата груды.

 

Дзіка ж ты б’ешся,

Восень, аб шыбы

Беднай мужыцкай

Хаткі-сялібы.

 

Хатка старая

Стогне, трасецца,

Туж-туж бяссільна

Рухне, здаецца.

 

Бедныя людцы

Крыюцца ў хатцы,—

Страшна ім, страшна

З холадам знацца.

 

Дзеці худыя

Туляцца к печы:

Босыя ногі,

Голыя плечы.

 

Да іх палезла

Ніткі сукаці

Ў зрэбнай спадніцы

Хворая маці.

 

Ўсеўся на лаве

Згорблены бацька

І ўвесь аддаўся

Думцы бядацкай.

 

Вот нібы восень,—

Думае гэтак,—

А тут няма, бач,

Хлеба у дзетак.

 

Цэлае лета

Біўся, не жарты,

Ну і труды ўсе

Што былі варты?

 

Хоць шнур вузенькі

Не дасць шмат хлеба,

Ды чынш вялікі

Выбраці трэба.

 

З поля сабраў вось

Коп пяць без мала,

Як змалаціў жа,—

Воласць забрала.

 

Ну, засталося

Ад чыншу нешта,

Бач, магазыннік

Вывалак рэшту.

 

Вось і жыві тут,

Будзь ты шчаслівы,

Будзь ты багаты

Восеняй з нівы.—

 

Холад у хаце,

Голад у хаце,

Ды во й скацінцы

Корму не хваце.

 

Кепска, эй, кепска

Жыці ў няволі,

Не лепей жыці,

Як няма долі.

 

Гэткія думкі

Мучаць старога...

Бедны, гаротны,—

Шкода такога.

 

Каля хацінкі ж

Вецер заводзе:

Знай ты, няшчасны,

Стужа надходзе.

 

Знай ты, няшчасны,

Знай ты, убогі,

Будзеш марозіць

Рукі і ногі.

 

Да места возік

Дроў будзеш везці,

Сівер табою

Будзе ўсё трэсці.

 

Будзеш калеці

Ночкай у полі,

Каб здабыць дзеткам

Хлеба, круп, солі.

 

Вушы скастнеюць,

Плечы спацеюць,

Ногі у лапцях

Акачанеюць.

 

Будзеш ты сеяць

Слёзы па полю

Дый праклінаці

Горкую долю.

 

І змучан гэтак

Працай, марозам,

Знойдзеш магілу

Недзе пад возам.

 

[1905-1907]


[1905-1907]

Тэкст падаецца паводле выдання: Купала Я. Поўны збор твораў. У 9 т. - Т. 1. Вершы, пераклады 1904-1907. Мн., Маст. літ., 1995. -462 c. [4] л. іл.
Крыніца: скан