epub
 
Падключыць
слоўнікі

Янка Купала

Воўк

Топчучы верас і мох

Цёмных імшараў і лоз,

Выбрыў на сонны разлог,

На апляснелы пакос.

 

Зубам ляскоча аб зуб,

Вочы палаюць агнём;

Стаў, як калода, як слуп,

Стаў і азваўся выццём.

 

Выў сярод дрэмлючых ніў,

Як бы на суд каго зваў,

Хто сатварыў, спарадзіў,

Хто узрасціў, гадаваў.

 

Ноч — ён на вырай, на жыр;

Дзень — у бярлогу, як смоўж...

Пустка удоўжкі і ўшыр,

Пустка ушыркі і ўдоўж...

 

Выў ён, а рэха ўсё ўдаль

З рогатам дзікім плыло,

Толькі не віўся ў ім жаль...

Рэха пракляцце нясло.

1910




Беларуская Палічка: http://knihi.com