epub
 
падключыць
слоўнікі

Янка Купала

Выйду, выйду...

Выйду, выйду я з хацінкі

Ў зялёны садок,

Пайду к грушцы пад галінкі,

Пасяджу кусок.

 

Шуміць грушка нада мною,

Трасуцца лісткі,

Душа поўна неспакою,

Ў сэрцы жаль такі.

 

Навяртаюцца на вочы

Слёзы, як раса,

Светлых думак гнаць не хоча

Моладасць-краса.

 

Лятуць толькі думкі здаля,

Хмурныя, як я.

Гасяць, давяць смуткам, жалем

Прасветласць жыцця.

 

Пяюць песні, як з напасці,

Як восень, зіма,

Што не жыць мне ў волі, ў шчасці,

Што долі няма...

 

Ой, не рвіце сэрца мне так,

Думкі! Трудна жыць!

Вазьму крыкну грозна гэтак,—

Доля прыбяжыць.

 

Гэй, бяжы ты, гэй, ляці ты,

Доля, да мяне.

Табой клічу пазабыты

На яве і ў сне.

 

Праўда думак: голас мрэ мой,

Долі не чуваць,

Шуміць толькі грушка нема,

Лісточкі дрыжаць.

 

[1906-1910]


[1906-1910]

Тэкст падаецца паводле выдання: Поўны збор твораў. У 9 т. - Т. 2. Вершы, пераклады 1908-1910. - Мн.: Маст. літ., 1996. -342 с. [4] л. іл.
Крыніца: скан