epub
 
падключыць
слоўнікі

Янка Купала

З асенніх напеваў

І
ІІ
ІІІ
IV
V
VI
VII


І

Кончыцца лета гарачае,

Кончыцца воля-раздолле;

Кветкамі лог не харошыцца,

Збожжам не хваліцца поле.

 

Косы не свішчуць сталёвыя

У соннай траве сенажацяў,

Серп на вайну не йдзе з коласам,

Песень, і тых не чуваці.

 

Сонна адна-адзінокаю

Груша стаіць над мяжою,—

Лісце скідае пажоўклае,

Сыпе асенняй нудою.

 

Неба штодзень пахмурнейшае,

Сонца штодзень на ім меней,

Птушак заціхла чырыканне,

Нейкае ўкруг знемажэнне.

 

Вецер заводзіць у коміне,

Быццам жыццё сваё ганіць;

Думы старыя, халодныя

Сэрца пужаюць, як зданні.

 

Так і ўцякаў бы ад гэтага

Там гэт! За горы, за рэкі,

Каб чалавек ды мог скрыціся

Ад сваёй долі навекі.

 

 

ІІ

Сцелюцца цэлы дзень росы,

Вечны цень спіць на зямлі,

Бледныя сонцавы косы

Выглянуць рэдка калі.

 

Здаля даносяцца шумы,

У коміне шумы пяюць;

Ціснуцца буднія думы,

Сноў забыцця не даюць.

 

Нейкая зводная сіла

З выглядам вечна старым

Вабіць здалёку магілай,

Крыжам міргае сваім.

 

ІІІ

Змоўклі лісцястыя шэлесты,

Галлі худыя тырчаць,

Мёртвыя дзе-нідзе верасты

Зеленяй зводнай блішчаць.

 

Цягнуцца дрэвы расхутаны

К небу з балотных нізін,—

Корань, у жвіры заплутаны,

Не адпускае галін.

 

Рогат звярыны пакоціцца

Дзікім жаданнем без слоў,—

Пушча замрэ, закалоціцца,

К воблакам цягнецца зноў.

 

IV

З гальных ліп і бяроз

Лісты валяцца,

Між павалаў і лоз

Рассыпаюцца.

 

Шапацяць, шалясцяць

Залацістыя,

Веткі ў неба глядзяць

Пусталістыя.

 

Дачакаўшы вясны,

Зноў ажыўляцца;

Не паўстануць лісты,

Што асыплюцца.

 

V

Неба поўна сівых хмараў,

Свет палошча дождж сцюдзёны,

Чорнай кучай на папары

Чахнуць каўкі і вароны.

 

Сонца ўжо ніхто не бача,

Вецер вые, завывае;

Восень стогне, восень плача,

Думы сумам спавівае.

 

Ў маёй хаце у пахілай —

І няцёпла, і нявідна,

Выглядае, як магіла,

Выглядае неяк крыўдна.

 

І ў душы, хоць плач, як нудна,

Гэтак цёмна, як і ў хаце;

Ой, як нудна! Сказаць трудна...

Галасіў бы, слаў пракляцці.

 

Галасіў бы, як галосе

Вецер гэты, восень гэта,

Каб аж рэха разляглося,

Гэт, на цэлае паўсвета!

 

Каб ляцела, не сціхала

Па шырокаму па полю,

І ўсім чыста апявала

Маю горкую нядолю.

 

VI

Дзе ты схавалася, яснае сонца,

Ясныя летнія дні дзе падзеліся? —

Сцюжа гуляе па роднай старонцы,

Зімнія песні распеліся.

 

Стогнуць мяцеліцы грозныя ў полі,

Ціснуцца думы пра шчасце былое,

Сэрца лядзеніцца з жалю, з нядолі —

Беднае сэрца людское.

 

Беднае, беднае... Колькі мучэння

Быт чалавечы табе пасылае!..

Ох, каб не сэрца, было бы слёз меней,—

Шчасліў, хто сэрца не мае.

 

 

VII

Ў думах нявесела,

Сэрца сціскаецца;

Цёмная, золкая

Восень збліжаецца.

 

Неба пакрылася

Мглою, туманамі,

Галкі узносяцца

Па-над курганамі.

 

Поле шырокае

Пусткай абселася,

Дуброва шумная

З лісцяў раздзелася.

 

Імжыць сцюдзёністы

Дождж над зямелькаю,

Свет пакрываючы

Жаласцю нейкаю.

 

Людзі у курныя

Хаткі пакрыліся,—

Радасць мінулася,

Песні забыліся.

 

Бабка старэнькая,

Зможана мукамі,

Казкі даўнейшыя

Шэпча з унукамі.

 

Віхар у коміне

Жудка заносіцца,

То як бы жаліцца,

То ў хату просіцца.

 

У думах нявесела,

Сэрца сціскаецца;

Цёмная, золкая

Восень збліжаецца.

 

[1906-1912]


[1906-1912]

Тэкст падаецца паводле выдання: Поўны збор твораў. У 9 т. - Т. 3. Вершы, пераклады 1911-1914. - Мн.: Маст. літ., 1997. -342 с. [4] л. іл.
Крыніца: скан