epub
 
падключыць
слоўнікі

Янка Купала

З бяды і нуды

Не даеш ты, бяда,

Мне спакойна цярпець,

Не даеш ты, нуда,

Песні весела пець.

 

Мучце ж, мучце мяне,

Не баюся я вас,—

Хай свет цэлы дрыгне,

Я ўжо выжыў свой час.

 

Не разбудзіць мне дум

Ні слязіна, ні смех,

Зменнай радасці шум

Не навее пацех.

 

Сіратой па зямлі

Снуючы беспуцця,

Мяне путы змаглі

Абрыднога жыцця.

 

Мая моладасць спіць

Пад пялёнкаю мук,

Аджывіць, узманіць

Няма чым думак, рук.

 

Дык жа мучце мацней

Ты — бяда, ты — нуда!

З вамі дружбы маей

Не размые вада.

 

Сейце кожнай парой

Больш цярпення, трывог,

Снуйце зданьмі за мной —

Па маіх па слядох.

 

Забірайце ў мяне —

Як вам думкі ўзбрыдуць,—

Калі можна яшчэ

У мяне ўзяць што-нібудзь.

 

Не баюся я вас...

А прыйдзе бедаку

Надта трудненькі час —

Я ў магілу ўцяку.

 

4 ліпеня 1907


04.07.1907

Тэкст падаецца паводле выдання: Купала Я. Поўны збор твораў. У 9 т. - Т. 1. Вершы, пераклады 1904-1907. Мн., Маст. літ., 1995. -462 c. [4] л. іл.
Крыніца: скан