epub
 
Падключыць
слоўнікі

Янка Купала

З дня ў дзень...

Жывём з дня ў дзень мы столькі лет,

А ўсё тым ладам, як жыў дзед,

Галовы клонячы з пакорай;

 

Адвечных крыўд, адвечных бед

Не бачым мы, не бачыць свет,

І не пабачым, мусіць, скора.

 

Праз столькі лет, праз столькі зім

Цвіце ў вачах пацёмкаў дым,

І звесці не хапае сілы;

 

Відаць, святла не знаці тым,

Хто нарадзіўся ўжо сляпым,—

Такім ён дойдзе да магілы.

 

Жыві з дня ў дзень, цягні ярмо,

Ў крук плечы гні, кажы: дармо!

Не так яшчэ умею, браце.

 

Ямчэй сабе сам ладзь прызьмо,

Каб не парвалася само,

Бо як ярмо тады цягаці?!

 

Ці быў прыгон, ці ёсць прыгон,—

Шануй закон — матай паклон,

Бо вылеціш і з роднай хаткі.

 

Пачуеш звон — кажы, што стогн,—

Знай, брат пакінуў свой загон,

На той свет складывай манаткі.

 

[1918]




Беларуская Палічка: http://knihi.com