epub
 
падключыць
слоўнікі

Янка Купала

З песень аб мужыцкай долі

Чый шнур вузак, убог,

Не дарос, не дасох,

Лагі — мох, асака?

— Мужыка!

 

Чыя ў працы за ўсіх

Не спачыне на міг

З мазалямі рука?

— Мужыка!

 

Чыю хату віхор

Пахіліў, страху здзёр,

Збіў упору з тачка?

— Мужыка!

 

Дзе чыйго ў край чужы

З роднай нівы-мяжы

Адарвалі сынка?

— Мужыка!

 

Каго пан, чын, закон

Са ўсіх скубе старон,

Як на ўвязі ваўка?

— Мужыка!

 

Чыя слава ўсягды

Не мінае бяды,

Турмы, торбы, шынка?

— Мужыка!

 

Чыю песню чуваць,

Як бы мае хаваць

На той свет бедака?

— Мужыка!

 

Гроб-магіла чыя

Спіць на дне забыцця,

Як бы змыла рака?

— Мужыка!

 

[1906-1909]


[1906-1909]

Тэкст падаецца паводле выдання: Поўны збор твораў. У 9 т. - Т. 2. Вершы, пераклады 1908-1910. - Мн.: Маст. літ., 1996. -342 с. [4] л. іл.
Крыніца: скан