epub
 
падключыць
слоўнікі

Янка Купала

З песень аб няволі

То не свісты зімовай мяцеліцы

Над зямлёю шумяць і гудуць,—

Гэта дзікім мучыцелем сеецца

Сяўба — ў путы працоўных закуць.

 

То не рой груганоў падымаецца,

Дзе зваёваных трупы ляжаць,—

Гэта гурты казакаў злятаюцца

Закаваны народ катаваць.

 

То не рэчак паводкі бурлівыя

Затапляюць зямельку вадой,—

Гэта, ў бойцы мручы, нешчаслівыя

Залілі свет нявіннай крывёй.

 

Дый над гэтай крывёю магільныя

Расплываюцца енкі сірот,

Плачуць цяжанька людзі бяссільныя,

Плача змучаны ўвесь мой народ.

 

А мучыцеляў смех над скаванымі

Разлягаецца страшным выццём...

Завываюць ваўкі над курганамі,

Свет заліты крывавым агнём.

1907


1907

Тэкст падаецца паводле выдання: Купала Я. Поўны збор твораў. У 9 т. - Т. 1. Вершы, пераклады 1904-1907. Мн., Маст. літ., 1995. -462 c. [4] л. іл.
Крыніца: скан