epub
 
падключыць
слоўнікі

Янка Купала

З песень аб сваёй старонцы

Невясёлая старонка

Наша Беларусь:

Людзі — Янка ды Сымонка,

Птушкі — дрозд ды гусь.

 

Поле — горы ды каменне,

Потам зліта ўсё,

Сенажаць — адно карэнне,

Сівец ды куп’ё.

 

Родзе шнур несамавіта,

Колькі б працы ўнёс,—

Ячмень з сажай, з званцом жыта,

З свірэпкай авёс.

 

Небагатыя і вёскі,

Садоў ў іх не знаць,

Толькі часам дзе бярозкі,

Як тычкі, стаяць.

 

А па вёсках люд убогі,

Век бяда ў крук гне,

Вечна ў лапцях гное ногі,

Зрэб’е спіну тне.

 

Цёмны, цёмны народ гэты,

Трудна і сказаць,

Абарваны, неадзеты,

Не ўмее чытаць.

 

З яго кожны насмяецца,

Назаве дурным...

Бедны люд... так бы, здаецца,

Плакаў разам з ім.

 

Так няміла, як магілай,

Неяк выдае

Беларусь, мая старонка,

Дый люблю ж яе.

 

Я, калі б з ёй разлучыўся,

Плакаў з усіх сіл...

Эй, бо дзе воўк урадзіўся,

Яму куст той міл!

 

Дома голаду дазнаю,—

З’ем хлеба, вады...

Горай жыці ў чужым краю,

Болей слёз, нуды.

 

Там не знойдзеш братніх сэрцаў,

Там кожны чужым,

Будзеш жыць з нудой у спрэчцы

Ды адзін-адным.

 

Песню родную зацягнеш,

Хто пачуе, хто?

Там любіць свой край прысягнеш

Лепей, як жыццё.

 

[1905-1907]


[1905-1907]

Тэкст падаецца паводле выдання: Купала Я. Поўны збор твораў. У 9 т. - Т. 1. Вершы, пераклады 1904-1907. Мн., Маст. літ., 1995. -462 c. [4] л. іл.
Крыніца: скан