Свяціла сонца, птушкі пелі,
Была вясна ўжо дзве нядзелі,—
Гняздо клаў бусел-клекатун;
Лясы ўжо пукацца хацелі,
І песні весела шумелі;
Шукаў ахвяр сваіх каршун.
Але збірацца сталі хмары,
Крукі паселі на папары,
Запеў аполудні пявун;
І сівер з поўначы павеяў,
Снягамі ўсю зямлю абсеяў;
Азябшых птушак б’е каршун.
І будзе так са дзве нядзелі:
Заціхне птушчына капэля,
Замоўкне бусел-клекатун,—
Ажно устане зноў з пасцелі
Цяпло — і свет сабой засцеле,—
Загіне з выстралу каршун.
[1905-1907]