epub
 
падключыць
слоўнікі

Янка Купала

З песень аб вясне

І зелень, і кветкі, і песні,

І неба вясёлая яснасць...

Ні цьмы той, ні снегавай плесні,—

Дзе глянеш — адна, братка, шчаснасць!

 

Свет цэлы зіяе каберцам,

Шум нейкі ад пушчаў нясецца,

З грудзей як не выскача сэрца,

Душа кудысь рвецца... ўсё рвецца...

 

Прачнуліся нівы і хаты:

Ўся ў полі людская сямейка,

За сошкай шнуруе араты,

Ля статка іграе жалейка;

 

З сяўнёю сявец пахаджае,

На скібіны валіцца зерне;

Знаць, сіла ў сяўца немалая...

Захоча — і свет пераверне!

 

Гэй, гэй, хлебаробе мазольны,

Пан сошкі, і коскі, і поля!

Кінь выгляд слязлівы, нявольны;

У тваіх руках слава і доля!

 

1909


1909

Тэкст падаецца паводле выдання: Поўны збор твораў. У 9 т. - Т. 2. Вершы, пераклады 1908-1910. - Мн.: Маст. літ., 1996. -342 с. [4] л. іл.
Крыніца: скан