epub
 
падключыць
слоўнікі

Янка Купала

З песень беззямельнага

1
2
3
4
5
6
7
8


1

Ніваў загоны,

Лес, сенажатка,

Садзік зялёны

І гэта хатка —

Не нашы, братка...

 

Сёлета гэта

Выарам гладка,

Далей на лета

Чуць-чуць з апраткай

Цягнемся, братка.

 

Потам абліта

Ніва і градка,

Наша рунь жыта

Дый сенажатка —

Панскія, братка.

 

А хоць нам трэба,

Так, неспагадка,

Мець кусок хлеба,—

Вер, будзе святка

І ў нас, мой братка!

 

Пройдзе, як вейка,

Крыўда і звадка,

Будзе зямелька,

Будзе і хатка

— Ў магілцы, братка!..

 

 

2

Як спыніўся я за хатай,

Як пайшоў,—

Ні прыстанішча, ні свята

Не знайшоў.

 

Свецяць зоры дабрадзейна,

Зіхацяць,—

Маёй толькі беззямельнай

Не відаць.

 

Я з рукамі позна, рана

К сім і тым:

І к сваёму, і да пана,—

Служу ўсім;

 

І ару, і бараную,

Засяю,

На ўрадлівасць жа гляджу я

Не сваю!

 

Пастыр стадка ў поле гоніць

І пяе:

Дзе ж кароўкі, валы, коні,

Дзе мае?

 

Ці на небе хмары тыя,

Ці ў вадзе?

І сюды я, і туды я —

Ой, нідзе!

 

За кусок той хлеба чорны

Ты аддай

Сілу, думкі,— будзь пакорны

І чакай!..

 

Нямой рыбай аб лёд біся

Век-вяком

І ў магілку паваліся

Бедаком.

 

Вецер енчыць, свішча ў полі,

Вольна дзьме,

Кляне, моліцца ў нядолі

За мяне.

 

Ходзяць хмары чарадою

Над зямлёй,

Плачуць, плачуць нада мною

Сіратой...

 

 

3

Што за шчасце, што за доля,

Мой Божа!

Ані хаткі, ані поля,

Ні збожжа!..

 

Па чужых кутах бадзяцца

Век трэба,

І гавець, і адгаўляцца

Без хлеба.

 

Гінуць сілы над чужою

Работай.

Заліваешся слязою

З ахвотай.

 

Ці тут п’яўкі, ці тут людзі —

Хто зведаў? —

Адно ўнуку сохнуць грудзі,

Як дзеду.

 

Жывеш, мучышся без толку,

Без волі,

Хоць жывы лезь у дамоўку

З нядолі.

 

Пайду к пушчы загукаю

Да зоркаў,

Як мне ў бедным родным краю

Жыць горка...

 

Што за шчасце, што за доля,

Мой Божа!

Ані хаткі, ані поля,

Ні збожжа...

 

4

Растапілісь гурбы,

Зачарнелі скібы,—

Гайда, беззямельнік!

Пашукай сялібы!

 

Шмат зямлі на свеце,

Шмат на свеце хатак,—

Толькі беззямельных

Мінуў гэты датак...

 

Скідае куточак,

Азярняціць поле,—

Бач, пагналі далей,

Гоняць без патолі!

 

Пхнецца беззямельнік,

Стогне, уздыхае,—

Падпякае сонца,

Дожджык палівае.

 

Вецярок калыша,

Як галінку тую,

Песеньку заводзіць,

Як жыццё, старую...

 

Не ўздыхай, мой родны!

Знойдзеш,— прыйдзе свята:

Слаўным, роўным станеш

З бедным і багатым!

 

З чатырох дылёвак

Будзеш мець мясціну,

На век вечны поля

Роўна тры аршыны.

 

Ляжаш там, заляжаш,

Бедачок сярмяжны,

У дзянькі і ночкі

Ціха і паважна...

 

А цяпер, сягоння,

Па лясах, па скібах,

Гайда, беззямельнік,

Пашукай сялібы!

 

 

5

Паляці ты лесам, полем,

Голас неразвейны,

Аб той долі ці нядолі,

Долі беззямельнай.

 

Ці ж не пан я, не вяльможны?

Бойцеся вы Бога!

Нават злодзей, на ўсё сквапны,

Не ўкрадзе нічога.

 

Маё поле, мае гоні —

Воблакі сівыя,

Маё стадка, мае коні —

Хмары вараныя.

 

Маё поле арэ вецер

І пасе скаціну,

Што бушуе падчас лішне

Ў летнюю часіну.

 

Мой палац, хто ведаць хоча,—

Неба прастор гэты,

Што ўдзень сонцам, зормі ночай

Свеціцца адзеты.

 

Ніхто не пераарэ мне

Мяжы ў маім полі,

Там падаткаў не плачу я

Нікому, ніколі.

 

Як узойдзе маё поле,

Высокая ніва,

Туды мчацца мае думкі

Па сваё па жніва.

 

Мчацца думкі, звіняць песні

Вольна, неразвейна

Аб той долі ці нядолі,

Долі беззямельнай.

 

 

6

Ой, скажы ты, беззямельнік,

Вашэці,

Скуль ты ўзяўся, бедачына,

На свеце?

 

Ці скрасілі цябе лёды,

Марозы?

Ці вылілі цябе воды

Са слёзаў?

 

Дзе ўзрастаў ты, беззямельны,

Хаваўся?

Пад якой страхой, мазольнік,

Бадзяўся?

 

Ці пад плотам-частаколам

Багатых,

Ці на прызбе родных сёлаў,

Пад хатай?

 

Хто атуліваў малога

Ў пялёнкі?

Хто пеў песні пры калысцы

Ў пацёмкі?

 

Ці то вецер, што без толку

Галосіць

І з бядачых хат саломку

Разносіць?

 

Чым ты хрышчан, які меў ты

Адзетак?

Чым кармілі цябе людзі

Шмат летак?

 

Ці то потам, знемажэннем

Нязменным,

Ці то крыўдай, паніжэннем

Штодзенным?

 

Хто вучыў цябе, малога

Дзіцяцю,

Як шукаць на свеце долі,

Багацця?

 

Ці паводкі, што свет рыюць

Вясною,

Ці мяцеліцы, што выюць

Зімою?

 

Ой, чаго ты спадзяваўся

Ад свету,

Як з’явіўся на зямельку

На гэту?

 

Ці карчомкі таёй п’янай,

Гуляшчай,

Ці цямнічкі акаванай,

Лядашчай?

 

А як смерць на цябе, мілы,

Надойдзе,

Дзе магілка твая будзе,

Крыж твой дзе?

 

Ці ў чужым далёкім краі,

Ў няволі,

Ці пад родным лесам, гаем,

У полі?

 

Ну, дакуль жа ты ўсё будзеш

Марнеці

Без прыпынку, без пацехі

На свеце?

 

З дня на дзень бядак чакае

Ўсё сонца,—

Раса вочы выядае

Бясконца.

 

 

7

Ох, як гляну, гляну я

На жыццё паганае,

Ціснуць думы знаныя,

Жалем выліваныя.

 

У цябе, саколіка,

Ані свайго полейка,

Ані свайго воліка,

Ані свайго століка.

 

Ходзіш ты вячорамі

З ціхаю пакораю,

Бачаць неба з зорамі,

Полейка з разорамі.

 

І клянеш напэўнае

Гора неразвейнае,

Долю пустасейную,

Долю беззямельную.

 

Толькі думы думныя

Чуюць хмары буйныя,

Хвойкі, елкі шумныя

Дый не людзі чуйныя.

 

Вось, як гляну, гляну я

На жыццё паганае,

Бачу ўсё мне знанае,

Слязьмі паліванае.

 

 

8

Дзе мой дом, дзе ты, хата мая,

Дзе загон хлебадайнай зямлі?

Сам — з бядой, ні жыцця, ні пуцця!

Знай, гаруй ды магілку хвалі.

 

Дзень і ноч нада мной, сіратой,

Стогне, сцелецца стада хмурын,

Дзень і ноч то слязой, то крывёй

Сцежку росіш адзін, сам адзін!

 

З году ў год злыдні з кута ў куток

Пруць у свет, свету знаць не даюць;

Як вятрышчы сарваны лісток,

Падхапілі, нясуць і нясуць.

 

Знай, нясуць, вось скруцілі, згнялі,

А ўсё пруць, усё ў свет, на той свет;

Вось і звон, шмат званоў... Загулі...

Бач, труна, пры труне адзін дзед.

 

Жыў, не жыў, шчасця знаў, не зазнаў,

Палажылі ў дамоўку — ляжы!

Дайце ж камень на грудзь, каб не ўстаў

Беззямельнік, гаротнік сляпы!..

 

[1907-1909]


[1907-1909]

Тэкст падаецца паводле выдання: Поўны збор твораў. У 9 т. - Т. 3. Вершы, пераклады 1911-1914. - Мн.: Маст. літ., 1997. -342 с. [4] л. іл.
Крыніца: скан