Шумныя бярозы
Пабяліў мароз.
Хацеў бы я плакаць,
Дый не маю слёз.
Хацеў бы я пеці
Аб сваёй бядзе,
Дый мне сэрца ные,
Песенька не йдзе.
Хацеў бы, каб зімаў
Срогіх не было,
Каб зарэла цягам
Летняе цяпло.
Хацеў бы, каб доля
У хатцы жыла,
Каб з бурлівай рэчкай
Нядоля сплыла.
Хацеў бы, каб воля
Гуляла са мной,
Каб сонейка грэла,
Як грэе вясной.
Але, Божа мілы!
Долі не відаць,—
Кайданы няволі
На руках звіняць.
Няма вясны, сонца,
Светлых дзён няма,
Марозам марозіць
Срогая зіма;
Марозам марозіць,
Снегам адзяе,
На работу гоніць,
Есці не дае.
Эх, пайду я ў поле
Долечкі шукаць
З востраю касою,
Як на сенажаць!
Ой, пайду я ў поле,
Як бы на вайну,
Шукаючы волю,
Шаблячкай махну!
Ой, пайду я ў цэркаў,
Свечачку куплю,—
Можа, згіне гора,
Якое цярплю.
Можа, ўзойдзе доля
Ясненькай зарой,
Можа, блісне сонцам
Воля нада мной!
[1905-1907]