epub
 
падключыць
слоўнікі

Янка Купала

З песень жыцця

Нарадзіўся на долю-нядолю

Чалавек на багатым на свеце,

Ад пялёнак на волю-няволю,

Ад пялёнак без часу змарнеці.

 

Рос. Хадзіці наўчыла матуля,

У лазовыя лапці абула,

Апранула на скокі, на гулі,

Аж старая паціху ўсхліпнула.

 

І дала, ой, дала на дарогу

Крыжык, матчынай зліты слязінай,

Бацька бацькаўску даў прасцярогу;

Выпраўлялі так з хаты дзяціну.

 

І пайшоў ён, пайшоў шляхам знаным,

І пайшлі за ім спёкі, марозы,

І зажыў ён, зажыў князем-панам,

Не то жыў, не то п’ян, не цвярозы.

 

Думкі родныя следам хадзілі,

Коні, волікі ўчылі пакоры,

Петухі на работу будзілі,

Сон наводзілі ціхія зоры.

 

Як устане, як пойдзе, бывала,

Пот-расіца і вымые чыста,

Слёз нап’ецца сваіх да адвалу,

Кроў свая ахарошыць квяціста.

 

Цягам так, пад апекай, пад шчырай,

Ні дзе даць, ні ступіць яму шагу,

З кута ў кут, з году ў год, як на вырай,

Пятлёй волен прагнаць голад-смагу.

 

Ой, жывецца на свеце, жывецца

Чалавеку так слаўна, так лоўка,

Аж і спіна штось гнецца, здаецца.

Затраслася, ссівела галоўка.

 

Годзе! годзе! Не ўсё, знаць, асіліў;

Зачыні ўжо сухія павекі!..

І злажылі няздару, злажылі

У дамавіне, ў магіле навекі.

 

І насыпалі насып жвіровы,

Крыж паставілі новы, яловы.

Гэй, ляжы з сваёй доляй-нядоляй!

Гэй, ляжы з сваёй воляй-няволяй!

 

[1906-1909]


[1906-1909]

Тэкст падаецца паводле выдання: Поўны збор твораў. У 9 т. - Т. 2. Вершы, пераклады 1908-1910. - Мн.: Маст. літ., 1996. -342 с. [4] л. іл.
Крыніца: скан