epub
 
падключыць
слоўнікі

Янка Купала

З угодкавых настрояў

І
2
3
4
5
6


 

І

Як пабег тады той

Вокліч ды па хатах:

«Гэй, на сход сыходзься!

Дзень ідзе расплаты.

 

Выпала часіна

Падвясці злічэнне

Крыўды векавечнай,

Вечнага цярпення.

 

Помстай за знявагу

Ды за катаванне

Дзякаваць удзячна

З вечара да рання.

 

Кузні і палеткі

Чысціць днём і ночай

Ад крыві мужыцкай,

Ад крыві рабочай.

 

Хай дымяць пажары

Тут і там крывава,

Каб было скрозь відна,

Як ідзе расправа».

….......................................

І ўздрыгнуў сатрапа,

Задрыжэў багаты,

Як пабег тады той

Вокліч ды па хатах.

 

2

«Ад тайгі да брытанскіх марэй»

Ходзяць ходам бунты;

Ад магнацкіх, ад панскіх дзвярэй

Затрашчэлі шпунты.

 

Уцякай, хто пад пухам апух,

Падкасаўшы полы!

Бо ўзбудзіўся збунтараны дух,

Бо йдзе босы, голы.

 

Як увысі у вырай плылі,

Гагаталі гусі,

А унізе гнуўся лес да зямлі,

Нібы старац, гнуўся.

 

Дзе сякуць, там лятуць шчэпкі проч,

Соладка ці горка;

Дзе прапала кароўка за ноч,—

Прападай вяроўка.

 

Ірзуць коні, калёсы скрыпяць

Ад Дону да Бугу.

Калі гнаць, то ўжо гнаць аж у гаць,

Распінай папругу.

 

Не прыставіш да сценкі, цябе

Аж да двух прыставяць,

І ніхто ні ў мальбе, ні ў кляцьбе

Ад пятлі не збавіць.

 

Гэй, каваль, дзьмі ў мяхі, а сталь грэй

Да самага грунту!

«Ад тайгі да брытанскіх марэй»

Ходзяць ходам бунты.

 

3

Не елася, не спалася,

Куды там падвяселіцца,

Як гэта раскілзалася

Чырвоная мяцеліца.

 

Ідзе моц непакорная,

А следам — кпіны, гоманы,

Як тыя дымы чорныя

Над пушчаю паломанай.

 

Шушукалі, хіхікалі

Падсуседзі дасужыя,

Назад вярнуцца клікалі —

З натугі, бач, нядужае.

 

«Куды вам лезці з віламі? —

Так пальцам з боку тыцкалі,—

Як выйдуць проць з крапіламі

Ды з кулямі англіцкімі.

 

Не справіць вам уходзінаў

На новае паселішча,

А сцежка, вамі пройдзена,

Абернецца ў папелішча.

 

Супроць сусветных правілаў

Не вам ісці з паходняю...»—

Так сыкала, так правіла

Падсуседства прыгоднае.

 

4

Уцякала за ночкаю ночка

За горы,

Паласкаліся ў росах чырвоных

Разоры.

 

Запалялася сонца аб сонца

Агніста,

Пасыпаліся косці пасыпкай

Вячыстай.

 

Рассыпаліся прыскам палацы

І вежы,

Гудам водгулле-рэха ляцела

За межы.

 

А з-за межаў — чужынцы, як злыдні,

На пашу,

Каб суняць вызваленне і помсту

Паўстаўшых.

 

Тры-чатыры так восені шчэзлі

Руінай,

Як змаганне ішло пераможна,

Няспынна.

 

Уцякала за ночкаю ночка

За горы,

Паласкаліся ў росах чырвоных

Разоры.

 

5

Зацымбалілі цымбалы,

Забубнелі бубны,

Як вярталіся з паходу,

З бойкі вельмі труднай.

 

Сустрачалі маткі, сёстры

І зблізку, і здаля,

Адны плакалі ад шчасця,

Другія ад жалю.

 

Падлічалі, вылічалі,

Шмат не далічылі...

Ой, вяліку дань аддалі

Варожае сіле!

 

Ля гасцінца, ля дарогі

Курганок віднее,

А на ім — штогод вяночак

З беленькіх лілеяў.

 

Не забылі добры людзі

Ваяка за долю,

Што злажыў сваю галоўку,

Як травінку ў полі.

 

Не забылася дзяўчына

Курганка ля шляху:

Кожны год вянок прыносіць

І кладзе без жаху.

 

Зацымбалілі цымбалы,

Забубнелі бубны,

Як вярталіся з паходу,

З бойкі вельмі труднай.

 

6

На дзесятыя угодкі,

Хоць ноч доўга, дзень кароткі,

Разважае ўвесь народ,

Які выйшаў умалот.

 

Дзе якое было жніва,

Ці ўр адліва, ці шчасліва:

Суды судзяць так і сяк,

Хто прасцей, хто накасяк.

 

*

На дзесятыя угодкі,

Паламаўшы загародкі,

Меншы, большы гаспадар

З перамогі цягне дар.

 

Той — сноп жыта, той — аўчыну,

Той — шасцерню на машыну,

А кум — куму, свату — сват:

Хай жыве ўжо новы лад!

 

*

На дзесятыя угодкі

Варма вараць мёд салодкі,

А па мёдзе — рукі ў бок

Ды у скокі крок у крок!

 

Скача горад, скача вёска,

Адно іскры з-пад падноскаў...

Скачы, ўнуча, скачы, дзед,

Ад пабедаў да пабед!

 

1927

 


29.10.1927

Тэкст падаецца паводле выдання: Купала Я. Поўны збор твораў: У 9 т. - Т. 6. Паэмы, пераклады. - Мн.: Маст. літ., 1999. -430 с. [4] л. іл.
Крыніца: скан