Як сышла святая
Вясёласць вясны,—
Цэлы свет скідае
Зімавыя сны.
Сэрца шчасцем б’ецца,
Кроў кіпіць агнём,
Песня раздаецца:
Болей не заснём!
Песня ўвысь імчыцца,
Як званоў біццё;
Кожны весяліцца,
Блаславіць жыццё.
Гаманяць народы,
Як тэй пушчы шум.
Колькі тэй свабоды!
Колькі светлых дум!
Згінуў сон нягодны,
Дзе ні паглядзіш...
Чаму ж ты, край родны,
Як забіты спіш?
1913