epub
 
падключыць
слоўнікі

Янка Купала

"З зорак усходніх, заходніх, з бліскучай..."

* * *

З зорак усходніх, заходніх, з бліскучай

маланкі выткаў бы шаты,

З сонца і кветак-пралесак карону-

вяночак звіў бы табе я.

 

З пальмаў, з цыпрысаў святліцу ў цвітучай,

цяністай строіў бы кнеі;

Воблачак зняў бы на трон з небасклону,

з-пад сонца пышны, багаты.

 

Шоў бы ў палац панаваць з каралеўнай,

царэўнай яснай тады я,—

Славіць, шчаслівіць сваю маладую,

святую песняй няпетай.

 

Сэрцавы струны звінелі б нязвеўна,

павеўна гімны жывыя;

Казку тварыў бы з табой залатую —

такую, як думка гэта.

 

[1906-1912]


[1906-1912]

Тэкст падаецца паводле выдання: Поўны збор твораў. У 9 т. - Т. 3. Вершы, пераклады 1911-1914. - Мн.: Маст. літ., 1997. -342 с. [4] л. іл.
Крыніца: скан