epub
 
падключыць
слоўнікі

Янка Купала

За чужую елку

І
ІІ
ІІІ
IV
V
VI
VII


І

Было гэта, было гэта...

Ну, было — і квіта!

Жыў у вёсцы ў сваёй хаце

Мужычок Мікіта.

 

Меў ён жонку Міхалінку,

Меў дзяцей з сямёра,

Меў кароўку, меў кабылку

І тачок з падпорай.

 

Сэрца меў ён залатое,

Быў з пакоры знаны,

Не без грэху, каб і ў чарку

Часам не заглянуў.

 

Вёў вайну ён век з бядою;

Мацавала гора;

Лыкне чарку, лёгка стане,

Па калені мора!

 

Жонка часам пачне лаяць,—

Сойдзе бабе з вока.

Адным словам, жыў Мікіта

Лёгка і нялёгка.

 

 

ІІ

Проста, накас, скокам-бокам

Жылося, вялося,

Але, як кажуць, да часу

Жбан вадзіцу носе.

 

Над зямлёй засела восень,

Холадна, плаксіва;

Ліпа лісце паскідала;

Звяла ўроду ніва.

 

Хмары неба абляпілі,—

Каб зірнула сонца! —

Золь, слата, што не дай Божа!

Б’ецца у аконца.

 

І старэйшым, і малейшым

Стужа дакучае,

А ў Мікіты — каб паленца,—

Што рабіць? — не знае.

 

Думаў доўга. Што тут думаць?

Лес не за гарою...

За сякеру—ды ў бор панскі

Сыпе пехатою.

 

ІІІ

Ой, багата лесам-пушчай

Нашая старонка:

У само неба так і лезе

Сосна за сасонкай.

 

Дубы, вязы, елкі, хвойкі

Хто змера, хто зліча?

А як шумам загамоняць,

Так к чамусь і клічуць.

 

К адной елцы і Мікіта

Падышоў з уцехай

І давай матаць сякерай,

Толькі стогне рэха.

 

Сячэ смела і не дбае,

Што прыйшоў к чужому;

Знаў, што ў лесе хто не злодзей,

Не гаспадар дома.

 

З гукам рухнула дравіна,

Ажно бор затросся.

Стаў Мікіта сабірацца

Дамоў па калёсы.

 

 

IV

Каля лесу на пляцоўцы,

Між кустоў калматых,

Падкасіўшыся стаяла

Леснікова хата.

 

Жыў ляснік у гэтай хаце

Грышка Валівода,

Чалавек не самавіты,

Хоць і мужык родам.

 

Усім вёскам па суседству

Добра ў знакі даўся:

Праз яго там і ў астрозе

Не адзін збадзяўся.

 

Зубы на яго тачыла

Бедакоў нямала,—

Лесніковая дасціпнасць

Косткай усім стала.

 

І цяпер вось, як на ліха,

Падслухаў Мікіту:

За стральбіну і так вале

З мінаю сярдзітай.

 

 

V

«Ты што робіш гэта, злодзей,

Начною парою?» —

Наш Мікіта неўспадзеўкі

Чуе над сабою.

 

«Што раблю я?.. Сяку дрэва!»

Кажа ён пакорна,

Таго як бы і не кеме,

Што у пушчы дворнай.

 

«А хто ж, гад, табе пазволіў

Панскі лес пустошыць?

За такую, шэльма, штуку

Мала і ўкакошыць.

 

Давай, чорт, сваю сякеру,

А то кепска будзе!» —

Ляснік лезе да Мікіты

І бярэ за грудзі.

 

Штось Мікіта зноў адцяўся,

Зноў ляснік не змоўчыў,

І давай абое драцца,

Поўны злосці воўчай.

 

 

VI

Хмурна неба; дожджу каплі,

Як слёзы, ліюцца,

А Мікіта з Валіводам

Не кідаюць, б’юцца.

 

Раптам выстрал пакаціўся,

Як сказаці слова,

Далей ціха... адна пушча

Гамоне нанова.

 

Шуміць пушча, шуміць важна

На усе староны,

Быццам хоча заглушыці

Ўсе няшчасных стоны;

 

Быццам хоча сказаць свету

Дзерава лясное,

Як ідзе несправядліва

Ў нас жыццё людское;

 

Як на чорнай на зямліцы

Грэху не ўбывае...

Ох ты, пушча! Праўду баеш,

Пушча нежывая.

 

 

VII

Ніхто ўжо Мікіту болей

На сяле не бачыў,

Дарма сем сіротак кліча,

Дарма ўдоўка плача.

 

Спіць гаротнік сном вячыстым,

Крыж уеўся ў грудзі.

Спі! К людзям ты ўжо не прыйдзеш

К табе пойдуць людзі.

 

З часам праўда наверх выйшла,

Што рэдка між намі,

І сягоння Валівода

Звоніць ланцугамі.

 

Аб тым месцы ходзяць байкі,

Дзе Мікіта згінуў;

Страшна ездзіць і праходзіць

Начною часінай.

...............................

Так прапала людзей двое

Праз дабро чужое;

І спытайся ж, Божа мілы,

За што за якое?

 

1909


1909

Тэкст падаецца паводле выдання: Поўны збор твораў. У 9 т. - Т. 2. Вершы, пераклады 1908-1910. - Мн.: Маст. літ., 1996. -342 с. [4] л. іл.
Крыніца: скан