epub
 
падключыць
слоўнікі

Янка Купала

"За пасвяшчэнне, вершык харошы..."

Песняру Альберту Паў<лові>чу

* * *

 

 

За пасвяшчэнне, вершык харошы

Ўсім сэрцам, пане, дзякую Вам,—

Не маю скарбаў, не маю грошы,

Што ж я Вам, бедны з бяднейшых, дам?

 

Дам я Вам слоўца, братняе слоўца,

Шчырае слоўца,— не знаю другіх,—

Сейце па роднай, беднай старонцы

Праўду і ў думках, і ў песнях сваіх.

 

Чым сяўцоў болей — пасеюць болей,

Болей узойдзе, болей пажнуць,

Чым пяўцоў болей долі-нядолі —

Болей прасвету ў душу ўнясуць.

 

Край наш убогі, люд наш убогі,

А цёмны, проста трудна сказаць!

К шчасцю закрыты яму ўсе дарогі,

Трэба якую радачку даць...

 

Гэй, песняру мой, браце мой родны,

Сэрца для гэтага дай, не жалей...

Біся, не дайся крыўдзе нягоднай,

Пей нам аб шчасці, голасна пей!

 

[1908]


[1908]

Тэкст падаецца паводле выдання: Поўны збор твораў. У 9 т. - Т. 2. Вершы, пераклады 1908-1910. - Мн.: Маст. літ., 1996. -342 с. [4] л. іл.
Крыніца: скан