epub
 
падключыць
слоўнікі

Янка Купала

За што ("Ой, мае вы песні...")

І
ІІ
III
IV
V


 

І

Ой, мае вы песні,

Песні-весялушкі!

Будзьце мне слухмяны

Вы, мае пяюшкі.

 

Ці я сам у полі,

Ці я дзе з людзямі:

Цяжка мне, нялёгка,

Калі я не з вамі.

 

Мусіць, я памёр бы,

Каб мне вас не стала;

Мусіць, паваліўся б,

Як бярно-павала.

 

Дык жа будзем жыці

Разам днём ці ночай,

Пакуль сэрца б’ецца,

Пакуль плачуць вочы!

 

Гаварыце, думкі,

Пакуль сонца ходзе,

Аб маёй старонцы,

Аб маім народзе.

 

Хай нясецца жальба

Там, гэй, на прыволле

Аб той нашай крыўдзе,

Аб той горкай долі!

 

Можа, хто пачуе

Розгалас прастачы,

Ўстане і прагляне,

Ўсю няпраўду ўбача.

 

 

ІІ

У адным куточку

Беларусі нашай

Пры узгорку лесу,

Пры лагчынцы пашы,

 

Між кустоў, спрадлетаў

На пустым дзірване,

Пасяліўся Юрка,

Дзягель па празванню.

 

Туга йдзе спачатку

На такім загоне:

Ані тых будынкаў,

Ні ўзараных гоняў.

 

І наш Дзягель часта

Са сваёй сям’ёю

Зліўся, як за грошы,

Потам ды слязою.

 

Год за годам сходзіць.

Бачаць гаспадары:

Юрка арэ, сее,

Цярэбіць гушчары;

 

Чынш двару заплаціць

Талакой, грашыма

жыве так, як бы

Ў Бога за плячыма.

 

Зацвілі загоны

Усялякім збожжам;

Як палацам, хатай

Пахваліцца можа.

 

Эй, бо што мужыцка

Праца не падоле?

Дзірваны ў сад зменіць,

А горы — на поле!

 

III

Сорак год так Дзягель

Жыў не ў кепскім стане,

Пакуль пан стары жыў

І старая пані.

 

Але, як той кажа,

Ўсё у нас не вечна:

Годзе Юрку жыці

З хлебам ды бяспечна!

 

Новы пан прыехаў

І змяніў парадкі:

Прыказалі Юрку

Выбірацца з хаткі.

 

А ці ж лёгка гэта?

Дый хто з вас не знае,

Як наш брат к зямельцы

Быццам прырастае.

 

З дзеда і на ўнука

Гэта пераходзіць,

Хаця тое поле

Родзіць ці не родзіць.

 

Бедны Юрка, бедны!

Звяў, як бы націна.

Шкода столькі працы,

Страшна цяганіна!

 

І пайшоў ён рады

Па судах шукаці;

І прапаў спакой з ёй,

Прапала багацце.

 

IV

Год, другі праходзіць,

Суд ідзе па судзе;

Юрка ўсё бяднее,

Багацеюць людзі.

 

Дзе той спрыт падзеўся,

Дзе тое здароўе?

Ў хаце непарадкі,

Проста безгалоўе.

 

Тут жа суд апошні

І пастанаўленне:

Заплаціць расходы —

І на высяленне!

 

А было ўжо лета

На зямлі шырокай;

Сёмуха мінула,

Пётра недалёка;

 

Дабрыцо красуе,

Траўка зелянее.

Юрка кіне вокам —

Так і абамлее:

 

Уся яго работа

Каля маткі-нівы

Пойдзе, як у процьму,

Марна, нешчасліва.

 

Дарма ён і к пану,

І к усякім членам —

Б’е паклон нізенькі

І гэтым, і гэным.

 

Станавы прыехаў

Выкідаць астаткі

З яго роднай ніўкі,

З яго роднай хаткі...

 

V

Спета Юркі песня,

Ўсё пайшло па свеце.

Жонка у пясочку,

Людзям служаць дзеці.

 

Сам ужо да працы

Стар і слабаваты,

З торбамі папхнуўся

Ад хаты да хаты.

 

Пусткаю зірнула

У яго прыселлі:

Ні плужок, ні збожжа

Вока не вяселяць.

 

Зноў зрастаюць гоні

Лазіною дзікай,

Зайцаў там ды соваў

Толькі чутны клікі.

 

Так звярцелась прахам

Доля чалавека,

Так усё ідзе ў нас

Ад века да века.

 

Можа, хто не верыць

Гэтай песні слёзаў?

Дык паслухай толькі

Гоману бярозаў;

 

Што крыжы гавораць

Пры пуціне кажнай,

Ды званы на вежы,

Што гудзяць так важна;

 

А яны раскажуць

Аб маёй старонцы,

На якую глянуць

Страшна нават сонцу...

 

1908

 


31.12.1908

Тэкст падаецца паводле выдання: Купала Я. Поўны збор твораў: У 9 т. - Т. 6. Паэмы, пераклады. - Мн.: Маст. літ., 1999. -430 с. [4] л. іл.
Крыніца: скан