epub
 
падключыць
слоўнікі

Янка Купала

«Забраны край»

Я ведаю, знаю старонку такую,

Спавітую ў вечны туман,

Пад цёмнымі зорамі днюе, начуе,

Ляжыць на кургане курган.

Хоць сохі, хоць косы гуляюць там ройна,—

Не поймеш, адкуль узялісь;

Людзей запытаеш,— адкажуць спакойна:

«Забраны край» гэты калісь.

 

Сыны зямлі роднай чужыя палеткі

Ў чужую карысць засяюць,

На родных папарах галодныя дзеткі

Чужую жывёлу пасуць...

Кладуцца заломы... Дабро змей валоча...

Цянюе ля хат ваўкалак...

Нячысцікі, ведзьмы рэй водзяць па ночы,

«Забраны край» тузаюць так.

 

Сляпы знемагаецца бацька ў цямніцы;

На стражы пастаўлен сынок;

У поўных калісьці ад шчасця святліцах

Чужак зневажае дачок.

Дзяцей сваіх маткі кідаюць у здзеку,

За «мамак» к наездцам ідуць,

А тыя за іх малако, за апеку

«Забраны край» болей гнятуць.

 

Мальбішчам чужым б’е пакора паклоны;

Упадку вялічыцца сцяг;

З балотам змяшаны старыя законы,

Наладжан нявольнічы шлях.

Купляюць, збываюць, гандлююць чужынцы

Народным дабром, як сваім...

Заплача ў пагоду канюх па расінцы,—

«Забраны край» жаліцца з ім.

 

Наведзены струны у скрыпках па-свойску

Чужая зрывае рука;

Жалейка азвецца з вясны пад бярозкай,—

Не ўцешыць яна бедака.

Так камень не ляжа, як змора падання

Лягла ад мяжы да мяжы

З надзеяй, што нават і думку змагання

«Забраны край» вырве з душы.

 

Жыццё год без ліку на шнурык свой ніжа,

Без ліку няволя есць сіл...

Аж прадзедаў косці не ўлежаць пад крыжам,—

Штоночы выходзяць з магіл.

Выходзяць, ідуць ад парогу к парогу,

На стогн жывых грозна глядзяць.

І з ветрамі, з бурамі б’юць на трывогу:

«Забраны край» клічуць устаць.

[1912]


[1912]

Тэкст падаецца паводле выдання: Поўны збор твораў. У 9 т. - Т. 3. Вершы, пераклады 1911-1914. - Мн.: Маст. літ., 1997. -342 с. [4] л. іл.
Крыніца: скан