epub
 
падключыць
слоўнікі

Янка Купала

Забытая карчма

Павыбіты вокны, сарвана страха,

Паўлазілі ў гліну вуглы,

Абдымлены комін тырчыць, як вяха,

Як здань, вызірае з імглы.

 

Стаіць, як абскубаны зверам шкілет,

Забытая светам карчма,

Начніцы пяюць ёй магільны прывет,

Галубіць пракляццямі цьма.

 

Разбітая напал калісь перуном,

Асіна ўздыхае над ёй,

Калыша, матае кастыльным галлём,

Шыпіць, уздыхае змяёй.

 

Як вісельнік, звісла галіна адна,

Бы цэпам, калоціць камель,

І сведчыць, што некалі, вельмі здаўна,

На гэтай галіне...

Як шмель,

 

Шумела, гудзела карчма усю ноч,

Музыка рваў струны і смык;

Бяда і нуда адыходзілі проч,—

Рашаў гаспадарку мужык.

 

Вось поўнач... Звон чарак... Смех, крыкі, кляцьба.

Не сцяміш, дзе свой, дзе чужы...

Гахх!.. цвякнуў тапор... Міг, знямела гульба...

Ляжыць труп, як крыж на мяжы...

 

— Мярцвяк!! — загудзеў разбуялы народ

І рынуў з святліцы пад тын...

— Дзе ўбіўца?.. На горкай асіне, бы кнот,

Хістаўся нябожчыкаў сын...

 

Мінула гулянка... Замёрла жыццё...

Канае карчма у журбе;

Навокала блудзіць зданнё, страхаццё,

Па шчылінах вецер скрабе.

 

І толькі у поўнач адзін раз у год

Карчма ажывае на міг:

Музыка іграе, гамоніць народ,

Кружыць за кяліхам кяліх.

 

І ў саму гульню, наганяючы жах,

З’яўляюцца госці туды:

Стары — з тапаром у кастлявых грудзях,

На шыі з пятлёй — малады...

 

1918


1918

Тэкст падаецца паводле выдання: Янка Купала. Поўны збор твораў. У 9 т. - Т.4. Вершы, пераклады 1915 -1929. - Мн.: Маст. літ., 1997. - 446 с., [4] л. іл.
Крыніца: скан