epub
 
падключыць
слоўнікі

Янка Купала

Забытая скрыпка

І
II
ІІІ
IV
V
VI


І

Доўга пад трамай ляжала

Сцішна ў вясковым жыцці,

Доўга ляжала, чакала

Скрыпка адна ў забыцці.

Колькі йшло лет за лятамі,

Колькі йшло, сходзіла сіл! —

Скрыпка драмала. Пластамі

Клаўся і рос на ёй пыл.

Потам залітыя вочы

Гэткі не мог слязіць глум,

Пальцу мазольнаму ўночы

Страшна крануць было струн.

Доўга чакае і смягне,

Покі хто з сэрцам такі

Скрыпчыны струны нацягне,

Гэткай чакае рукі!..

 

 

II

Шоў вёскай той падарожны,

Чэзла дзе струнніца так,

Шоў і ў хаціну трывожна

Смеліцца стукнуць бядак.

Зважна дамок адчыніўся,

Просіць гасціць гаспадар...

Скрыпка пад трамай... здзівіўся...

(Быў падарожны — пясняр.)

Цягне скрыпулю з-пад трамы,

Пыл абмятае палой,—

Струны заенчылі самі,

Жаляцца самі сабой.

Льюцца пяснярскія словы,

З дошкай ліповай пяюць;

Звесіўшы людзі галовы,

Слухаюць, думкі снуюць.

 

ІІІ

«Доўга шукаў цябе, скрыпка,—

Гэткая песня плыве,—

Быў без вадзіцы я рыбка,

Ягадка ў буйнай траве.

Рвалася сэрца і думы,

Гэт, да нязгадных святліц,

Клікалі хвойныя шумы,

Клікалі шэпты крыніц!

Клікалі... Поўнілісь грудзі

Смуткам надзей і трывог...

Шоў між людзямі ў адлюддзі,

Што мог, і то ўжо не мог!

Вёску мінаў я за вёскай,

Плёўся праз выдмы, кусты;

Трэ было, трэ было свойскай,

Музыкі свойскай, як ты.

 

IV

Слаўся, святая здабыча!

Пан я сягоння ўсіх ніў!

Песень маіх не паліча

Той аж, хто зоры злічыў!

Птушкаю з выраю буду,

Пеці зязюлькай пачну,

Радаўніц жалямі люду

Ў вочы цікава зірну!

Громаў, маланак ахвотна

Буду і цар, і пастух,

Лягу расіцай вільготнай,

Выш’ю вясёлкавы круг!

Дзівамі кветкі купальскай

Кожную зваблю душу;

Буду няласкай і ласкай,

Богаў фальшывых скрышу!

 

 

V

Прыйдзе Узвіжанне — стану

Ў лесе парадак вясці:

Ў думкі жывіне ўсёй гляну,

Буду ўсёй пушчай трасці.

Ночкай асенняй засяду

За стол спраўляці «дзяды»;

З тым светам буду мець раду,

Ўспомню магілкі тады.

Вымкну зноў птушкай на вырай;

Свет не захоча ўжо спаць:

Будзе праводзіць ён шчыра,

Будзе ён шчыра чакаць.

Грай жа ты, скрыпка жывая,

Кожнай расходзься струной!

Хто мае сэрца? хто мае?!

Гэй жа, за мною, са мной!

 

 

VI

Я пакажу ўсе вам чары —

Чары ўсе неба, зямлі,—

Шчасця другога пажары,

Дзе б вы сагрэцца маглі.

Праўду ў лад новы настрою,

Новыя песні злажу...

Гэй жа, за мною, са мною!

К сонейку шлях пакажу!..»

Так прызывае-галосе

Скрыпка ў руках песняра.

Рэха пад неба няслося.

Днела ўжо; гасла зара.

Музыку чуюць суседзі —

Камень бы зрушыць магла!

Спеў пясняр. Глянуў, угледзеў:

Хата пустая была...

1909


1909

Тэкст падаецца паводле выдання: Поўны збор твораў. У 9 т. - Т. 2. Вершы, пераклады 1908-1910. - Мн.: Маст. літ., 1996. -342 с. [4] л. іл.
Крыніца: скан