epub
 
Падключыць
слоўнікі

Янка Купала

Жар не згас

Цяжка, горка мы жылі

З году ў год, ад веку к веку,

Столькі на сваёй зямлі

Церпім, выцерпелі здзеку!

 

Хто змагаўся, а хто спаў,

Хто ліў слёзы, хто смяяўся,

Ды з нас кожны не прапаў —

Тым, чым быў, далей застаўся.

 

Хай там віхры стрэхі рвуць,

Хай там ёрмы чэшуць злыдні,—

Нашы праўды не памруць,

Ночы царстваваць абрыдне.

 

Хоць і гоніць небарак

Кат з дамоўкай жыць сам-насам,—

Нашы маткі нам ваяк

Новых выгадуюць з часам.

 

Ў сэрцах нашых жар не згас —

Бухне ў свет калісь яскрава,

Бо наперадзе йшчэ ў нас

Барацьба, жыццё і слава!

 

1913




Беларуская Палічка: http://knihi.com