epub
 
Падключыць
слоўнікі

Янка Купала

Зашумеў лес разгуканы

. . . . . . . . . . .

Зашумеў лес разгуканы,

Нівы задрыжалі,

Задрыжалі і тыраны,

Што бяду стваралі.

 

Зашумелі, загрымелі

Магутныя песні:

«Доўга, доўга мы цярпелі,—

Доля, воля, ўскрэсні!»

 

І глядзіце, што за дзіва!

Наракаць не трэба —

Буйна ўзойдзе наша ніва,

Будзе волі, хлеба.

 

Дзе ляжалі дзірванамі

Панскія абшары,

Дзе казённыя вякамі

Пусцелі гушчары,

 

Дзе была адна пустыня —

Елкі ды бярозкі,—

Поле будзе, пушча згіне,

Стануць хаты, вёскі.

 

Загарыцца сонца смагай,

Дух люду і сіла,

Доля, воля ясным сцягам,

Зоркай ўзыйдзе мілай.

 

. . . . . . . . . . .

 

Верце песні — скора, скора

Гэты дзень настане,—

Ўжо ўздымае людаў мора

Праўды панаванне.

 

Паўставаць будуць тыраны,

Але мы не зляжам,

Крывёй збрызгаем паляны,

А свайго дакажам.

 

Наша гора, нашы слёзы,

Кроў і пот крывавы

Стануць ў спёкі і марозы

За нашыя правы.

 

З грудзей нашых панясецца

Вір песень грымучых

І ў адзін голас зліецца,

У адзін магучы.

 

«Смерць таму, хто хлеб астатні

Бедным выдзірае!

Смерць таму, хто на люд братні

Кайданы ўздзявае!»

 

2 чэрвеня 1906




Беларуская Палічка: http://knihi.com