Згінула сонца. Белыя, грозныя
Насыпы снегу ляжаць на зямлі,
Б’ецца завея аб шыбы марозныя,
Ў коміне жудка віхры загулі.
Гасне лучына у нізенькай хатцы,
К матчыным дзеці льнуць грудзям худым
Трудна са сцюжай дзікаю збратацца
Хатцы, і матцы, і дзеткам малым.
Чорная доля з чорнымі хмарамі
Жудка завіслі над гэтай раднёй;
Як груганы дзе па-над папарамі,
Носяцца ў хатачцы гора з бядой.
Там, дзе шалеюць вечна мяцеліцы,
Страшнай Сібіры дзе ўслаўся гушчар,
Дзе людзі з зверам нараўне дзеляцца,—
Бацька там, муж там — радні гаспадар.
1907