Прыйшла зіма халодная,
Нягодная зіма,—
Цярпі, зямелька родная,
Няма жыцця, няма.
Прыцьмілась сонца яснае,
Прыціх шум баравы;
На полі пустка страшная —
Ні збожжа, ні травы.
Снег белы мёртва сцелецца
Пасцеляй грабавой,
Сапе, шуміць мяцеліца,
Мяце снег, як мятлой.
Мароз, як кат бязжаласны,
Ў лёд рэчкі акаваў,
Стральбой сваёй бязрадаснай
Па сценах біць пачаў.
Стральбой сваёй праклятаю
Ў лёт слабых птушак б’е,
Пры хаце і за хатаю
Спакою не дае.
Хаваюцца ў будоўліны
Жывёла і народ,—
У снег зямлі абноўленай
Не міл для іх паглёд.
Ваўкі па сцежках шляюцца
І ночкаю, і днём
І жудка разлягаюцца
Магільніцкім выццём.
О, гора падарожнаму
Іх стада напаткаць!
Не жыць неасцярожнаму,
Радні не аглядаць.
І вырвуць вочы ясныя,
І выхлебаюць кроў,
І пойдуць далей, страшныя,
Шукаць ахвяр ізноў.
Ой, жудасна-халодная
Ўзгулялася зіма,
Цярпі, зямелька родная,
Няма жыцця, няма.
Цярпі, старонка родная,
Мучэнне пі да дна,—
Міне зіма нягодная,
І ўскрэсне зноў вясна!
[1905-1907]