epub
 
падключыць
слоўнікі

Янка Купала

Зімою

*
*
*


Калядная ночка ўвесь свет пакрывае,

Па белай ад снегу зямельцы снуе;

Мяцеліца ў полі сапе, завывае,

Свіст віхраў спакойна заснуць не дае.

 

У коміне вецер заціхнуць не хоча,—

Заносіцца песняй магільнай, дзікой;

То стогне, то плача, то дзіка рагоча,

Як быццам смяецца з нядолі людской.

 

Дарожкі і сцежкі занесла віхура,

Не знаць, дзе балота, дзе лог, дзе папар;

Воўк, выйшаўшы з лесу, скаголіць панура,—

Каб чым пажывіцца — пакінуў гушчар.

 

І сіняе неба ад зор не рунее,

І месяц дзесь згінуў, не ходзіць па ім,

Штохвіля цямней ноч, мароз не вальнее,

Снег сыпле і сыпле, як прыскам якім.

 

Бяда падарожнаму гэткай парою

Дарогу вялікую перабываць,—

Як стой загавеціся можна душою.

Сняжніца—засыпаць, звяр’ё — разарваць!

 

Але вось у гэту рабінаву ночку,

Бач, нехта не вытрываў, полем ідзе,

Руку апірае на тонкім кіёчку,

На плечах і спераду ношку нясе.

 

Хто гэткі шалёны ў такую завею

Пакінуў хацінку, ў дарогу пайшоў?

Аж жудка на сэрцы, душа ажно млее:

Там з дзіцем кабета пляцецца дамоў!

 

Гістор’я старая: убогая дзеўка

Пайшла ў двор на службу для хлеба куска,

Пайшла, паганяная гора прыпеўкай,

Ад хаты радзімай, святога кутка.

 

Семнаццаты год шоў прыгожай Ганулі,

Век самы, што толькі жыві, прыпявай!

Сам век, што ахвоціць да працы, да гуляў,

А што ўжо любіцца — на ўсё забывай!

 

На звадку для хлопцаў, на зайздрасць дзяўчатам

Слыла паваблівай дзяўчынай яна,

І гэта ж павабнасць яе стала катам:

Скасіла і радасць, і песні спрытна.

 

О, моладасць, моладасць! Сколькі з табою

Прыгод падчас горкіх ідзе для людзей!

Ты сэрца узбурыш, гульнеш ты з душою,

Ты, ломячы думкі, кроў смокчаш з грудзей.

 

Я так жа, змагаючы долі завею,

Надзеі вялікія сніў, будаваў,—

Ты ж, моладасць, мачыхай стала маею...

Эй, што гаварыці! Цябе я не знаў!

 

Прыхільна дзяўчына на свет гэты боскі

Глядзела і верыла зменным людзям;

От, знама, прастачка, дзіцё нашай вёскі,

Што з беднасці, з невуцтва знанае нам.

 

Нямала ў дварэ слуг, шмат хлопцаў ўсялякіх,—

Сумленных, праўдзівых і шэльмаў благіх.

Цімох жа найлепшы: няма ў ім ніякіх

Паступкаў нягодных, як ёсць у другіх.

 

Дзяўчына прыгожая, хлопец прыгожы,—

Вось пара ўжо сэрцаў, вось пара людзей,

Што могуць забыцца на ўсё, на свет божы,

Як кроў маладая заходзіць жывей.

 

Хто з нас не любіўся, хто ўцехай кахання

Хоць міг сваіх лет маладых не правёў?

Сам-насам дзяўчыны з малойцам шаптання,

Двух сэрцаў хто слухаў вясёлых размоў?

 

Цімох і Гануля — вось роўная пара:

Яна бедна дзеўка, ён бедны дзяцюк;

Любілісь і мелісь пабраціся зара,

Дый здрадзіла шчасце, мінула іх рук.

 

Гаротнага хлопца пагналі далёка,

Пагналі ў салдаты на здзекі, на плач;

Засталася Ганна адна-адзінокай,

А з доляй — хоць сонца, хоць свету не бач!

 

Сягоння, во ў гэткую сцюжу пляцецца,

Пляцецца з няшчасцем, з пацехай сваёй,

Хоць вые віхура, хаўтурна смяецца,

Як людзі, так дзіка рагоча над ёй.

 

Ідзе і ідзе, а снягамі дзьме неба,

Дзіцё ў руках плача. Ноч, жудка... бяда.

Ў катомцы на плечах нясе булку хлеба

І сала фунт — служкі за труд — каляда.

 

Па гурбах, па наспах ідучы сняжаных,

Змаглася, халодны пот цела заліў,

А рукі і ногі мароз неспыняны

Даўно замарозіў, даўно знечуліў.

 

Чуць дух пераводзіць, зліпаюцца вочы,

Яшчэ дабыла сіл, ды дзе больш дабыць?

Скасіліся ногі, ямчэй вецер скочыў,

Схіснулася й з дзіцем, і з хлебам ляжыць!

 

Ляжыць сярод поля шырокага

Ў пасцелі пуховай са снегу.

Спачні з дзіцянём, адзінокая,—

Вам лепшых не знаці начлегаў!

 

Не бойцеся!.. Ўтуліць ад холаду,

Спаўе, як пялёнкай, снег белы,

Зацягне вам песню мяцеліца,

Воўк жальбай завые скалелы.

 

Але віхраў свісты магільныя

І воўчыя выцці пад борам

Няхай не пужаюць вас, бедныя,

Сваім нелюбым загаворам.

 

І неба хай гэта вас хмарнае

Не страшыць сваёй цемнатою,

І доля вам гэта цяперашня

Хай вельмі не здасца благою.

 

 

Ці ж хаты для вас былі лепшымі,

Як гэтая снежная ніва?

Скажы ты мне, маці бязмужняя,

Была ж ты дагэтуль шчасліва?

 

Жыла ж з табой моладасць ясная,

Вясёлыя песні ці пела?

Былі ж для цябе людзі добрымі,

Іх злосць над табой не шалела?

 

Падумай, падумай, гаротная!

Я ў песню пралью твае думы,

І разам спяём гулкім голасам

Пад дзікай мяцеліцы шумы.

 

*

Бядак жыве толькі сягоння,

Дзён лепшых яму не чакаць;

Цар-голад няшчаснага гоне

Крывавага хлеба шукаць.

 

Пакінуўшы родную хатку,

Калі йшчэ такая дзе ё,

Замучан бядой даастатку,

Ідзе, каб здабыць на жыццё.

 

Ідзе, а пражорнікаў вочы

Цікуюць з усіх са старон;

Ідзе, а ці днём, ці уночы,

З дарогі збіваецца ён.

 

Так, блудзячы, валіцца ў сеткі,

Расстаўленыя спатайка,

І сілаў не раз апаследкі

Ссуць п’яўкі, вужы з бедака.

 

Заплацяць пагардаю дзікай

За кроў, за мазолі, за труд,

Дадуць медзяка для прыліку,

Што ліў пот не толькі за кнут.

 

Як выціснуць дух увесь чыста,

Прызнаюць няздатным к труду,—

Прагоняць на шляхі цярністы,

Прагоняць на слёзы, бяду.

 

І пойдзе бядак нешчаслівы,

Здароўя упякаўшы цвет,

Праз цёмныя боры, праз нівы

З жабрацкаю торбаю ў свет.

 

*

Што?—дрэмлеш ужо ты, дзяўчына?

Не спі, яшчэ штось прапяём!

Эй, што там, каліна-маліна!..

Запейма — пець лёгка ўдваём!

 

А будзе цікавая песня,

Бо выкажа думы твае.

Ну, слухай, хоць сэрцу балесне —

З тваёй мая доля пяе!

 

Ты помніш, як маці цябе твая родная

Дзень першы у лапці абула,

Як ты, падрастаючы, цвёрдую, зрэбную

Кашулю на целе пачула.

 

Галела, калела у полі ты з пугаю,

Куску жадна будучы хлеба,

Па лесе, па пасецы з стадам цягалася,

Патолі не знала ад неба.

 

Пякло лета спёкай, ты, ўся зацяганая,

Злівалася потам крывавым,

А восень студзіла слатою бязлітасна,

Трос вецер адзеткам дзіравым.

 

Ці йшла ты на поле шырокае, вольнае,

Ці з стадам вярталася з поля,

Ніхто не вітаў цябе шчыра, прыветліва,

Ні свой, ні чужы і ні доля.

 

Вось вырасла, стала дзяўчынай прыгожаю,

Ды горкім жыццё было далей:

Бацькі твае бедна і трудна жыць мусілі —

У людзі чужыя паслалі.

 

Паслалі па цвёрды па хлеб на пакідзішча,

На здзек, на бадзянне няміла,

І ты без апекі прытульнай, без бацькаўскай

Навекі сябе загубіла.

 

З насмешкай благой на цябе, заблудзіўшую,

Цяперака ўсе паглядаюць;

І сэрца крывёю тваё абліваецца,

І вочы у слёзах плываюць.

 

У губу не лезе яда гаспадарская —

Кусок іх палічаны кажны;

Ў калысцы ад крыку дзіцё захліпаецца,—

Патомак твой плача сярмяжны.

 

Бацькоў гэтым грэхам сваім не пацешыла —

Ужо з дзіцем ты лішняя ў хаце;

На службе цябе разлічылі, адправілі —

Не стала там хлеба дзіцяці.

 

І што ж цябе, маці, чакае, бязмужняя?

Не бачыш ты свету, ў свет глядзя,

Не ўзложыш вянка ты ўжо болей дзявочага,

Не сядзеш ужо на пасадзе.

 

Навекі твая ўжо зламаная моладасць,

Асуджана мучыцца вечна,

І ў гэтай дарозе, у гэту мяцеліцу

Ты, спраўды, шчасліва, бяспечна.

 

Снег так адусюль спавівае пялёнкаю

Сваёй прыліпаючай, белай,

І сыспаду мякка, і зверху накрытая,

Начлегаў такіх ты не мела.

 

Не мела папраўдзе, бо гэтак во соладка

З дзіцём — бачу я — ты заснула.

Спі!.. Пэўна, і песні маёй, табе выснутай,

Усёй ты, бядачка, не чула.

 

Спі, спі! покі сонца на небе нячулае

Узойдзе гуляці над светам;

А можа, засні лепш навекі, няшчасная,

Як маеш з жыццём біцца гэтым.

 

Вечна не можа мучыць мяцеліца,

Вечна не можа ноч панаваць;

Зімняе неба сонейкам беліцца,

Вецер нямее, хмар не відаць.

 

Іскрыцца поле снежнае, белае,

Бор гутарлівы ціха стаіць,

Воўчая песня, дзікая, смелая,

Жудасна ў полі ужо не гудзіць.

 

Радасна ўсходзіць раніца стройная,

Свеціць для снегам засланай зямлі;

Вакол абшары, ўсе дзіўна-спакойныя,

Шалы віхураў як не былі.

 

Гоманы, скрыпы з вёскі даносяцца,

І там ужо сонца робіць сваё;

Па саламяных стрэхах дым коціцца —

Знак, што пад імі госціць жыццё.

 

Будзяцца людзі, з хат выбіраюцца

Яркі калядны дзень прывітаць;

Цёплая пара з губ выбіваецца,

Шэрань на бровах, шчокі гараць.

 

Бабы заняты важнай заняткаю,—

Вілкі, чапёлы ў дзела ідуць,—

З нейкай паважнай ходзяць аглядкаю,

Свята сягоння — бліны пякуць.

 

Рана і жонка ўстала Рыгорава,—

Мужа з дарогі жджэ і дачкі;

Носіць ваду, змарылася здорава,

Печ падтапіла, ставіць гаршкі.

 

Можа, яна ужо разы і сотнія

Глянула ў шыбы з хаткі на двор;

Мучаць старую думкі маркотныя:

Штосьці не едзе з Ганнай Рыгор.

 

Выехаў ўчора цёмнаю раніцай,

Меўся вярнуцца нанач дамоў;

Праўда, кабылка худа, чуць цягнецца,

Але вялікі ужо час прайшоў.

 

Што за прычына, што так задлякаўся,—

Трудна згадаць, хоць як варажы,

Ці мо дзе ў гурбу снежную ўпякаўся,

Ці мо начуе у Рубяжы?

 

...Скрыпнулі сані... У вокны марозныя

Хутка, пакуль там бегчы на двор,

Вочы свае Рыгорыха слёзныя

Ўставіла й бачыць: уз’ехаў Рыгор.

 

— Дзе ж ты дзеў Ганну? — у мужа пытаецца.

— Няўжо,— ён кажа,— Ганны няма?

І абаім ім сэрца сціскаецца,

Дум усялякіх хлынула цьма.

 

Ганна з двара ужо іншай дарогаю

Йшла, як ехаў Рыгор па яе;

Думаў, што дома. Бачыць з трывогаю:

Дома няма. Дык дзе ж яна, дзе?

 

Дарма шукаці рвуцца ў аколіцы,

Ў вёсцы пытаці, на мшы даваць;

Дарма ён стогне, а яна моліцца:

Ганны нідзе няма, не чуваць.

 

Толькі ад часу, як гэта сталася,

Гутарка ходзіць так па сяле: —

Ў снег як зямелька ўся адзявалася,

Неба мяцеліцу грозну пашле,—

 

Ночнай парою з бара недалёкага

Нейкае зданне — глянуці страх —

Чуць лезе з гурбаў, з снегу глыбокага,

Йдзе на дарогу з ношкай ў руках.

 

Хто йдзе ці едзе, страх гаму гэтае

Дзіва сустрэці, голас пачуць,—

Страшная мара, напаўадзетая,

Зблытаны косы, вочы пякуць.

 

Грудзь да касцей дзявоцкая вырвана,

Ранай адною свеціцца ўся,

Стане... кроў люне чырвана-чырвана;

Рукі калышуць мару-дзіця.

 

Тулаў дзіцяці толькі хістаецца,

Ручак, галоўкі, ножак няма;

Да падарожных з ім падбліжаецца,

Жальбу заводзіць жудка сама.

 

Жаліцца ўперад, после жалобную

Страшную песню слёзна пяе;

Гэткую песню чуем падобную,

Як смерць запусціць джгалы свае.

 

Аб тых, што з светам гэтым разлучаны,

Аб затрутым без часу жыцці,

Аб маці з дзіцем плача замучанай,

Моліць крыху сагрэць, падвязці.

 

Хрысцяцца людзі, чуючы гэтае,

Месца мінаюць тое барзджэй,

Зданне зноў у лесе з песняй няспетаю,

З дзіцем, з катомкай нікне сваей.

 

Памяць аб гэтым людзі вясковыя

Шчыра гадуюць, вера жыве:

Яміну тамка ў гушчы сасновае

«Ганніным Ярам» вёска заве.

 

І-ІІ-1906 г.

 

 

*

Скажаш, напэўна, добры чытальніку:

Смутная песня твая, брат пясняр!

Ці ты не мог бы, рыфмаў складальніку,

З дум сваіх лепшы зрабіць для нас дар?

 

Каб замест снегаў над нашаю ніваю

Бачылі мы ўсе прыгожасць вясны.

Ганну — не ў гурбах. Ганну — шчаслівую,

Каб замест слёзаў — вясёлыя сны.

 

Так скажаш, дружа, праўду во гэткую

На гора поўную песню маю,

Я ж тваю долю беручы сведкаю,

Смутную думку пацверджу сваю.

 

Дайце мне лета, каб роднай зямлёю

Бура не трэсла, не біла людзей,

Дайце мне хатку, хатку прыгодную,

Вечная радасць жыла каб у ей!

 

Сцелецца ноч тут ценьмі магільнымі,

Гіне з няшчасця малы і стары,

Слабыя гінуць, крыўджаны сільнымі,

Стогнуць, гаруюць з зары да зары.

 

Путы няволі, кары звярыныя

Хто не жыў толькі — іх не цярпеў.

Над чалавекам, як над скацінаю,

Ніхто спагады не мае й не меў.

 

Ніхто не бача, з горам век злучаны,

Свайго цярпення, бяды, цемнаты;

А калі плача надта ўжо змучаны,

Мей жа, чытач мой, жаласць над тым!

 

1906


01.02.1906

Тэкст падаецца паводле выдання: Купала Я. Поўны збор твораў: У 9 т. - Т. 6. Паэмы, пераклады. - Мн.: Маст. літ., 1999. -430 с. [4] л. іл.
Крыніца: скан