epub
 
падключыць
слоўнікі

Янка Купала

Зімовая ноч

Каля зоркі зорка

Уніз глядзіць, мігціць;

Каля горкі горка

Снегам зіхаціць.

 

На гасцінцы скрогат,

На прысадах інь,

Чутна воўчы рогат...

Глуш, дзе вокам кінь.

 

Цягнецца каняжка,

Сані — за канём;

Янка пад сярмяжкай

На санях клубком.

 

Сіверна, марозна,

Забірае дрож,

Пырхае трывожна,

Толькі жыў гнядош.

 

Неба залаціцца,

Пад санямі шум;

Многа Янцы сніцца

Ў гэту ночку дум...

 

Аб спакойнай вёсцы,

Аб кутку сваім,

Аб вясне, аб сонцы,

Аб жыцці другім.

 

Міла ў думках брэдзе,

Цешыцца праз сон,

Але ці даедзе?

Ці даедзе ён?..

 

1909


1909

Тэкст падаецца паводле выдання: Поўны збор твораў. У 9 т. - Т. 2. Вершы, пераклады 1908-1910. - Мн.: Маст. літ., 1996. -342 с. [4] л. іл.
Крыніца: скан