epub
 
падключыць
слоўнікі

Янка Купала

З’езду Саветаў

Знатныя людзі

Савецкай зямлі

З добраю весткай

На з’езд свой прыйшлі.

 

Кожны свой рапарт

Даложа на сходзе,

Што ў пяцілетку

Зрабілі стагоддзе.

 

Намі збудован

Магнітабуд,

Шлях Беламорскі —

Тэхнікі цуд.

 

Мы запынілі

Парогі Дняпра,

Сваёй радзіме

Прыдбалі дабра.

 

Буйна рунеюць

Нашы калгасы,

Славай краіны,

Гонарам, красай.

 

Трактары нашы

Рэжуць барозны,

Сохаў-крывуляў

Мінуўся стогн слёзны.

 

Кожны дзень лепей

Сягоння ідзе,

Думкі прапалі

Аб горкай бядзе.

 

Армія наша

Грознай станіцай

Збройна вартуе

Межаў-граніцаў.

 

Здраднікаў подлых

Нішчым мы ўшчэнт,

Нам, пераможцам,

Дзівуецца свет.

 

Песню прынеслі

Сваю песняры

Вам, зямлі вольнай

Гаспадары.

 

Партыя ж наша

І мудры наш Сталін

Да перамог

Шляхі паказалі.

 

1935


1935

Тэкст падаецца паводле выдання: Купала Я. Поўны збор твораў. У 9 т. Т. 5. Вершы, пераклады 1930 - 1942. Мн., Маст. літ., 1998. -278 c. [4] л. іл.
Крыніца: скан