epub
 
Падключыць
слоўнікі

Янка Купала

Жніво

Наспелая постаць шчаслівых пасеваў

За вёскай, на сонным лясоў рубяжы,

Ссівелы ўжо колас схінула к мяжы

У сумным шаптанні: «Дзе, жнеі мае вы?»

 

І жнеі сышліся.— Направа, налева

Кладучы ў снапы каласы-старажы,

Зашасталі глуха сярпы, як нажы,

Пад жніўныя вечна старыя напевы.

 

Спагадная, нудная песня плыве,

Губляючы ў пушчы свае пералівы,

У шэлестах белага коласу нівы.

 

Плыве гэта песня ка мне і заве,

І ў сэрцы звініць, як каса у траве:

«Ты так жа, брат, сееш... а дзе тваё жніва?

 

1910




Беларуская Палічка: http://knihi.com