epub
 
падключыць
слоўнікі

Янка Купала

Званы

Гудуць званы, з дня ў дзень гудуць мядзяныя званы,

Як стогн, гуд-водгулле гучыць мальбою жудзі;

Дрыжыць званіцы мур сцюдзёны, цагляны,

Дрыжыць званар, надорваныя рвучы грудзі.

 

Наводзіць гэта музыка нязводны звод нуды,—

Скрабе душу, як сенажаць жалезныя бароны,

Па сэрцу б’е, як дождж па шклянай шыбе ў халады,

Гадуе ў думах сказ бадучы, забабонны.

 

Ў мазгі залазіць жах, што гэты буйны звон званоў —

Хаўтурны гэта звон спакон нямых сталеццяў,

Што гэтая званіца — мерцвяковы вечны схоў,

Званар — грабар, што косці згортвае па свеце.

 

1918


1918

Тэкст падаецца паводле выдання: Янка Купала. Поўны збор твораў. У 9 т. - Т.4. Вершы, пераклады 1915 -1929. - Мн.: Маст. літ., 1997. - 446 с., [4] л. іл.
Крыніца: скан