Янка Лучына

Роднай старонцы

Ты параскінулась лесам, балотамі,

Выдмай пясчанай, неураджайнаю,

Маці-зямліца, і умалотамі

Хлеба нам мерку не даш звычайную.

А сын твой, беднаю адзет сярмягаю,

З лыка пляцёныя лапці абуўшы,

Едзе драбінамі ці калымагаю,

Конем, што цягне, як бы заснуўшы...

Усё ў табе бедна. Часта заплача

Мужык-араты дзеля злой долі,

Цяжка працуючы. Ён жа, аднача,

З табой расстацца не жджэ ніколі.

I непрыглядную хату з пажыткамі,

I поле скупое, выган без пашы

Мы, апрануўшыся старымі світкамі,

Любім і цэнім − бо яны нашы.

Дасць Бог, крывавым потам аратаму

Здабрыць пясчану зямліцу здарыцца,

Быць добра сытаму, хоць не багатаму,

А дзеля празніка і чарка нам зварыцца.

Сонца навукі скрозь хмары цёмныя

Прагляне ясна над нашай ніваю,

I будуць жыці дзеткі патомныя

Добраю доляй − доляй шчасліваю!..




Беларуская Палічка: http://knihi.com