epub
 
падключыць
слоўнікі

Янка Маўр

Дом пры дарозе

1
2
3
4
5
6
7
8


 

1

Васільку тады было гадкоў шэсць, але ён ніколі не забудзе гэтага дня.

Як усё пачалося і ад чаго — ён не ведаў. Дзе быў і што рабіў — ён не памятаў. Добра памятае толькі дым, агонь, крыкі, плач, страляніну, грукат і ўрыўкі некаторых падзей.

Вось гарыць на тым баку вуліцы хата дзеда Сцяпана. Дым і агонь выбіваюцца з-пад страхі, а наверсе круціцца чорны кот, якога так баяўся Васілёк. Цяпер гэты кот зусім не страшны, а наадварот — і маленькі, і няшчасны, і плача, нібы дзіця малое. А потым са звонам разляцелася шыба і ў акне паказаўся дзед Сцяпан. Белая галава, белая барада, белая кашуля, белы твар і нават вочы белыя. Дзед высунуўся з акна, падняў кулакі і крыкнуў такім голасам, якога Васілёк ад яго ніколі не чуў:

— Будзьце вы праклятыя, лютае звяр’ё!

Тады збоку затрашчалі стрэлы, і дзед грудзьмі лёг на падаконнік, а белая галава і белая барада звесіліся за акно.

Потым Васілёк бачыў, як пачынала гарэць хата цёткі Антаніны, на якую перакінулася полымя з свірна Курылёнкавых. Вельмі пацешна было глядзець, як хата загаралася: спачатку край даху пачарнеў, потым патрохі пачаў курэць, а потым то тут, то там сталі выскакваць зайчыкі — з'явіцца аднекуль, паскача трохі ды і знікне, потым зноў выскачыць, пакруціцца — і зноў знікне. Усё часцей і часцей выскаквалі зайчыкі, а потым прычапіліся і болей ужо не знікалі — страха пачала гарэць. Цётка Антаніна, яе дачка Каця і старая бабуля з крыкам і плачам выносілі і выкідалі праз акно розныя свае рэчы, але падбег фашыст, нешта забалбатаў, потым нацэліў сваю кароткую стрэльбу, і ўсе жанчыны пабеглі прэч. Васількова маці заламала рукі:

— Што ж гэта такое? Нават узяць нічога не даюць!..

Бачыць Васілёк — і да іх бяжыць фашыст. У адной руцэ такая самая кароткая стрэльба, а ў другой шугае полымем не то пук саломы, не то нешта другое. Фашыст вызверыўся на іх, паказваючы, каб адышлі прэч, а сам падышоў да хлеўчука і падпаліў саламяную страху... Маці з плачам пабегла прэч і пацягнула за руку Васілька, але ён усё азіраўся, каб паглядзець, як будуць запальвацца іхнія будынкі. Але бачыць гэта яму не давялося; ён паспеў толькі заўважыць, як заварушылася саламяная страха на хлеўчуку, хоць самога агню на сонцы не было відаць.

Яны кудысьці беглі разам з другімі людзьмі. Усе крычалі, галасілі, агонь трашчаў, фашысты стралялі...

Васілёк яшчэ бачыў, як у варотах свайго дома затрымаўся дзядзька Даніла; ён перавязаў вяроўкай свінню і хацеў яе вывесці, а яна пацягнула зусім не туды. Пакуль ён важдаўся, ззаду падышоў гітлераўскі афіцэр і ціха, спакойна, не гаворачы ні слова, выстраліў дзядзьку Данілу ў спіну. Даніла паваліўся, а афіцэр зарагатаў і сказаў нешта свайму салдату. Той ухапіўся за вяроўку і пацягнуў свінню па вуліцы.

Васілёк ніяк не мог разабрацца, куды яны бягуць. Калі выбеглі на агарод, то ўбачылі гітлераўскіх салдат, якія пагналі іх назад. Пабеглі ў другі бок, народу збіралася ўсё больш і больш. Але раптам усе зноў шарахнуліся назад.

Такім і застаўся назаўсёды ў памяці Васілька гэты дзень: дым, трэск, агонь, плач, страляніна, а яны ўсё бегаюць ды бегаюць туды і сюды...

 

 

2

Колькі часу яны едуць?

Можа, тыдзень, а можа, год. Такія думкі не раз прыходзілі Васільку ў галаву. Але толькі спачатку, у першыя дні. А потым ніякіх думак у галаве не было. Была толькі млявасць, сон або непрытомнасць і страшэнная смага. Есці хацелася не менш, як піць, але больш пакуты было ад смагі.

У таварны вагон напхалі людзей, як селядцоў. Васільку з маткай пашанцавала: яны сядзелі ў кутку, ля сцяны. Маці магла сядзець, абапёршыся спіной аб сцяну, а Васілёк прытуліўся на яе каленях. А тым, каму выпала месца пасярэдзіне, было куды горш: яны абапіраліся толькі адзін на аднаго, а калі сусед паміраў, то было зусім нязручна...

Спачатку людзі ў вагонах голасна абураліся, плакалі, крычалі, прасілі піць, есці, нават пачалі былі стукаць у дзверы. Але пасля таго як аднаго разу ў адказ на стук пачуліся стрэлы, у вагоне сталі чутны толькі ціхія стогны і енкі. І раніцаю, і ў поўдзень, і ў поўнач не змаўкалі яны. Здавалася, жалеза і каменні маглі растапіцца ад гэтай бязмежнай чалавечай пакуты. Не магло толькі пачуць стогнаў сэрца фашысцкае.

Часам, не болей аднаго разу на дзень, дзверы вагона адчыняліся і людзі маглі ступіць на зямлю, выпіць конаўку вады, атрымаць кавалачак дрэннага хлеба, глынуць свежага паветра. А потым зноў бясконцыя пакуты...

Колькі дзён яны ехалі — невядома. Але нарэшце ўсё ж такі кудысьці прыехалі. Гэта быў глухі куток чыгуначнай станцыі, а ўбаку відаць быў гарадок.

Выгрузілі ўвесь народ з вагонаў і завялі ў баракі, абнесеныя калючым дротам.

Наш Васілёк хоць і змарнеў за гэты час, але адразу ажывіўся, убачыўшы вакол сябе столькі новага, цікавага, незвычайнага. У бараках нары былі зроблены ў тры паверхі, і хлапец вельмі пакрыўдзіўся, што ім далі месца ўнізе, а не на самым версе.

Тут ён знайшоў сваіх старых сяброў: Яшку Цыганёнка, Петрыка Баравікова і Арынку, з якой Васілёк часта гуляў. А дарослыя, дык тыя бадай усе ведалі адзін аднаго — яны ж былі з аднаго раёна.

Дзеці зараз жа асталяваліся тут і заняліся сваімі справамі. Зрабілі сабе клуб у старым іржавым фабрычным катле і зусім было нарыхтаваліся распачаць гульні, але...

Да іх у баракі пачалі хадзіць мужчыны, жанчыны, нават дзеці. Чым далей, тым усё болей і болей немцаў прыходзіла. Тады ўсіх нашых людзей выводзілі на двор і загадвалі стаяць на месцы, а немцы хадзілі сярод іх, аглядалі, краталі, паварочвалі туды і сюды. Некаторыя расхіналі адзенне і глядзелі на плечы, прыглядаліся да вачэй, вушэй, зубоў.

— Мамка, навошта гэтулькі дактароў прыслалі да нас? — здзівіўся Васілёк.

— Ох, дзетка мая! — адказала маці.— Не дактары гэта, а людаеды. Яны ж купляюць нас, як жывёлу.

— Ой, ці не зарана яны перавярнулі нас у жывёлу! — сказаў адзін дзядзька з рыжай барадой.— Наша дзяржава яшчэ непакораная, наша войска яшчэ незлічонае.

І дзядзька гэты, немалады, але, відаць, дужы яшчэ чалавек, нават выпрастаўся і расправіў плечы, нібы адчуў якуюсь новую сілу. Гэта, відаць, спадабалася аднаму маленькаму вяртляваму немцу, які зараз жа купіў сабе гэтага дзядзьку як бадзёрага і дужага работніка.

Міма Васілька праходзіла нямецкая сямейка: суровы вусаты бацька, тоўстая матка, пульхная светлавалосая дачка і цыбаты, нібы бусел, сынок гадоў дванаццаці. Васілёк вельмі зацікавіўся гэтым сынком. Як ён быў добра ўбраны! Шапка, бы ў вайскоўца, шэрая куртка з кішэнямі, складкамі і поясам, белы каўнерык і пышны гальштук, кароткія штаны, цудоўныя панчохі і чаравікі, на плячах кароценькая накідка ці плашч, а ў руках нібы дубец, толькі сплецены з раменьчыкаў.

Васілёк з такім шчырым захапленнем пазіраў на немчука, што той нават спыніўся перад ім і з цікавасцю стаў аглядаць яго. А потым засмяяўся: вельмі пацешным здаўся немчуку гэты бялявы беларускі хлапчук з кірпатым носам.

— Мама, купі мне гэтага хлопчыка! — звярнуўся нямчук да сваёй маці.

— Навошта ён табе? — спытала немка, аглядаючы Васілька з галавы да ног.

Васілёк і яго маці адразу сцямілі, што гутарка ідзе аб іх, і з хваляваннем чакалі, што будзе далей.

— Купіце, я хачу! — крыкнуў нямчук.— Я хачу мець свайго ўласнага хлопчыка. Ён такі пацешны.

— Дзеля гэтага прыйдзецца браць і яго матку,— сказаў немец,— а яна такая шчуплая, кволая.

— Вы ж мне абяцалі купіць поні,— настойваў сын.— Вось замест поні і купіце гэтага хлопчыка. Я хачу!

І ён нават пачаў плакаць. Сэрца бацькоў не магло сцярпець такога дзіцячага гора, і яны купілі абаіх.

 

3

У Прусіі, на шасейнай дарозе з Бруненсдорфгаўзена ў Клінкенсдорфбрунен, здаўна стаяў шырокі, нібы прыплюснуты дом пад чарапічным дахам. На старой пачарнелай шыльдзе вопытнае вока магло б разабраць слова «гастгаўз» — гасцініца, а па-нашаму проста карчма ці заезны дом. Праезджы мог тут адпачыць, падмацавацца, пераначаваць. У вольны час збіраліся сюды навакольныя бюргеры, каб пасядзець за вялізным куфлем піва і пагаварыць аб тым, як немцы заваююць увесь свет. Ад шасэ дом аддзяляўся садам з чатырох яблынь і кустамі агрэсту ды парэчак. За домам быў вялікі двор, стадола, хлявы і розныя гаспадарчыя будынкі. Далей ішоў невялікі ўчастак зямлі, з якой гаспадар выціскаў чужымі рукамі ўсё, што толькі можна.

Сюды і прывезлі Васілька з маткай Арынай. Хлопчыка, як сваю «ўласнасць», узяў сабе гаспадарскі сынок Макс. Васілёк павінен быў спаць на падлозе ля дзвярэй яго пакоя і выконваць усё, што ўзбрыдзе ў дурную галаву фашысцкага выхаванца.

Маці Васілька змясцілі ў хляве. Гэта быў доўгі цагляны будынак з загарадкамі для жывёлы і з цэментавай падлогай. Там было некалькі пустых загарадак. У адной ужо жыла купленая «рабыня» — беларуская настаўніца Марыя Ларчык. Сустрэліся дзве жанчыны, абняліся, заплакалі, а потым вырашылі:

— Усё ж такі разам лепей. Выжывем як-небудзь і дачакаемся таго часу, калі гэтых самых гаспадароў паселім сюды.

Пачалося беспрасветнае, катаржнае жыццё. Ад рання да позняй ночы працавалі жанчыны, а потым валіліся на салому ў сваіх катухах. Зімою зарываліся глыбока ў салому. Так пражылі яны два гады. Адзінае, што сагравала і падтрымлівала нявольнікаў,— гэта была цвёрдая ўпэўненасць, што час вызвалення і расплаты прыйдзе, што цемра не загасіць святло. Каб не было гэтай упэўненасці, не выжылі б многія тысячы нявольнікаў; каб не было гэтай упэўненасці, не мог бы і ўвесь савецкі народ разграміць нямецкіх фашыстаў.

Адчуваў усё гэта і малы Васілёк. Адчуваў па-свойму, па-дзіцячаму, але гэта былі тыя самыя пачуцці, тая самая крыўда і нянавісць, тое самае перакананне, што нашы паб’юць фашыстаў і тады ён з мамкай вернецца дадому. Адна толькі розніца была: калі дарослыя думалі пра ўсё гэта дні і ночы, кожную хвіліну, то Васілёк часта забываўся, захапіўшыся сваімі дзіцячымі справамі. Але неўзабаве штуршок яго «гаспадара» Макса напамінаў Васільку, у якім становішчы ён знаходзіцца.

Куды б ні пайшоў нямчук, Васілёк павінен быў на пэўнай адлегласці следаваць за ім і сачыць за кожным яго рухам, каб паспець падбегчы, падняць, падаць, падтрымаць. Калі не патрапіў — удар. Часам Макс наўмысля дзесяткі разоў кідаў якую-небудзь рэч, каб Васілёк падымаў і падаваў. Кідаў і ў ваду... Паколькі Васілёк быў куплены замест поні, нямчук скарыстоўваў яго і як коніка. Калі Макс ішоў у школу, Васілёк нёс яго кнігі, вечарам разуваў яго. Не пералічыць усіх «абавязкаў», якія ўскладаў на Васілька яго гаспадар. Багатыя таварышы Макса вельмі зайздросцілі, што той мае свайго ўласнага раба, і прасілі сваіх бацькоў купіць ім такіх хлопчыкаў.

Па просьбе Макса бацькі зрабілі Васільку з рыззя «форму» клоуна — рознакаляровыя шырокія штаны, высокі каўпак — і цешыліся не менш за свайго сына: які дасціпны гэты Макс, такую штуку прыдумаў! Нават падзарабіць на гэтым можна: наведвальнікі піўной пацяшаліся, выпівалі лішні куфаль піва.

Адна толькі ўцеха была ў Васілька — маці. У вольную хвіліну прытуліцца да яе і забудзе ўсе нягоды. Маці гладзіць яго па галаве, прыгаворвае:

— Перацерпім як-небудзь, сынок. Паб’юць нашы фашыстаў, вернемся дадому, прыедзе татка — і зноў зажывём мы вольна і шчасліва...

У немчука быў новы веласіпед па яго ўзросце, а недзе валяўся ранейшы, меншы. Макс і надумаўся скарыстаць яго для Васілька, каб той мог суправаджаць яго і ў паездках на веласіпедзе. Едзе нямчук на сваім «кані», а за ім — «ардынарац». Заедзе куды-небудзь, здасць веласіпед Васільку, а той стаіць на месцы, чакае. Выйдзе нямчук, гукне — і Васілёк «падае каня». Шмат пабояў перацярпеў Васілёк праз «панскага каня». Нямчук патрабаваў, каб веласіпед заўсёды блішчаў, каб ніводнай пылінкі на ім не было. Але выдаваліся і шчаслівыя мінуты для Васілька. Гэта тады, калі ён мог трошкі паездзіць самастойна. Яму здавалася тады, што ён вольны, што веласіпед яго ўласны...

Колькі разоў білі Васілька, ён не памятае. А вось калі аднаго разу ён убачыў, як гаспадар штурхануў кулаком маці так, што яна павалілася на зямлю,— гэта ўрэзалася ў памяць на ўсё жыццё. І яшчэ не забудзе ён, як раз’юшаная «фрау» пляснула па твары настаўніцу. Як змянілася настаўніца! Як загарэліся яе вочы! Яна нават не пахіснулася, а, наадварот, горда выпрасталася і, пэўна, кінулася б на немку, каб маці не схапіла яе за руку... А як тупала і крычала на ўсіх гэтая пятнаццацігадовая «фройлен» Эльза!

Васільку здавалася, што ён тут жыве доўга-доўга. Калі падрос ён за гэтыя два гады не дужа, то пасталеў больш, як хто за чатыры гады. Ужо праз год нямецкая сямейка пачала заўважаць, што перад імі не «цацка» для Макса, а маленькі чалавек, які глядзіць на іх не па-дзіцячаму. Яго сталі пасылаць начаваць да маткі, спынілі з ім «гульню» і знайшлі для яго работу ў гаспадарцы. Веласіпед адабралі і зноў закінулі ў хлеў.

 

4

Набліжалася вясна. Сонца пачало свяціць весялей. Ужо ў лютым на шасэ не засталося і следу ад снегу. Але знік ён не столькі ад сонца, колькі ад руху па шасэ: на ўсход ішлі нямецкія машыны з салдатамі, артылерыя, танкі. Над галавой ляцелі самалёты. У гастгаўзе п’янствавалі афіцэры. Настаўніца, якая цяпер ужо ведала нямецкую мову, старалася падслухаць, аб чым гавораць фашысты, але гаспадары не дапускалі яе блізка. Аднак нявольнікі без ніякіх слоў і звестак здагадаліся: набліжаецца фронт! Не ішлі тут гітлераўскія войскі, калі фронт быў далёка.

«Нашы ідуць!..» Гэтыя словы запоўнілі цяпер душы нявольнікаў. З імі яны клаліся спаць, з імі ўставалі. Вочы іх цяпер глядзелі толькі на ўсход.

Але ніякіх змен не было. Войскі прайшлі, зноў стала па-ранейшаму. Хіба толькі часцей праляталі самалёты і праязджалі паасобныя ваенныя машыны. А тут яшчэ надвор’е сапсавалася, зацерушыў мяккі снег. Зноў зрабілася зіма. Праз два дні — зноў вясна.

Васілёк таксама ведаў, што нашы павінны прыйсці «адтуль». І калі ўбачыў, што «адтуль» ідзе многа машын, пабег шукаць сваіх. Знайшоў іх у склепе, дзе яны перабіралі бульбу.

— Адтуль едзе многа машын! — абвясціў ён.— Можа, нашы?

Настаўніца ўсміхнулася і сказала:

— Не, Васілёк. На вайне так ціха не бывае. Нашы пагоняць фашыстаў з боем.

Васілёк зноў пабег на дарогу і з прыкрасцю ўбачыў, што фашыстаў ніхто не гоніць. Яны спакойна спыніліся ля дома, і з машын выйшлі гітлераўскія афіцэры, жанчыны ў белых хустках і салдаты з перавязанымі рукамі і галовамі.

Васілёк зноў пабег у склеп.

— Раненыя прыехалі! — крыкнуў ён.

— Якія раненыя? — здзівілася маці.

— Нямецкія.

— Раненыя?! — радасна перапытала настаўніца.— Ды гэта ж азначае, што фронт блізка! Здалёк раненых на машынах не павязуць.

І ў склепе адразу зрабілася цяплей і святлей...

Пасля кароткага прыпынку эшалон раненых выехаў далей, пакінуўшы ў сэрцах нявольнікаў самае светлае ўражанне за ўсе два гады.

А гаспадары ад гэтага дня зусім перасталі цікавіцца сваёй гаспадаркай, не звярталі ўвагі, што і як робяць жанчыны, хадзілі нахмураныя, часта зачыняліся ў сваім пакоі.

На шасэ ўсё больш павялічваўся рух з усходу. Ішлі грузавікі са станкамі, скрынямі, мяхамі. Часам праязджалі легкавыя машыны з сем’ямі. А калі паказаліся першыя вазы з хатняй маёмасцю, з жанчынамі і дзецьмі, з прывязанымі каровамі, настаўніца абняла Арыну і ўсклікнула:

— Арыначка, глядзі: эвакуацыя! Канец нашай няволі! Але канца яшчэ не было. Гаспадар добра ведаў, што яны думаюць, і, падышоўшы да іх, сказаў:

— Мы часова пераязджаем у другое месца. Вы там будзеце патрэбны нам. Не падумайце ўцякаць, гэта вам не ўдасца. Вы можаце застацца толькі мёртвымі.

У гэты час з усходу ў сонечных праменнях паказаліся самалёты. Некалькі дзесяткаў іх у шчыльным страі ішлі над шасэ. Усе машыны і вазы на дарозе спыніліся, пачуліся крыкі, людзі кінуліся хто куды. Немец збялеў, гукнуў сваю сям’ю, і ўсе яны схаваліся ў склепе. На двары засталіся толькі нашы. Узняўшы галовы, яны глядзелі на самалёты, як зачараваныя.

— Мілыя!.. Родныя!.. — шапталі жанчыны са слязьмі ў вачах.

А Васілёк нездаволена сказаў:

— Чаго яны не бамбяць фашыстаў?

— Яны лепш ведаюць, што трэба рабіць,— адказала маці. Самалёты праляцелі. Вылезлі са склепа немцы. Настаўніца не ўтрымалася і сказала:

— Дарэмна вы спалохаліся: нашы мірных жыхароў не бамбяць.

— Маўчаць! — гыркнуў фашыст.— Бярыцеся за працу! Хутчэй!

Жыў у немца стары батрак Карл, які працаваў тут гадоў сорак. Цяпер гаспадар трымаў яго «з ласкі», а за гэта Карл бясплатна быў вартаўніком, даглядаў гаспадарку і рабіў усё, што мог. Гэтага Карла парашылі пакінуць тут за гаспадара.

Аднекуль з’явіўся худы, сутулы чалавек з жонкай і дарослай дачкой, і ўсе яны старанна пачалі дапамагаць грузіць рэчы. Настаўніца даведалася, што гэта быў суседні рымар. Ён таксама збіраўся ўцякаць, але не меў каня. А маёмасць яго складалася з некалькіх клункаў. Гаспадар гастгаўза скарыстаў гэта і прапанаваў яму месца на сваім возе. За гэта рымар павінен быў дапамагаць яму ў дарозе.

На другі дзень з гастгаўза выязджалі два вялізныя вазы, так званыя «кары». Такія кары разлічаны на два кані, але немцу хацелася ўзяць як мага болей грузу, і ён, адпіліўшы дышлы, запрог сваю пару коней пастронкамі ў два вазы. Коні без аглабель матляліся ў розныя бакі, кіраваць вазамі было надзвычай цяжка, і везці іх коні маглі толькі па добрым шасэ, але затое немец забраў з сабой бадай усю сваю маёмасць. На пярэднім возе сядзеў ён сам з сям’ёй, на другім — рымар і нашы палонныя. Ззаду прывязаны былі дзве каровы.

Вазы ўліліся ў паток бежанцаў, які павольна рухаўся па шасэ. Арына вельмі гаравала, што прыходзіцца ехаць далей ад сваіх, але настаўніца весела сказала:

— Цяпер ужо яны нікуды не дзенуцца. Ды і ўцячы з дарогі нам будзе лягчэй.

 

5

Вясна ўжо значна пасунулася наперад. Снег застаўся толькі ў лагчынах ды пералесках. Уверсе, на сваім пасту, заліваўся жаўранак. Сям-там паказалася рунь. Апрача глухога шуму на шасэ, усюды было ціха і спакойна. Справа і злева сядзяць хутары, моцныя, каменныя, як крэпасці. Дарогі абсаджаны дрэвамі, большай часткай пладовымі. Палі перагароджаны дротам на клеткі, як на шахматнай дошцы.

Васілёк глядзеў на гэтую карціну, і яму, як у сне, успаміналіся другія карціны, там, на радзіме. Недакладна ўспаміналіся, паасобнымі ўрыўкамі, але якімі прывабнымі ўяўляліся яму гэтыя ўрыўкі! Зусім не тое, што тут. Тут усё няўтульнае, чужое, злоснае. І сонца тут горшае, і дрэвы нецікавыя, і жаўранкі дрэнна пяюць...

— І чаго яны лезлі да нас? — задумліва прамовіла Арына.— Здратавалі нашу зямлю, а цяпер вось і ім тое самае будзе.

— Я думаю, яны самі цяпер так думаюць,— адказала настаўніца.— Але ці тое самае будзе? Нашы ж не будуць так усё знішчаць і забіваць людзей, як яны.

— А я зрабіла б тое самае! — злосна сказала Арына.

— Ого, якая ты лютая! — засмяялася настаўніца.

Немкі злосна зірнулі на іх і адвярнуліся.

Бясконцай калонай цягнуліся на захад бежанскія вазы, ручныя каляскі, здвоеныя веласіпеды. Іх абганялі машыны з грузамі прадпрыемстваў, устаноў, гаспадарчых і спецыяльных вайсковых часцей — адным словам, з усім тым, што звычайна адвозіцца ў тыл у крытычны момант на фронце.

І вось раптам увесь гэты паток спыніўся. Людзі саскочылі з вазоў і машын, замітусіліся, нешта крычалі, паказваючы рукой у той ці другі бок, а потым, як вада з грэблі, рынуліся ўсе машыны з шасэ направа. Некалькі машын перакулілася, многія загразлі; людзі кідалі іх і ішлі далей пешшу. Праз некалькі мінут шасэ ачысцілася ад усіх машын і ўсіх тых людзей, якія мелі дачыненне да вайсковых ці службовых спраў. Засталіся толькі бежанцы.

Васілёк спалохаўся гэтай мітусні і прыціснуўся да маткі, а яна шчаслівым голасам казала:

— Радуйся, сынок. Значыцца, нашы ўжо наперадзе. Таму немцы і ўцякаюць.

Але немцам у той бок уцякаць вельмі не хацелася. Кожны хацеў прабрацца далей на захад, у глыб Германіі, а цяпер прыходзілася пасоўвацца на поўнач, да мора. А далей куды?.. Калі машыны і салдаты маглі яшчэ спадзявацца, што паспеюць праскочыць, то бежанцы са сваімі вазамі, каровамі і сем’ямі не надта спадзяваліся. А кідаць сваё дабро так не хацелася! Між тым наперадзе нічога не відаць і ніякіх стрэлаў не чуваць. Можа, рускіх няма, можа, іх адбілі?

Па ўсёй дарозе немцы збіраліся кучкамі і вырашалі гэтыя пытанні. Часам то адзін, то другі воз неахвотна заварочваў направа. Некаторыя прыпыняліся, чакалі: а можа, не прыйдзецца ехаць туды? Каля воза, дзе сядзела гаспадыня, стаялі яе муж і рымар. Гаспадыня выцірала хусткай слёзы. Рымар з вінаватым выглядам нешта казаў гаспадару, а той, чырвоны ад злосці, крычаў, лаяўся.

— Рымар хоча вярнуцца назад,— растлумачыла настаўніца.

Глухое тарахценне наперадзе спыніла спрэчкі. Усе вочы накіраваліся ў той бок. Настаўніца ўстала на возе. Устала на сваім возе і гаспадыня.

Далёка на гарызонце вызначылася некалькі кропак. Праз хвіліну можна было пазнаць, што гэта матацыклісты. Але чые — невядома. Яны хутка набліжаюцца. Відаць ужо на грудзях вадзіцеля бліжэйшага матацыкла аўтамат, а ў калясцы сядзіць, нацэліўшыся, кулямётчык. Твар немкі святлее: калі не страляюць у людзей, значыцца, свае. Рускія напэўна стралялі б. Яшчэ хвілінка...

— Нашы! — крыкнула настаўніца і замахала рукой.

А немка, як мех, асунулася на воз...

Праз трэск і шум чуліся галасы матацыклістаў:

— Цурук! Нах гаўзэ! (Назад! Дадому!)

Праз некалькі хвілін за матацыклістамі праехаў наш лёгкі танк. І адтуль таксама крычалі: «Цурук! Нах гаўзэ!»

Гул машын паступова сцішаўся.

— А што нам рабіць? — спытала Арына.— Ці адпусцяць яны нас цяпер?

— Лепш скажы, ці адпусцім мы іх? — засмяялася настаўніца, стоячы на возе і паглядаючы, што робіцца навакол.

З розных месц калоны паасобныя вазы пачалі накіроўвацца на бакавую дарогу. Кожны імкнуўся хутчэй прабрацца, стварылася пробка, узмацніліся крыкі. Некаторыя завярнулі проста на поле і грузлі ў вясеннім балоце. Многія паварочвалі назад, дадому, а ўсе разам перашкаджалі адзін аднаму.

Ад таго месца, дзе стаялі вазы гаспадара гастгаўза, да бакавой дарогі было з паўкіламетра. Невядома, колькі часу патрэбна было б, каб туды прабрацца. А ехаць полем з такімі вазамі і з такой запражкай не было чаго і думаць. Хіба толькі распрэгчы коней, пакласці на іх некаторыя клункі ды ісці пешшу. Але пакінуць сваё дабро яны яшчэ не маглі. Рымар рашуча стаў здымаць свае клункі, каб вяртацца назад. «Здрада» рымара так абурыла гаспадара, што, здавалася, ён кінецца біцца. Нібы шукаючы падтрымкі, рымар звярнуўся да настаўніцы:

— Не будуць жа вашы забіваць рабочага чалавека? Праўда, фройлен?

— Не толькі рабочага, а і наогул жыхароў нашы не забіваюць,— з гонарам адказала настаўніца.

— Тады і мы з імі пойдзем,— сказала Арына.— Што ён нам зробіць?

— І я так думаю...

— Там гудзе,— перапыніў Васілёк, паказваючы назад.

Яны прыслухаліся і пачулі далёкі гул, нібы ад самалётаў.

Але на небе нічога не было відаць. Праз хвіліну гул выразна пачулі ўсе. А потым з-за ўзгорка паказаліся танкі, многа танкаў...

Усе мужчыны ўхапілі коней і пачалі адводзіць убок, прыціскацца да самага ўскрайку шасэ. Жанчыны, дзеці з плачам кінуліся ў поле. Некаторыя рынуліся туды са сваімі вазамі, а былі і такія, што зусім пакінулі коней і пабеглі самі.

Танкі імчалі са страшэннай хуткасцю, з лязгам і грукатам. Люкі былі адчынены, у іх стаялі загарэлыя танкісты. На пярэднім танку развяваўся чырвоны сцяг. Уздоўж дарог замерлі тысячы людзей, а танкі імчалі перад імі, як на парадзе. Толькі на адным возе засталіся дзве жанчыны і хлопчык. Яны нібы прымалі парад. Настаўніца стаяла высока на возе, гордая, стройная; вочы яе гарэлі, валасы развяваліся. Яна махала хусткай, як флагам. Сотні рук махалі ёй у адказ. Кожны баец здагадваўся, што гэта яго сястра, учарашняя нявольніца.

А танкі ўсё ішлі ды ішлі — дзесяць, дваццаць, сорак... Здавалася, і канца ім не будзе. Пасля пачалі мільгаць машыны з войскамі, самаходныя гарматы і ўсялякая ваенная тэхніка.

Васілёк скакаў на возе, пляскаў рукамі, крычаў «ура». Маці яго стаяла на мяху на каленях і ўсё паўтарала:

— Божа, якая сіла!

Немцы ўжо не баяліся, не крычалі, а стаялі, скамянелыя, дзе хто быў, і вочы іх гаслі, галовы апускаліся, спіны гнуліся. Гэтулькі часу ім казалі, што Савецкая Расія знішчана, што войска ў бальшавікоў ужо няма, а тэхнікі нават і не было, а цяпер яны ўбачылі такое, што ім і не снілася. А калі нямецкія войскі адступаюць па ўсім фронце, значыцца, усюды іх гоніць такая самая сіла.

Нарэшце войска прайшло. Зноў стала ціха. У немцаў не было ўжо жадання ўцякаць. Навошта? Усё роўна нічога не выйдзе, рускія, мусіць, ужо ў самым сэрцы Германіі. Немцы страцілі самае галоўнае, што дае людзям сілу і волю ў барацьбе,— яны страцілі надзею. Кожны думаў цяпер толькі аб тым, каб выратавацца і выжыць, а ўсё іншае адсунулася ўбок.

Настаўніца падышла да свайго гаспадара і сказала:

— Ну што ж, паедзем дадому?

— Паедзем,— пакорна адказаў немец.

Тады да настаўніцы падышоў рымар і спытаў:

— А мне можна будзе пакласці назад свае клункі і ехаць з вамі?

Настаўніца засмяялася і сказала гаспадару:

— Я думаю, можна.

— Хай сабе едзе,— адказаў той панура.

У апошнюю мінуту яшчэ некалькі бежанцаў рызыкнулі пусціцца ў невядомы шлях, а іншыя паступова павярнулі назад, дадому.

 

6

Сонца схілялася на захад, калі вазы ўз’ехалі на двор гастгаўза. Насустрач выйшаў стары Карл.

— Усё ў парадку,— адрапартаваў ён.— У доме нікога няма.

З дапамогай рымара пачалі разгружаць вазы. Нашым жанчынам нічога не казалі, а калі яны самі далучыліся да працы, то гаспадыня пачала дзякаваць ім. Пасля разгрузкі рымар застаўся начаваць у флігелі, а нашых павялі ў дом далі ім пакой: два раскошныя ложкі, мяккая мэбля, шафа, люстра,— адным словам, усе выгоды.

— Калі ласка, пажывіце ў нас як госці,— сціснуўшы зубы, ласкава сказала гаспадыня.— Мы будзем вельмі рады...

— Во як шануюць яны нас цяпер! — засмяялася Арына, калі гаспадыня выйшла.

— Яны хочуць, каб мы былі тут пачэснымі гасцямі ў тую мінуту, калі прыйдуць першыя нашы салдаты,— растлумачыла настаўніца.— Яны думаюць, што іх адных салдаты будуць крыўдзіць, а пры нас не адважацца.

— А чаму ж нашы болей не ідуць? — нібы з папрокам сказала Арына.

— Яны могуць прыйсці і зараз, і праз гадзіну, і заўтра раніцай,— адказала настаўніца.— Гэта былі ўдарныя часці, а ўсе іншыя войскі і абозы ідуць ззаду.

Васілёк, улічыўшы перамену, зрабіў вывады і для сябе.

— Мама,— сказаў ён нечакана,— скажы, каб мне аддалі веласіпед.

— Правільна, Васілёк! — падтрымала настаўніца.— Толькі лепш было б, каб ты сам загадаў. Вунь нямчук на двары, ідзі.

Васілёк засаромеўся.

— Чаго баішся? — сказала маці.— Хіба не ведаеш, што мы цяпер гаспадары? Прыпомні, як ён з цябе здзекаваўся.

Гэтыя словы надалі Васільку не толькі храбрасці, але і злосці. Ён пабег на двор. Але, убачыўшы немчука, Васілёк, відаць, страціў храбрасць. Ён прыпыніўся, пастаяў, потым ціха стаў пасоўвацца да Макса. Той глядзеў на Васілька разгублена, нібы ўпершыню яго ўбачыў.

— Гіб... мір... фар-рад! — запінаючыся, сказаў Васілёк.

Нямчук вылупіў вочы, азірнуўся, нібы шукаючы падтрымкі, і застаўся на месцы. Тады на дапамогу Васільку прыйшла злосць. Сціснуўшы кулакі, ён грозна насунуўся на Макса і крыкнуў ужо на сваёй мове:

— Зараз жа аддавай мой веласіпед!

Быў момант, калі Макс па прывычцы гатоў быў ударыць Васілька, але... цень вялікай арміі, што была за дваццаць-трыццаць кіламетраў адсюль, абараніў малога хлопчыка. Здавалася, што словы беларускія лепш дайшлі да Макса, чым нямецкія, бо ён зараз жа пайшоў шукаць веласіпед. А праз некалькі мінут Васілёк з захапленнем катаўся па двары і па шасэ, вольны, шчаслівы...

Пачуўся стук у дзверы.

— Бітэ! (Калі ласка!) — сказала настаўніца.

Увайшла гаспадыня з падносам, а на ім усялякая ежа, якой нашы палонныя не бачылі два гады,— белы хлеб, масла, каўбаса, кава.

— Паколькі вы цяпер нашы госці,— з прыемнай усмешкай сказала гаспадыня,— я прынесла вам павячэраць.

— Вельмі дзякуем,— адказалі жанчыны.

— Калі ласка, прашу,— сказала немка, ставячы паднос на стол.— Будзем жыць па-новаму. Калі што трэба будзе, скажыце,— дадала яна, выходзячы за дзверы.

Жанчыны некалькі хвілін глядзелі адна на адну моўчкі, а потым рассмяяліся.

— Ну і дурныя! — усклікнула настаўніца.— Яны думаюць такім чынам падкупіць нас. Ні гонару, ні сораму не маюць. А калі праўду сказаць, то і для нас знявага: гэта азначае, што яны і нас лічаць дурненькімі, нікчэмнымі. Думаюць, што за пачастунак мы ўсё даруем і палюбім іх. Але мы будзем разглядаць гэта, як законную зарплату, за якую дзякаваць няма патрэбы. Давайце вячэраць!

Але спачатку трэба было зрабіць нялёгкую справу — знайсці і сілком прыцягнуць Васілька. Вядома, прывалок ён у пакой і свой веласіпед. Хоць стол быў застаўлены рознымі ласункамі, ён больш пазіраў на веласіпед, чым на іх.

Надыходзіў вечар. Навакол усё было па-ранейшаму, як год і два гады назад. Ніякага следу рускіх не відаць. І гаспадары, і навакольныя жыхары — тыя самыя немцы. Змен як быццам ніякіх няма. А нашы нявольнікі раптам зрабіліся самымі важнымі людзьмі ў гэтым доме. Зрабіліся толькі таму, што недзе побач адчуваецца свая сіла. Гэтага было досыць, каб усё перавярнулася...

— Так хочацца выпіць чарку віна за нашу магутную армію, за наш вялікі народ,— летуценна сказала настаўніца.— Ці не загадаць, каб прынеслі, га?

— Ну што ты! Гэта ўжо занадта! — запярэчыла Арына.

— А чаго глядзець на іх? Гаспадыня сама сказала, што можна патрабаваць.

І яна выйшла з пакоя. Прайшла калідорамі ў другі канец дома, пастукалася ў дзверы, увайшла. Уся сям’я сядзела за сталом, маўклівая, панурая. Убачыўшы настаўніцу, усе здзівіліся і нават спалохаліся.

— Выбачце мне! — ветліва сказала настаўніца.— Карыстаючыся вашым дазволам, я хачу папрасіць у вас віна.

Гаспадыня ўсхапілася з крэсла, гаворачы «бітэ, бітэ», а гаспадар на момант нібы задыхнуўся. Потым, ні на каго не гледзячы, цяжка ўстаў, падышоў да буфета, дастаў паўбутэлькі віна і паставіў на стол перад жонкай. Тая перадала віно настаўніцы.

— Калі ласка, дайце яшчэ тры кілішкі,— папрасіла настаўніца.

— Драй? — перапытала гаспадыня, відаць, здзівіўшыся, што ўлічваецца і Васілёк.

Пакуль яна даставала кілішкі, гаспадар сеў на сваё месца, як і раней, ні на каго не глянуўшы. Настаўніца трымала сябе вельмі сціпла, але гарэзны агеньчык пабліскваў у яе вачах.

— Данке зэр! (Вельмі дзякую!) — сказала яна, атрымаўшы кілішкі, і пайшла да дзвярэй.

Тады толькі гаспадар падняў галаву і глянуў ёй услед. Але як глянуў! Твар яго так скрывіўся, што зусім стаў падобным да тых карыкатур, якія змяшчаюцца ў газетах. Вочы спадылба глядзелі так люта, што здавалася, ён зараз зарыкае, сарвецца з месца і ўчэпіцца зубамі ў шыю настаўніцы...

Зразумець яго адчуванне было няцяжка. Гэты занядбалы, тупы прускі юнкер прывык думаць, што «Дойчлянд юбэр аллес» (словы гімна: «Германія вышэй за ўсіх»), а цяпер ён вымушаны глядзець, як гэты «Дойчлянд» развальваецца, быццам трухлявы дом. Ды яшчэ ад каго — ад тых «рускіх варвараў», якіх сам бог прызначыў быць нямецкімі рабамі. Каб яшчэ англічане ці амерыканцы, то з імі можна было б сяк-так паладзіць і жыць, як раней. А тут ідуць бальшавікі, якія ні на што не глядзяць і могуць прымусіць прускага двараніна Эдварда-Фрыдрыха-Амалію-Вільгельма фон Пупа працаваць гэтак жа, як працаваў яго слуга Карл. А хіба так жыць можна? Мала таго, праз гэтых няшчасных нявольніц можа быць і горшая бяда. Яны паскардзяцца сваім — і тады ўжо ніякага жыцця не будзе. А яны ведаюць гэта і адчуваюць сябе ў яго доме, як паны. Якая ганьба! І без таго жыць не варта, а тут яшчэ гэтыя жывыя сведкі...

Лютая злосць, страх, роспач, крыўда ад бяссілля — усё гэта адбілася ў ашалелых вачах прусака, калі ён паглядзеў услед настаўніцы. Але яна гэтага не бачыла і весела вярнулася ў свой пакой.

— Ух! Нібы ў клетцы са звярамі пабыла,— смяялася яна.— Вельмі цікава глядзець, як яны ляскаюць зубамі, а ўкусіць не могуць. А мы тым часам справім наша свята як мае быць.

За сталом дзяліліся ўражаннямі аб сённяшнім дні, жартавалі, смяяліся, чаго з імі даўно ўжо не было, марылі аб звароце дадому і ўсё прыслухоўваліся, ці не ідуць нашы.

Калі сцямнела, пачалі рыхтавацца да сну. Зачынілі аканіцы, дзверы ўзялі на ключ і на засаўку. Адгарнулі пуховыя пасцелі.

— Хоць апошнюю ноч паспім, як паны,— казала Арына.

— Дзеля аднаго гэтага варта застацца яшчэ на некалькі дзён,— жартавала настаўніца.

Праз паўгадзіны ўсе яны ўжо спалі моцным сном. Арына ў сне сустракала свайго мужа, які, стукаючы аб зямлю прыкладам вінтоўкі, уваходзіў у іх вясковую хату. Настаўніца на шасэ сустракала нашы танкі. А Васілёк ганяўся на веласіпедзе за немчуком, каб пабіць яго. Затым у Арыны муж ператварыўся ў немца-гаспадара, які крычаў на яе і стукаў кулакамі па стале. У настаўніцы пачалася бітва паміж нашымі і фашысцкімі танкамі. А на Васілька напаў нямчук і з трэскам стаў ламаць яго веласіпед.

Усе гэтыя стукі і грукі нарэшце ператварыліся ў адзін — гэта быў моцны, сапраўдны стук у дзверы.

Жанчыны ўсхапіліся, і першае слова іх было:

— Нашы!

Стук паўтарыўся.

— Хто там? — крыкнулі яны.

— Адчыніце, гэта я! — адказаў па-нямецку нейкі замагільны голас.

Жанчыны адразу ўстрывожыліся.

— Хто вы? Што вам трэба? — спытала настаўніца па-нямецку.

— Я, гаспадар.

У жанчын моцна закалаціліся сэрцы. У цемры Арына падсунула настаўніцы нейкую рэч і прашаптала:

— Вазьмі... падсвечнік. А я падрыхтавала другі...

Сэрцы, здаецца, сталі калаціцца трошачкі цішэй...

— Што вам трэба цяпер, ноччу? — зноў спытала настаўніца.

— Мне трэба нешта ўзяць,— казаў хрыпаты голас.

— Выбачайце, пане, мы спім. Пачакайце да раніцы.

— А калі мне трэба сёння?! — закрычаў гаспадар.— Хіба я не маю права ўвайсці ў свой пакой?

— Даруйце, не можам цяпер,— казала настаўніца.

— Тады я буду ламаць дзверы! — загрымеў голас.

Настаўніца не адказала і шапнула Арыне:

— Цягні да дзвярэй усё, што ёсць.

І яны пацягнулі стол, крэслы, ухапіліся за ложак. Пачулася ўсхліпванне Васілька.

— Накрый галаву, сынок,— сказала Арына.— Да нас лезе п’яны, мы зараз прагонім яго.

— Адчыніце ці не? — роў гаспадар.

Жанчыны моўчкі рабілі барыкаду. З грукатам і звонам ляцела на падлогу пасуда і іншыя рэчы.

Тады гаспадар пачаў біць у дзверы, як відаць, сякерай.

— Я буду біць у паднос,— сказала Арына.

— Вельмі добра, бі.

І Арына з усёй сілы пачала калаціць у паднос падсвечнікам. Раздаўся такі звон, што здавалася, яго чуе ўся аколіца. А гаспадар ламаўся ў дзверы.

Раптам у калідоры пачуўся дзікі крык гаспадыні:

— Эдвард, што ты робіш?! Ты нас усіх загубіш!

— Прэч! — крыкнуў гаспадар.— Усё роўна мы загінулі!

Потым пачулася нібы тузаніна, а затым ужо новы мужчынскі голас сказаў:

— Супакойцеся, пане. Не трэба. Нічым не дапаможаце, а толькі загубіце нас усіх.

Жанчыны пазналі голас рымара, ім адразу зрабілася лягчэй.

— І ты? І ўсе? — хрыпеў гаспадар.— Скарыліся?.. Хочаце быць рабамі рускіх свіней?.. Рабіце, што хочаце...

І паступова ўсё сціхла.

А праз некалькі мінут пачуўся лёгкі стук у дзверы і голас рымара:

— Гэта я. Не бойцеся. Спіце спакойна, больш непрыемнасцей не будзе.

— Вельмі дзякуем,— адказалі жанчыны.

Жанчыны адчувалі сябе, як пасля цяжкой напружанай працы.

— Чула маё сэрца, што нешта павінна быць,— прамовіла Арына.

— Сэрца не сэрца,— адказала настаўніца,— але розум павінен быў ведаць, што паранены звер кідаецца на людзей. Але ўсё добра, што добра канчаецца. Давай спаць.

Васілёк заснуў хутка, а жанчыны яшчэ доўга перакідваліся словамі, пакуль іх змарыў сон...

Пад раніцу трывога зноў іх разбудзіла. Яны пачулі крыкі, плач, тупат ног, усхваляваныя галасы. Гаспадыня галасіла на ўвесь дом, ёй дапамагала дачка.

— Зноў нешта здарылася! — трывожна сказала Арына.

— Калі плачуць, значыць, усё добра,— спакойна адказала настаўніца.

Яны адзеліся, адсунулі сваю «барыкаду» і выйшлі ў калідор. Па калідоры бегла жонка рымара са свечкай у руках.

— Што такое здарылася?

— Гаспадар павесіўся,—адказала яна і пабегла далей.

 

7

Немагчыма апісаць радасць, якая ахапіла палоннікаў, калі паказаліся доўгачаканыя калоны нашых войск і абозаў. Але адчулі вязні і некаторую прыкрасць: войскі ішлі міма, не спыняючыся, не было магчымасці ні пагутарыць, ні параіцца наконт свайго ад’езду. Пад поўдзень пачалі на хаду забягаць салдаты, каб напіцца.

Падбеглі двое да настаўніцы і кажуць:

— Васэр! (Вады!)

Смешна ёй зрабілася, што яе палічылі за немку, і яна захацела пажартаваць.

— Гляйх (зараз),— сказала яна і прынесла вады.

Адзін салдат узяўся піць, але другі штурхануў яго пад бок і сказаў па-беларуску:

— Пачакай, няхай спачатку яна сама паспрабуе.

— Землякі! — ускрыкнула настаўніца.— Хіба стану я вас атручваць?

Хлопцы адхіснуліся ад яе, нібы жахнуўшыся. Кубак з вадой паляцеў на зямлю...

— Я зараз яшчэ прынясу,— схапіла яна кубак.

— Няма часу! — крыкнулі яны і пабеглі даганяць сваю часць.

— Вось і напаіла сваіх землякоў! — з горыччу прашаптала настаўніца.

Разам з нашымі жанчынамі спакойна глядзелі на войска і рымар, і стары Карл. Толькі гаспадыня тулялася, чакаючы бяды. Мужа свайго яна з дапамогай рымара паспяшалася пахаваць. «Хто ведае,— разважала яна,— можа, і зусім не прыйдзецца пахаваць яго, калі прыйдуць рускія ды даведаюцца, што ён хацеў забіць іхніх людзей...» А калі паказаліся нашы войскі, немка з дзецьмі схавалася ў склепе.

Убачыла Арына, падышла да склепа і сказала:

— Дурныя, чаго хаваецеся? Ніхто чапаць вас не будзе.

Дзе тут хавацца, калі ўжо знайшлі іх. Немка вылезла, як пабіты сабака, дзеці туліліся да яе, як загнаныя звяркі. І Арына адчула, што не можа ўжо ненавідзець іх так, як раней. Яна бачыла перад сабой толькі няшчасную жанчыну і маці, адчуванні якой добра разумела. Арына нават раззлавалася сама на сябе: дзе ж наш гонар? Усяго некалькі дзён назад гэтая самая немка і яе дзеці глядзелі на іх, як на сабак. Два гады трымалі іх за нявольнікаў. Два гады Арына прагна чакала таго моманту, калі можна будзе кінуцца на гэтую самую немку і выдрапаць ёй вочы, скрывавіць гэтых шчанят. А прыйшоў такі час — і злосці няма.

Вось стаяць яны перад ёй няшчасныя — рабі з імі, што хочаш. Але ж гэта чалавек, жанчына, маці. Можна сабе ўявіць, што яна цяпер перажывае! І нямчук здаецца больш дурным, чым злым. Хіба ён вінаваты, што яго так выхоўвалі? Можа, цяпер з яго і чалавек выйдзе. І дзяўчынка зрабілася як дзяўчынка — вочы глыбокія, рысы твару мяккія.

— А прападзі вы ўсе! — плюнула Арына са злосцю і пайшла прэч.

Спаткаўшы настаўніцу, яна сказала:

— Што мне рабіць, калі я не адчуваю злосці да немкі? Няўжо мы такія нікчэмныя, што можна рабіць з намі, што хочаш, а мы даруем?

Настаўніца ўсміхнулася:

— Дарэмна ты гаворыш так. Ворагу мы не даруем, ён заплоціць за ўсё і панясе кару. А калі ў нас няма цяпер жадання дабіваць гэтую няшчасную немку, то гэта азначае толькі, што мы стаім вышэй за іх. Няхай яна заўтра пакажа свае зубы, і ў цябе з’явіцца і злосць і ўсё...

Васілёк цяпер быў шчаслівейшы ад усіх. Па-першае, ён мог катацца на сваім веласіпедзе колькі хоча, нікога не баючыся, а па-другое, ён ездзіў сярод сваіх войскаў. Ніводнай часці ён не прапусціў, усіх сустракаў, усіх суправаджаў. Часам нават крычалі на яго, каб ён не лез, куды не трэба. Але як толькі даведваліся, што ён «наш», то адразу рабіліся да яго ласкавымі.

Пасля паўдня ён такім чынам «умяшаўся» ў адно мінамётнае падраздзяленне, бо надта было цікава паглядзець, што за трубы нясуць салдаты на плячах. Убачыўшы нахабнага мясцовага хлапчука, хтосьці з салдат крыкнуў:

— Чаго блытаецца тут гэты малы нямчук?

— Я не немец,— з гонарам адказаў Васілёк.— Я наш.

— Наш? — засмяяліся салдаты.— Адкуль ты ўзяўся?

— Быў палонны, а цяпер вольны,— казаў ён, едучы побач.

Вядома, усе адразу зацікавіліся ім.

— А як зваць цябе?

— Васіль Скакун.

Тады адзін з салдат крыкнуў камусьці ззаду:

— Гэй, Скакун! Ідзі сюды, зямляк твой знайшоўся. Салдат Скакун шпарка падбег:

— Які зямляк? Дзе?

— Ды вось гэты малы нямчук,— смяяліся салдаты.

— Не кажы глупства,— нездаволена сказаў Скакун.

— А ты спытайся сам.

Скакун спытаўся:

— Хлопчык, як цябе зваць?

— Васіль Скакун,— паўтарыў той.

Салдат уздрыгануўся, падбег да яго, глянуў збоку і не ведаў, што думаць: здаецца, падобны, хоць яму тады было чатыры гады. Але ўбачыць тут, у Прусіі... Немагчыма!

Дрыготкім голасам зноў спытаў:

— Як завуць твайго бацьку?

— Татку? Не ведаю.

— А маці?

— Арына.

— Васілёк!.. Сын мой!..

Веласіпед пакаціўся ўбок, а Васілёк апынуўся ў абдымках свайго бацькі...

Усё падраздзяленне спынілася, як па камандзе. Падышоў камандзір і сказаў:

— Вітаю, таварыш Скакун! Гэта ж такі выпадак, што і ўявіць немагчыма.

Чарговы прыпынак падраздзялення камандзір зрабіў у гастгаўзе. У пакоі, дзе былі яшчэ відаць сляды барыкады, накрылі стол. За сталом сядзелі Арына з мужам, паміж імі Васілёк, затым настаўніца, камандзір, некалькі афіцэраў. Гаспадыня падавала на стол.

Зайшла гаворка аб тым, як жанчынам хутчэй дабрацца дадому.

— На чыгунку ў бліжэйшы час разлічваць нельга,— сказаў камандзір.— Трэба чакаць, пакуль будуць усіх адпраўляць арганізаваным спосабам. Прыйдзецца пажыць тут нямала часу. З'явіцеся да нашага каменданта, які будзе ў бліжэйшым горадзе, і ён вам скажа, што рабіць. А нам трэба рухацца далей. Бывайце шчаслівыя!

Як хутка прамільгнула гадзіна!..

Арына глядзела ўслед мінамётчыкам і не заўважала, што па шчаках яе коцяцца слёзы. За чатыры гады сустрэліся на гадзіну — і зноў разлука... Ці пабачацца болей?.. Але была ў гэтым горы і радасць: сям’я іх жывая і здаровая, хутка перамога і канец вайне, самыя горшыя дні засталіся ззаду... Гледзячы на маці, плакаў і Васілёк. Але гора яго было значна меншым, бо ён не ламаў галаву над самым галоўным пытаннем — ці пабачацца болей?..

— Ну што ж,— сказала настаўніца,— калі трэба чакаць, то лепш пачакаць тут. Толькі працаваць цяпер будзем ужо на карысць сваіх.

І яна растлумачыла Арыне свой план.

 

8

Паклікалі да сябе гаспадыню. Тая прыйшла спалоханая і стала ля дзвярэй.

— Вось што,— сказала настаўніца.— Зараз жа трэба аднавіць работу гастгаўза. У першую чаргу заўсёды павінна быць гарачая вада, чай, магчымасць памыцца, пераначаваць. Будзем гатаваць гарачую страву, галоўным чынам суп. Пусціце ў абарот усе вашы запасы. Вам заплоцяць.

— Заплоцяць? — недаверліва спытала гаспадыня.

— А вы думалі як? — строга сказала настаўніца.

— Выбачайце, нам казалі...

— Вам многа чаго казалі,— перапыніла настаўніца.— А вас яшчэ ніхто не крануў.— І, глянуўшы ей у вочы, з націскам дадала: — Нават мы...

Немка зразумела, пачырванела і апусціла вочы.

— Усе прадукты, што ў вас ёсць, мы запішам,— казала далей настаўніца,— і грошы за іх будзеце атрымліваць вы. А калі прадукты выйдуць, там убачым, што рабіць. Зразумелі?

— Каб так было, я нічога лепшага і не жадала б,— адказала немка.— Толькі ці спраўлюся я сама?

Жанчыны засмяяліся:

— Вы думаеце, што мы ўжо працаваць не будзем?— сказала Арына.— У нас усе працуюць. І вам прыйдзецца прывучыць да працы сваіх дзяцей. Не пашкодзіць. Апрача таго, мы думаем папрасіць сям’ю рымара.

— Дзякую вам,— сказала гаспадыня і выйшла задаволеная.

Пасля таго настаўніца мела гутарку з рымарам.

— Я не магу абяцаць вам пэўную плату,— казала настаўніца.— Справа часовая, можа, некалькі тыдняў. Будзем жыць вялікай сям’ёй.

Рымар ахвотна згадзіўся.

Праз гадзіну гаспадыня прынесла жанчынам нейкі клунак.

— Што гэта? — здзівіліся яны.

— У вас няма добрага адзення,— сказала яна.— Прыміце ад мяне падарунак.

— Падарунак? — горда сказала Арына.— Падарункаў не жадаем. Мы прымем гэта ў лік платы за нашу двухгадовую працу.

— Выбачайце,— засаромелася немка.— Гэта я так сказала.

Адзенне было нядрэннае. Жанчыны прымералі, падправілі, прыладзілі яго і адразу змянілі выгляд. Знайшоўся і для Васілька добры аксамітавы касцюм, з якога Макс вырас.

— Вось цяпер ты сапраўдная «фрау», я — «фройлен», а ён — «нямчук»,— смяялася настаўніца.

Затым настаўніца ўзяла аркуш паперы, напісала вялікімі літарамі словы: «Добро пожаловать» — і прымацавала паперу да плота. Паглядзела, падумала і зрабіла другі плакат з беларускімі словамі: «Калі ласка, заходзьце да нас!»

— Няхай ведаюць нашы землякі, хто тут жыве,— сказала яна.

Гастгаўз пачаў функцыяніраваць у той жа вечар. Першымі зайшлі два шафёры.

— А шчо цэ за білорусы живуть? — спыталіся яны, са здзіўленнем пазіраючы на «немак».

— Свае, свае! — адказалі жанчыны.— Пагрэйцеся, памыйцеся, адпачніце.

Памыліся, пагрэліся шафёры і паехалі далей.

На другі дзень наведвальнікаў было ўжо многа. Народ розны, з розных канцоў — і ўсе свае! Гутарка з імі была найвялікшым шчасцем для нашых жанчын. Трапляліся таварышы з Беларусі, сустракаліся назвы знаёмых мясцін, а часам і імёны знаёмых людзей. І кожны праезджы ў першую чаргу цікавіўся, якім чынам трапілі сюды беларускія жанчыны і якім чынам яны арганізавалі тут «гастгаўз».

Пад вечар заехалі самыя дарагія госці — раненыя. Іх было чалавек дзесяць з перавязанымі галовамі, рукамі, нагамі, але раны былі лёгкія. Пасля прыпынку яны паехалі далей. А праз паўгадзіны прыбылі чатыры чалавекі з больш сур’ёзнымі ранамі. З якой пяшчотай прымалі і даглядалі іх жанчыны!

— Дзеля аднаго гэтага варта было тут заставацца,— казала расчуленая настаўніца.

Раненыя пераначавалі ў гастгаўзе, і гэты начлег быў для іх найлепшым, можа, за многія месяцы.

Некалькі дзён заўважаўся ўзмоцнены рух раненых. Некаторыя, не спыняючыся, ехалі далей, некаторыя спыняліся на начлег, іншыя прыпыняліся на пэўны час. Настаўніца і Арына нястомна даглядалі іх, не спалі ночы.

І вось аднаго разу сярод раненых трапіўся муж Арыны! У яго была перабіта левая рука. У першы момант Арына вельмі спалохалася. Але, даведаўшыся, што вялікай небяспекі няма, нават узрадавалася — магло ж быць і горш... Вельмі хацелася, каб ён паляжаў тут, каб самой даглядаць яго, але нельга — яму патрэбна шпітальная дапамога.

І зноў маці і сын глядзелі ўслед бацьку, толькі ў другі бок, на ўсход.

У клопатах і працы шпарка праляцелі пяць дзён. На шосты каля дома спынілася машына і з яе выйшаў афіцэр з салдатам. Прыпыніўся, паглядзеў на дом, прачытаў плакаты на плоце, усміхнуўся, затым увайшоў у дом.

— Добры дзень! — прывітаўся ён.

— Добры дзень! — адказала настаўніца.— Прашу. Што пажадаеце?

— А што ў вас ёсць?

— Можна супу гарачага, чаю.

— А гарэлка ёсць?

— Можа, трошкі віна і знайшлося б,— усміхнулася настаўніца,— але мы яго беражом для раненых.

— А хто такія «мы»? — спытаў афіцэр.

— Ды я... мы...— сумелася настаўніца.— Адным словам, як тут кажуць, гастгаўз.

— Зойдзем у які-небудзь пакой, мне трэба пагаварыць з вамі.

Настаўніца з трывогай паглядзела на яго: чаго яму трэба? Яна павяла яго ў свой пакой. Глянуў ён на яго і сказаў:

— Нядрэнна вы тут абсталяваліся.

— Два гады пражылі ў хляве, пакуль сюды перасяліліся,— адказала настаўніца.

— А да каменданта з’яўляліся?

— Яшчэ не. Не ведаем, дзе шукаць яго. А самае галоўнае, часу няма, работы многа. Усё збіраемся пайсці.

— А ці ведаеце вы, што я, як камендант раёна, магу прыцягнуць вас да адказнасці? — строга сказаў ён, хоць ледзь стрымліваўся ад усмешкі.

— Завошта?

— За самавольства. Вы тут нацыяналізавалі прыватную гаспадарку, не маючы на гэта ніякага права.

— Зусім не нацыяналізавалі,— адказала настаўніца,— а толькі рэарганізавалі. Уласнасць гаспадыні не чапаем, і плата ідзе ёй.

— А гаспадарыць хто?

— Мы,— адказала настаўніца з хітрай усмешкай.

Камендант больш не мог стрымлівацца і шчыра рассмяяўся.

— Што мне цяпер рабіць з вамі? — развёў ён рукамі.— Пахваліць ці што?

— Я на вашым месцы пахваліла б,— адказала яна ў тон.

— А калі гаспадыня паскардзіцца на вас, мы павінны будзем абараніць яе,— сказаў камендант.

— А калі мы паскардзімся на яе? — спытала настаўніца.

— Тады мы будзем яе судзіць.

— У такім разе яна не паскардзіцца! — засмяялася настаўніца.— А ліквідаваць нашу справу не хочацца. Нашы праезджыя вельмі задаволены.

— Ведаю, чуў,— адказаў камендант.

Параспытаўшы ўсе падрабязнасці жыцця і спраў нашых жанчын і жыхароў гастгаўза наогул, камендант сказаў:

— Пакуль што пакінем так, як ёсць. А там пабачым. Для падмацавання я вам дам салдата.

«Беларускі гастгаўз» працаваў яшчэ некалькі тыдняў, пакуль нашы войскі не адсунуліся далёка на захад.

А затым нашы палонныя вярнуліся на радзіму.

 

1945 г.

 

 


1945

Тэкст падаецца паводле выдання: Маўр Я. Збор твораў у чатырох тамах (падпісное выданне). Том трэці. Мн., «Маст. літ.», 1975. - 388 с. з іл.
Крыніца: скан