epub
 
падключыць
слоўнікі

Янка Маўр

Лацароні

 

Зірні на Неапаль, а потым памірай!

Так кажуць італьянцы аб гэтым горадзе. І багатыя людзі з усіх канцоў Еўропы з’язджаюцца, каб зірнуць і — не памерці, не, а добра пажыць, пагуляць.

І сапраўды, прыгожа тут, вельмі прыгожа. Цёмна-сіняе ціхае мора стварае жывапісную Неапалітанскую затоку. На берагах раскошныя вілы бялеюцца з-за пальмаў, памеранцаў, лімонаў, лаўраў і іншых заўсёды зялёных раслін. Самы горад акружае прыгожае каменнае ўзбярэжжа, дзе заўсёды прагульваецца шмат вясёлых, шчаслівых людзей. А збоку, бы вартаўнік, стаіць вулкан Везувій і курыць сваю люльку...

Зіма тут складаецца з двух-трох дажджыстых асенніх тыдняў. Летам гарачыня не бывае звыш дваццаці чатырох градусаў. Неба заўсёды чыстае, сіняе; туманаў ніколі не бывае; дождж не затрымліваецца, праходзіць хутка.

Вось па набярэжнай ідзе вясёлая кампанія людзей — два мужчыны і тры жанчыны. Усім яны цікавяцца, да ўсяго прыглядаюцца — і ўсё ім падабаецца. Адразу відаць, што гэта прыезджыя.

— Во і лацароні. Пазнаёмцеся! — звярнуўся да жанчын адзін з мужчын.

На каменных прыступках сядзеў хлопчык гадоў дванаццаці і боўтаў нагамі па-над вадою. Чорныя валасы, чорныя вялікія вочы і цёмны загарэлы худы твар. На плячах кавалкі кашулі, з-пад якой на тры чвэрці галеецца загарэлае цела. Адна калашына ададрана знізу вышэй калена, а другая зусім выдрана збоку.

— Ах, які ён цікавы! — захапляюцца пані.

— І нават адзенне неяк падыходзіць да гэтай чароўнай старонкі!

— Праўду кажуць, што гэта найлепшы куток на зямлі.

Нават бедным добра жыць, не трэба клапаціцца аб адзенні. Нядужа трэба, каб пражыць.

І нашы «добрыя пані» шчыра верылі, што ўсім тут добра жывецца, што ўсе тут шчаслівыя. І нават гэты маленькі лацароні створаны толькі для таго, каб надаць цікавасць і прыгажосць усёй карціне...

Мужчына выцягнуў з кішэні манету і, паказаўшы хлопчыку, кінуў яе ў мора.

— Піль...

Не паспела манета апусціцца на дно, як хлопчык нагнаў яе і вынырнуў з вады, трымаючы грошы ў зубах.

— Малайчына! Брава! — крыкнулі пані і нават запляскалі рукамі.

Але тут падбегла яшчэ некалькі такіх самых дзяцей. І калі кінулі яшчэ манету, у вадзе пачалася валтузня. Тым часам падбеглі яшчэ трое, гадоў па пяць-шэсць, яшчэ больш абадраныя і запэцканыя. Яны пачалі спяваць, скакаць, прадстаўляць нейкія тэатральныя сцэны.

— Бачыце, бачыце! Такія маленькія і такія спрытныя! Як яны вольна трымаюцца! — зацікавіліся паны і кінулі ім некалькі манетак.

— Здольны і вясёлы народ,— гаварылі прыезджыя, ідучы далей уздоўж мора,— зусім не такія, як у нашых паўночных краях. Адразу відаць, што прырода іх тут песціць.

Ціха і мякка праносіліся аўтамашыны, і з першага позірку нельга было разабрацца, што ў іх знаходзіцца,— ці людзі, ці копы кветак.

А па блакітнаму мору ва ўсе бакі плылі гандолы (лодкі), убраныя дыванамі, кветкамі і закрытыя ад сонца шаўковымі занавескамі.

«Неапаль нельга не любіць. Каб вы толькі пражылі ў ім адзін дзень, дык ужо ўсё сваё жыццё, уздыхаючы, успаміналі б гэты дзень. Тут забываешся на ўсё ў свеце і толькі жывеш шчасцем ды хараством прыроды. Можна смела сказаць: «Спыніся, падарожнік! Нічога лепшага ты ўжо не ўбачыш!»

Так кажа адзін вялікі пісьменнік. І ўсе прыезджыя паны адчуваюць тое самае.

А калі надыходзіць ноч, тады бераг і мора загараюцца агнямі, рознакаляровыя феерверкі ўздымаюцца ў паветра, адусюль нясецца салодкая музыка, асабліва з мора, з гандол. І тады пачынаеш разумець, чаму гэта кажуць: «Зірні на Неапаль, а потым памірай!»

Ці адчуваў усё гэта Джузепе, той самы хлопчык, што лавіў грошы ў вадзе?

Пазіраць на Неапаль — ён пазіраў, але паміраць зусім не збіраўся. Бо яму ўдалося добра пад’есці. На злоўленыя грошы ён купіў жменю макаронаў, катах кукурузы і некалькі смажаных каштанаў. Такой раскошы ён даўно ўжо не бачыў. Мала таго, яму і на заўтра засталося некалькі чэнтызімаў.

Джузепе быў лацароні, па-нашаму,— беспрытульны. Такіх беспрытульных у Неапалі заўсёды многа. І не толькі дзеці, нават беспрытульныя дарослыя лічацца тут тысячамі. Мала дзе знойдзецца столькі беспрытульных, колькі ў гэтым горадзе, дзе прыезджыя багатыя людзі забываюць аб усім на свеце і толькі жывуць шчасцем ды хараством прыроды...

Чаму і як зрабіўся Джузепе лацароні, ён і сам добра не ведае. Здарылася гэта тады, калі яму было гадоў пяць-шэсць. Жыў ён, як і ўсе добрыя людзі, у маленькай цёмнай і бруднай хаціне, меў бацькоў і старэйшага брата Паола. Бацька яго працаваў на тытунёвай фабрыцы.

Але вось аднаго разу прыйшлі нейкія людзі ў чорных кашулях, пачалася мітусня, крыкі, страляніна, загарэлася суседняя хата, потым іхняя. Маці кудысьці знікла, а бацька застаўся забітым на вуліцы. Джузепе пабег куды вочы глядзяць, заблытаўся, ды так і застаўся пад «чароўным небам».

Што такое здарылася — ён не разумеў. Памятае толькі, што людзей у чорных кашулях называлі «фашыстамі». Потым ён часта бачыў на вуліцы цэлыя атрады гэтых фашыстаў з музыкай, са сцягамі, але яны ні на каго не кідаліся, не забівалі. Аднаго разу нават нейкі фашыст даў яму некалькі чэнтызімаў.

Потым ён чуў рознае пра гэтых фашыстаў. Адны казалі, што гэтыя людзі хочуць, каб рабочыя і ўся бедната пакорліва працавалі на карысць багатых і не асмельваліся нават думаць пра паляпшэнне свайго становішча. А другія казалі, што фашысты добрыя людзі, што яны клапоцяцца аб тым, каб бацькаўшчына, Італія, была найвялікшай і наймацнейшай ад усіх дзяржаў. Але Джузепе не разумеў усяго гэтага і не разважаў. Ён толькі добра памятаў, што яны забілі яго бацьку, а сам ён галадае, не мае прытулку і ніякай радні.

Аднак ён не заўсёды скардзіўся на свой лёс.

У такія дні, як сёння, калі ён зарабіў некалькі чэнтызімаў, ён быў зусім шчаслівы. А радні ён меў досыць: усе лацароні былі яго раднёй.

* * *

Надышоў вечар. Вось над касцёлам святога Януарыя (гэты святы лічыцца абаронцам Неапаля) узляцела ракета, другая. Потым зазванілі званы. Сціхлі званы — зноў ракета. Потым зноў...

Гэта заманьваюць народ у касцёл. Практыка паказала, што на ракеты народ ахвотней ідзе, як на звон або запрашэнні. Пайшоў і Джузепе.

На гэты раз набажэнства было важнае: павінен быў адбыцца цуд — кіпенне крыві святога Януарыя. Цырымонія з цудам робіцца два разы ў год і цягнецца цэлы тыдзень.

Вынеслі на сярэдзіну касцёла срэбную статую Януарыя, пачалі яе з малітвамі апранаць, потым прынеслі шкляную вазачку, у якой была «кроў» Януарыя. Гэты святы зрабіўся з старадаўняга бога Януса за некалькі соцень гадоў перад хрысціянствам; яго імем назвалі і месяц «январь».

Ксёндз узяў у рукі вазачку, паказаў народу і, трымаючы высока каля свечкі, пачаў маліцца. Народ стаў шчыра дапамагаць, шаптаць, спяваць, выкрыкваць. Кроў не кіпела. Тады некаторыя пачалі злавацца, папракаць Януарыя, што ён не хоча паказаць цуд. Жанчыны пачалі плакаць, а мужчыны нават крыху... лаяцца. І вось нарэшце кроў закіпела1.

Народ загуў ад радасці і здзіўлення. Пачаў шчыра хрысціцца і Джузепе. Тут ён убачыў у кутку, перад абразом маткі боскай, свайго знаёмага лацароні Перучы, дзецюка гадоў дваццаці. Ён так шчыра кленчыў перад абразом, што нічога не заўважаў навакол, нават і вялікага цуда. Джузепе праціснуўся да яго і дакрануўся да пляча. Перучы азірнуўся і сказаў:

— Вось добра, што я цябе ўбачыў! Ты мне патрэбен.

— Навошта?

— Справа ёсць!

— Якая?

— Зараз скажу, пачакай...

І, адвярнуўшыся, ён пачаў маліцца далей. Ён так шчыра шаптаў, што Джузепе нават мог разабраць словы:

— Прасвятая мадонна, дапамажы! Ну, хоць адзін раз. Табе гэта нічога не каштуе. А я за гэта пастаўлю табе свечку ў тры ліры. А калі добра зараблю, дык і болей. Мінулы раз не дапамагла. Хоць цяпер дапамажы. Дзве, пяць свечак пастаўлю. Змілуйся. А не,— дык прымусіш мяне зусім адвярнуцца ад цябе.

Перучы ўстаў, і яны абодва выйшлі з касцёла.

— Аб чым ты так шчыра маліўся? — запытаўся Джузепе.

— Справа ёсць: пажывіцца можна. Сёння ўначы... Справа небяспечная. Вось я і маліўся, каб мадонна дапамагла. Згодзен за гэта паставіць хоць дзесяць свечак. Але яна раз ашукала мяне, каб ёй гэта бокам вылезла. Астатні раз звяртаюся да яе. Калі і цяпер не дапаможа, выберу сабе другога святога2.

— А якая справа?

— Потым скажу, а пакуль што ідзі дадому і чакай мяне. Я прыйду праз гадзіны тры.

* * *

Джузепе пайшоў «дадому».

Тая набярэжная, дзе днём сядзеў Джузепе, з’яўляецца «парадным». Да яе падыходзяць толькі «чыстыя» судны: пасажырскія параходы, гандолы, а на беразе прагульваецца толькі «чыстая» публіка.

Далей жа ідзе «чорны» ўваход — порт, куды прывозяцца вугаль, селядцы, нафта, скуры, жалеза і розныя іншыя тавары, якія ідуць толькі на карысць, а не аздобу Неапаля. Там ужо няма той прыгажосці. Набярэжная завалена бочкамі, бярвеннямі, скрынямі, мяхамі і рознымі іншымі «бруднымі» рэчамі.

Замест беласнежных палацаў стаяць брудныя пакгаузы, майстэрні. У самым канцы гэтага порта, пад перавернутай старой рыбацкай лодкай, і знаходзіўся «дом» Джузепе.

Калі Джузепе прыйшоў, там ужо сабралася чалавек з дзесяць «кватарантаў». Большасць з іх былі такія самыя дзеці, як і Джузепе, двое мелі гадоў па васемнаццаць-дваццаць, а адзін быў зусім сталы мужчына, гадоў пад сорак, ды жанчына гадоў трыццаці.

Пачалі дзяліцца ўражаннямі, хто як правёў дзень, хто што зарабіў.

— Мне прыезджыя далі цэлыя паўліры за тое, што я пальцамі на губах сыграў ім серэнаду,— хваліўся адзін хлапец.

— А я злавіў у вадзе дваццаць чэнтызімаў! — дадаў другі хлопчык.

— I я таксама! — сказаў Джузепе.

Дарослы дзядзька сядзеў, абапёршыся локцямі аб калені, глядзеў прама перад сабой і, здаецца, нічога не чуў і не бачыў. Жанчына ляжала на зямлі, абгарнуўшы галаву хусткай, і не варушылася, хоць і відаць было, што яна не спала.

Дзеці пачалі вячэраць. Павыцягвалі свае нязменныя макароны, рыбу, каштаны, вараны боб, кукурузу. Але трэба сказаць, што з усіх іх толькі пяць чалавек мелі сёе-тое, рэшта ж, у тым ліку дарослыя, нічога не мела...

— Дзядзька, можа, хочаце? — звярнуліся да мужчыны хлапцы, прапануючы кукурузны катах.

— Дзякую...— сказаў той і борздзенька схапіў пачастунак.

Заварушылася жанчына і нібы застагнала. Джузепе падпоўз да яе, дакрануўся да пляча і мякка сказаў:

— Цётачка, можа, хочаце закусіць з намі?

Жанчына прыўстала, некалькі хвілін пазірала, быццам нічога не разумеючы, а потым прамовіла:

— Дзякую, дзеткі! — і заплакала.

Яна сёння яшчэ нічога не ела.

Мора пяшчотна плёхалася ля іх ног. Зоркі мігцелі і скакалі ў вадзе. Рог месяца з цікавасцю заглядаў пад лодку. Ніці электрычных ліхтароў дугою акружалі затоку. Далей, у моры, як нейкае вока, вызначаўся востраў Капры.

Вось праехалі міма дзве гандолы, упрыгожаныя рознакаляровымі папяровымі ліхтарыкамі. Дзіўная пяшчотная песня палілася адтуль і паплыла па моры ва ўсе бакі — і да зорак, і да вілаў, і пад лодку, да беспрытульных.

Ну, хто пасля гэтага скажа, што ў Неапалі дрэнна жывецца?

— Джузепе! — пачуўся голас знадворку.

— Іду...

Гэта прыйшоў Перучы.

Яны пайшлі па набярэжнай, накіроўваючыся ў «чысты» квартал. Прайшлі порт, выйшлі на галоўную набярэжную. Была першая гадзіна ночы. Горад спаў, але ў розных месцах ззялі агнямі рэстараны, неслася адтуль музыка, праязджалі аўтамашыны з п’янымі панамі ды на моры блыталіся яшчэ гандолы.

— Твая задача будзе,— казаў дарогаю Перучы,— пастаяць на варце, папільнаваць,— усяго толькі. Ты не баішся?

— Мне ўсё роўна! — адказаў Джузепе.

Ён і сам добра не ведаў, баіцца ён ці не. Ён ведаў, што яны ідуць красці, але таксама не разважаў, добра гэта ці не. Для іх гэта было такім самым заработкам, як злавіць грошы ў вадзе, праспяваць песню, ашукаць каго-небудзь, асабліва чужаземцаў, сцягнуць, што можна, зарабіць якімі-небудзь паслугамі і так далей. Адным словам, такая справа для іх з’яўлялася звычайнай, як, скажам, для вераб’я, які зусім не разважае аб тым, ці ён крадзе, ці знаходзіць, ці яму даюць. Абы толькі перапала.

Добрым лічылася ўсё тое, што мела добрыя вынікі, поспехі, а нядобрым — усё тое, дзе не пашанцуе.

Ды яшчэ нядобра было пакрыўдзіць свайго брата лацароні або такога, які хоць і не лічыцца лацароні, але па свайму становішчу амаль нічым не адрозніваецца ад іх.

Тым часам яны выйшлі на другі бок горада, дзе пачыналіся панскія вілы. Ля адной вілы і спыніўся Перучы.

— Я даведаўся,— сказаў ён,— што гаспадароў часта не бывае дома, і выведаў усе хады і выхады. Хадзем сюды.

Яны завярнулі ў завулачак, праціснуліся ў нейкі куток і падышлі да высокага плота. Спрытна перабраліся на другі бок і апынуліся ў садзе з памеранцавых і міндалевых дрэў.

Падышлі да невялікага прыгожага палаца.

— Агонь!..— прашаптаў Перучы.

На другім паверсе акно было адчынена, і адтуль ішло святло.

— Прыйдзецца чакаць, схаваемся...

Яны схаваліся за кустом вінаграду і пачалі чакаць. Прайшло, можа, якіх дзесяць-пятнаццаць мінут, а ім здавалася, што яны сядзяць гадзіну.

— Чаго нам дарма сядзець тут? — сказаў Джузепе.— Можа, нічога і не выйдзе.

Перучы пачухаў сваю чорную лахматую галаву і нерашуча сказаў:

— А можа, і выйдзе. Вось што, ты лёгкі, узлезь вунь на тую галіну, што ля самага акна, ды паглядзі, што там робіцца.

Джузепе палез. Толькі лацароні і мог так лёгка і ціхенька выканаць такую задачу.

Джузепе ўбачыў у пакоі двух чалавек, якія, відаць, рыхтаваліся ўжо выходзіць. Выгляд аднаго з іх здаўся Джузепе знаёмым, толькі ён ніяк не мог успомніць, дзе і калі яго бачыў.

— Дык вы кажаце, што гэта Паола Маконі іх склікае? — казаў адзін з іх.

— Ён, пракляты. Ён даўно ўжо баламуціць навакол.

— Ну, а адрас вы добра ведаеце? Там жа такія закавулкі, што сам чорт нагу зломіць.

— Я добра прыгледзеўся: Тарэнцкая, 43, зараз жа за касцёлам святого Амброзія. Там, у двары, налева, яны і павінны сабрацца.

— Ну, хадзем тады,— сказаў першы, і яны пайшлі да дзвярэй.

За гэты момант Джузепе ўспомніў адразу тры важныя рэчы: першае, што гэтага пана ён бачыў тады, калі загінулі яго бацькі і дом; гэты пан быў тады нібы начальнікам у фашыстаў.

Другое, што ён успомніў, гэта прозвішча «Маконі». Здаецца, яго бацьку звалі Маконі — Петра Маконі,— як яму няясна ўспамінаецца. Сам Джузепе не ведаў свайго прозвішча; ён заўсёды быў Джузепе і больш нікім.

І трэцяе,— што ў яго быў старэйшы брат Паола. Можа, гэты Паола Маконі і ёсць яго брат? А калі ім цікавіцца гэты дзядзька, значыцца, справа дрэнная. Значыцца, трэба папярэдзіць, хоць бы гэта быў і чужы Паола. А касцёл святога Амброзія ён добра ведае.

Усе гэтыя думкі паспелі мільгануць у яго галаве, пакуль ён злазіў з дрэва.

— Ну, што, што? — кінуўся да яго Перучы.

— Ідуць, бяжым...— засопшыся, сказаў Джузепе.

— Ну і добра, калі выходзяць. Хавайся.

Джузепе хацеў быў бегчы, але зараз жа пачулася, як адчыняюцца дзверы. Перучы ўхапіў яго за руку і пасадзіў за куст. Мужчыны выйшлі з дзвярэй, падышлі да брамы, адчынілі яе ключом і выйшлі на вуліцу.

— Ну, вось і добра! — весела сказаў Перучы.— Даўно б гэтак. Відаць, мадонна на гэты раз пажадала мне дапамагчы. Куды ты? — затрымаў ён Джузепе, які накіраваўся бегчы назад праз плот.

— Не, не, я не магу; трэба папярэдзіць людзей, брата. Гэтыя людзі хочуць ім зрабіць ліха.

— А што нам да другіх? Хай усе яны там галовы свае паскручваюць. А ў нас тутака справа пэўная.

— Не-не, не магу...— вырваўся Джузепе і пабег да плота.

— Тфу, дурань! — плюнуў Перучы.— Уцякае, калі ўся справа наладжана. Тым горш для цябе самога, а я цяпер адзін абыдуся.

А Джузепе ўжо бег што было сілы па вуліцах да касцёла святога Амброзія. Вуліцы рабіліся ўсё вузейшымі і вышэйшымі. Вось пайшлі ўжо такія, што не толькі на аўтамабілі, але і на простым возе ехаць нельга, і ездзяць тут толькі верхам на мулах.

Такая была і Тарэнцкая вуліца. Хаткі стаялі на ступенях, высечаных у скалах, а па вуліцы трэба было ўзбірацца, як па сходнях.

Вось і касцёл, вось і той двор. Джузепе шмыгнуў у яго, нібы ў калодзеж, але зараз жа нехта моцна ўхапіў яго за каршэнь.

— Куды ты? Хто ты і адкуль? — пачуў ён грозны голас.

— Мне трэба Паола Маконі. -

— Навошта? Хто цябе паслаў?

— Я сам. Трэба папярэдзіць. Пусціце. Яму пагражае небяспека.

Незнаёмец задумаўся, не ведаючы, што рабіць. Джузепе зноў сказаў:

— Не марудзьце, пусціце. Зараз могуць прыйсці.

Чалавек, не выпускаючы яго з рук, павёў у сярэдзіну.

Праз нейкую чорную дзіру, па вузенькіх малых прыступачках увайшлі яны ў каморку, дзе было чалавек пятнаццаць-дваццаць рабочых. Ля стала стаяў малады рабочы, гадоў дваццаці пяці, і казаў:

— Увесь сакрэт у добрай арганізацыі і дысцыпліне. Калі мы гэтага дасягнем, тады не бяда, што нас спачатку будзе і мала. Дзесяць дысцыплінаваных і арганізаваных варты тысячы неарганізаваных...

Ён спыніўся, убачыўшы, што прывялі нейкага хлопчыка. Усе прысутныя з цікавасцю і трывогай павярнуліся да іх.

— Вось гэты хлопчык упарта хоча нешта сказаць,— растлумачыў увайшоўшы.

— Хто табе трэба, хлопчык? — запытаўся прамоўца.

— Паола Маконі.

— Адкуль ты яго ведаеш? Што ты хочаш яму сказаць?

— А ён тут ёсць? Дзе ён? — запытаўся Джузепе.

Рабочыя зірнулі адзін на аднаго. Той, што казаў, таксама неяк нерашуча ўстрымаўся.

— Які ты дапытлівы! Ну, а пакуль што ці не можаш ты нам сказаць, у чым справа?

— Я падслухаў, як дзядзькі-фашысты казалі аб Паола Маконі, і гэты адрас я таксама ад іх чуў. Я здагадаўся, што яны надумаліся зрабіць нешта дрэннае, тым болей, што...

Не паспеў ён скончыць, як удзельнікі сходу заварушыліся і ўсталі.

— Таварышы! Разыходзьцеся ціхенька, па адным, ды не па вуліцы,— пачуліся галасы.

— Дзякуем, хлопчык. Ну, а ты хто такі? Адкуль і як зваць? — звярнуўся да яго першы рабочы.

— Я Джузепе і, мабыць, таксама Маконі. Бацьку майго забілі. Быў старэйшы брат Паола...

— Джузепе?! Брацік мой! — усклікнуў той, ухапіў яго, падняў і прыціснуў да сябе.

Убачыўшы такую сцэну, рабочыя спыніліся і нават забыліся, што трэба ўцякаць. У некаторых на вачах навярнулася слязінка.

— Таварышы, не марудзьце! — крыкнуў Паола і, трымаючы за руку Джузепе, выскачыў праз акно.

Праз хвіліну ўсе зніклі.

* * *

Пакуль што на гэтым наша гісторыя канчаецца. Але хочацца яшчэ зазначыць, што для фашыста той дзень быў вельмі няўдалы. Калі ён прыйшоў сюды, то не застаў людзей, а калі вярнуўся дадому — не застаў сваіх рэчаў.

 

1929 г.

 

1 Гэты «цуд» у нас робіцца ў школах. Калі ўзяць такую самую пасудзіну з вадой, але без паветра і патрымаць яе ў руцэ, то ад адной гэтай цеплыні вада кіпіць, бо яе не прыціскае паветра.

2 Такія патрабаванні да святых у Італіі зусім не дзіва. Даўней бывалі выпадкі, калі нават каралі іх за тое, што яны не дапамаглі, напрыклад, садзілі ў турмы.


1927; 1929

Тэкст падаецца паводле выдання: Маўр Я. Збор твораў у чатырох тамах (падпісное выданне). Том другі. Мн., «Маст. літ.», 1975. - 416 с. з Іл.
Крыніца: скан