epub
 
падключыць
слоўнікі

Янка Маўр

Нашы дзеці

 

Вялікая Айчынная вайна паказала ўсю веліч савецкага народа і яго арміі. Многія пакаленні будуць дзівіцца і захапляцца подзвігамі нашага народа. І сярод гэтых незлічоных подзвігаў асобнае месца будуць займаць подзвігі нашых дзяцей і іх матак.

Асабліва моцнае ўражанне робяць гэтыя факты, калі аб іх расказваюць самі дзеці, удзельнікі падзей. Няхітрыя, непасрэдныя дзіцячыя словы часта больш гавораць, як самыя красамоўныя апісанні.

Галоўная асаблівасць гэтых расказаў тая, што ў іх гаворыцца аб людзях, якія рабілі сваю справу, нават не ведаючы, што яны робяць подзвіг.

* * *

Два хлопчыкі на Гомельшчыне — Чэчанкоў і Сабернікаў — былі ўзяты немцамі на работы. Праз некаторы час яны ўцяклі. Здавалася б, што, паспытаўшы такой катаргі, яны павінны былі б сядзець цяпер ціхенька, як мышы, каб зноў не трапіць у рукі ворага. Але яны былі савецкія дзеці і зрабілі іначай. Знайшлі недзе «кусачы» і пайшлі ўдвух самастойна, па сваёй ініцыятыве, рэзаць правады. «За адзін дзень мы перарэзалі шэсць правадоў, а потым больш і больш». А пазней адзін з іх загінуў смерцю героя.

Дзесяцігадовая Зоя Васілеўская з Сенненскага раёна пасля смерці бацькоў жыла ў чужой вёсцы ў нейкай цёткі. Дзяўчынка звязалася з партызанамі і выконвала іх даручэнні. Нават паступіла на работу ў нямецкі штаб, дастала там чатыры рэвальверы, хавала іх дома — і цётка не ведала, што яе дзяўчынка вядзе такую небяспечную работу. Не маглі падумаць гэтага і немцы, хоць старанна шукалі таго, хто ўзяў.

Яшчэ большае ўражанне робяць факты, калі ў паасобных выпадках самі маткі накіроўваюць сваіх дзяцей на подзвіг. У савецкай маці любоў да сваёй Айчыны цесна спалучаецца з любоўю да свайго дзіцяці.

У Бабруйску маці Захарэнка даручыла свайму дзевяцігадоваму сыну... узарваць танк! Танк стаяў на вуліцы, нямецкія танкісты гулялі ў доме. Маці дастала магнітную міну і навучыла хлопчыка, як яе ўжываць. Потым павяла яго да танка. Там група дзяцей гуляла ў вайну: адны «наступалі», другія «адступалі». Хлопчык далучыўся да тых, што адступалі, і схаваўся пад танк. Там ён падлажыў міну, а затым з крыкам «ура» выскачыў з-пад танка, кінуўся на тых, што наступалі, і ўцёк. Праз шэсць гадзін танк узарваўся.

Вось некалькі фактаў з дзейнасці маткі і дачкі Зажарскіх у Брэсце, апісаных дачкой Лерай (Калерыяй). Лера мела дзесяць гадоў, калі пачалася вайна. Маці яе звязалася з падпольнай арганізацыяй і вяла адказную работу. Праз кароткі час яна ўключыла ў работу і малую сваю дачку.

Дзяўчынка насіла па ўказаных адрасах нелегальную літаратуру, газеты, лістоўкі, радыёзводкі. Але часцей за ўсё маці пасылала яе ў горад глядзець, дзе, на якой вуліцы, у якім доме змяшчалася тая ці іншая вайсковая часць.

Паступова заданні рабіліся ўсё больш і больш адказнымі.

«Аднойчы я панесла ўзрыўчатку на вуліцу Сянкевіча ў дом, дзе былі нямецкія лётчыкі і наша сувязная. Тол быў на дне кошыка, затым была насыпана мякіна, а ў ёй яйкі, якія я мяняла на хлеб. На кухні мяне спаткала наша дзяўчына Насця Паршына, а з ёй быў немец. Звычайна немец ішоў па хлеб, а я перадавала Насці ўзрыўчатку. На гэты раз немец сам стаў памагаць мне выбіраць з кошыка яйкі і капацца ў мякіне. Я з жахам думала, што зараз ён дабярэцца да дна і намацае тол. Тады Насця за яго спіной бразнула на падлогу каштоўнае блюда. Немец стаў лаяць Насцю, а я тым часам вылажыла з кошыка ўсе яйкі. А потым, як немец выйшаў, аддала Насці тол.

Калі дома я расказала аб гэтым маме, яна збялела, абняла мяне і сказала:

— Дачушка мая! А каб цябе выкрылі, пасадзілі ў турму, ты б сказала, чыя ты і хто ты?

— Ніколі!

— А цябе білі б і катавалі, як Галю.

— Я тады думала б пра Галю, Веру і Барыса Апашкіна, а я — піянерка, іх змена.

— А ты не пакрыўдзілася б на нас з татам, што мы цябе пасылалі на гэтую справу?

— Я ганаруся вамі і гэтай справай!»

У вёсцы Навасёлкі Слаўгарадскага раёна маці паслала свайго адзінаццацігадовага сына, Ваню Сіманава, дастаць зброю з нямецкага склада. Склад быў у адной хаце, якая стаяла наводшыбе. Хлопчык удзень з агарода прабраўся ў склад і выцягнуў дзве вінтоўкі з патронамі. Гэтак ён зрабіў яшчэ і яшчэ раз, а на чацвёрты папаўся.

Пачаўся допыт, катаванне. Хлопчык маўчаў. І вось прыйшла маці і заявіла, што ён не вінаваты, што яна сама паслала яго... Маці забілі. Сына жывым кінулі ў калодзеж. Ён выратаваўся і цяпер знаходзіцца ў Магілёўскім дзіцячым доме.

Месца не дазваляе прывесці яшчэ больш падобных фактаў. Усе яны ўздымаюць перад намі велічны вобраз савецкай маці і дзіцяці. Гэтыя прыклады заўсёды будуць натхняць наш народ не толькі ў часе выпрабаванняў, але і ў часе мірнага будаўніцтва.

 

1946 г.


1946

Тэкст падаецца паводле выдання: Маўр Я. Збор твораў у чатырох тамах. Том чацвёрты. — Мн., «Маст. літ.», 1976. — 408 с.
Крыніца: скан