epub
 
падключыць
слоўнікі

Янка Маўр

Некалькі слоў пра мараль

Што ёсць дабро і што ёсць зло? Якія агульныя крытэрыі выпрацавала чалавецтва? Якія ідэалы з’яўляюцца агульнымі для людзей нашага часу? Якія вечныя ісціны прызнаны ўсімі? Просім не палохацца — зараз мы скажам прасцей: ці можа быць на свеце такое злачынства, такі подлы ўчынак, які ўсе культурныя людзі прызналі б злачынствам? Пры гэтым маюцца на ўвазе не асобныя індывідумы — ці мала на свеце знойдзецца вылюдкаў? — а катэгорыі нармальных і адукаваных людзей.

Калі хто скажа, што забойства нявінных людзей для ўсіх вякоў і народаў лічылася справай ганебнай, то сёння найкультурныя атамшчыкі вам адкажуць, што гэтая мараль ужо састарэла, што цяпер пытанне ставіцца зусім наадварот: трэба знайсці такую бомбу, якая «не знішчала б матэрыяльных каштоўнасцей, а толькі адных людзей».

Можа, здрада належыць да той катэгорыі з’яў, якія ўсюды лічацца ганебнымі? Зноў не. Колькі ёсць краін, дзе здраднікі ганарацца сваёй дзейнасцю і займаюць высокія пасады!

Калі возьмем ашуканства, хлусню, адмаўленне ад свайго слова, то гэтай справай на нашых вачах займаюцца самыя паважаныя і багатыя джэнтльмены, ніколькі не лічачы такую дзейнасць ганебнай.

Што ж тады застаецца бясспрэчным у маральным кодэксе цывілізаванага чалавека? Можа, маральна-бытавое разлажэнне, распуста ўсімі прызнана ганебнай з’явай? Ні ў якім разе. Наадварот, за апошні час на Захадзе прапаганда распусты прымае ўсё большы размах. У Амерыцы «кароль парнаграфічных раманаў» Мілер з’яўляецца самым модным пісьменнікам. У Францыі розныя «сексуалісты» адкрыта прапаведуюць прымат самых нізкіх інстынктаў чалавека. Пахабныя «філосафы», кнігі, п’есы, малюнкі, трактаты, дэкларацыі вядуць рашучае наступленне на «старую мараль». І ўлада ім не перашкаджае. Чаго добрага, маральную чысціню ў нашым разуменні хутка аб’явяць «ганебнай з’явай».

Нас усё гэта здзівіць не можа, бо мы даўно ведаем, што абсалютнай маралі няма, што яна залежыць ад сацыяльных умоў. Тое, што для нас з’яўляецца ганебным, у «іх» можа лічыцца дадатным і наадварот.

Аднак паколькі ў жыцці сучаснага чалавецтва ёсць і агульныя рысы, то можна знайсці і некаторыя агульныя погляды. Возьмем, напрыклад, пытанне аб «продажы жывога тавару». Няма ніводнай цывілізаванай краіны, дзе б гэты продаж быў дазволены. Нават там, дзе легалізавана прастытуцыя і парнаграфія, продаж жанчын забаронены. Ёсць і міжнародныя канвенцыі, якія забараняюць такі гандаль. І ніхто яшчэ не адважваўся адкрыта выступаць у абарону яго. Нават у камітэце Асамблеі па сацыяльных і гуманітарных пытаннях не знайшлося ніводнага чалавека, які выступіў бы за скасаванне такой канвенцыі. (Мусіць, таму, што Злучаныя Штаты яшчэ не паставілі гэтага пытання).

Але ў канвенцыях захаваўся архаічны пункт, паводле якога ў каланіяльных краінах продаж жанчын не забараняецца. Само сабой зразумела, што савецкая дэлегацыя ўнесла прапанову выключыць гэты ганебны пункт.

Хто мог адважыцца выступіць супроць такой прапановы? Хто мог адкрыта заявіць, што ён стаіць за продаж жанчын? Хто мог бы публічна прызнаць, што ён не лічыць такую справу ганебнай? Нават загартаваныя мужы, звыклыя выступаць супроць кожнай савецкай прапановы, не адважыліся на гэта.

Адважылася толькі... жанчына! Прадстаўніца Англіі Патон. Праўда, яна не сказала, што абараняе прастытуцыю і парнаграфію, яна зыходзіла з нейкіх юрыдычных меркаванняў, але факт застаецца фактам: іменна яна выступіла супроць савецкіх паправак аб забароне продажу жанчын. Вядома, ёй і кнігі ў рукі. Хто, калі не жанчына, лепш разумее гэтае пытанне?

Закулісныя заправілы, пэўна, лічылі, што супраць такога аўтарытэтнага выступлення ніхто не ўстоіць. Але мужчыны ўстоялі. Магчыма, яны пачырванелі, але не згадзіліся з жанчынай і большасцю галасоў прынялі савецкія прапановы. Можа, тады пачырванела і місіс Патон, але што ёй было рабіць? Яна ж была прадстаўніцай англа-амерыканскага блоку і абавязана была выступаць супраць, не гледзячы на сваю жаночую годнасць.

Не пачырванеюць толькі тыя, хто кіруе ўсёй механікай. Бо гэтай здольнасці прырода ім не дала.

 

1947 г.


1947

Тэкст падаецца паводле выдання: Маўр Я. Збор твораў у чатырох тамах. Том чацвёрты. — Мн., «Маст. літ.», 1976. — 408 с.
Крыніца: скан