Янка Маўр

Раскажы пра сваіх сяброў

 

Чытаючы выказванні дзяцей, я прыйшоў да вываду, што многія не разумеюць па-сапраўднаму слоў «сябар» і «сяброўства», не разумеюць таго вялікага сэнсу, які закладзен у гэтых словах.

Сяброўства — вялікая справа. Па-першае, яно не церпіць несумленных, баязлівых людзей. Не церпіць сяброўства зазнаек, якія паважаюць толькі сябе. Не церпіць таму, што сяброўства — вялікі абавязак, які ўскладзены на чалавека. Сяброўства абавязвае кожнага рабіць штосьці добрае для свайго сябра.

Калі чалавек культурны, смелы, калі ў яго цвёрды характар, вялікая воля, калі ён не кідае слоў на вецер, то ён з гонарам зможа выканаць гэтыя абавязкі. Ён заўсёды будзе тваім сябрам. Чаму? Таму, што ён зможа ў любы момант выручыць цябе з бяды, дапамагчы табе ў цяжкіх умовах, утрымаць ад дрэннага ўчынку. Сяброўства — гэта гатоўнасць пайсці на ахвяру дзеля таварыша.

Вялікі паэт Аляксандр Сяргеевіч Пушкін, знаходзячыся ў ссылцы ў сяле Міхайлаўскім, вельмі пакутаваў. Пакутаваў таму, што быў адарваны ад вялікага жыцця, якое кіпела ў Пецярбурзе і Маскве і якое ён так любіў, пакутаваў таму, што быў адарваны ад сяброў, з якімі любіў спрачацца...

Царскі ўрад забараніў каму б то ні было бываць у паэта.

Можна ўявіць, якія гэта былі пакуты для вясёлага, жыццярадаснага паэта. Ад нуды ён не мог працаваць, не мог пісаць. А яго ж вершаў чакала Расія, чакаў народ, які вучыўся многаму ў паэта.

І вось да апальнага паэта аднойчы прыехаў у госці яго ліцэйскі сябар Іван Пушчын. Ён правёў з Пушкіным усяго толькі суткі. Але пасля таго як ён паехаў, Пушкін перамяніўся. Да яго вярнулася ранейшая весялосць, ён зноў пачаў пісаць. Ён ведаў, што і ў ссылцы ён не адзінокі, што аб ім памятаюць і клапоцяцца яго сябры. І гэта надавала сілы Пушкіну.

Як бачыце, дзеля добрага сябра Пушчын не пабаяўся гневу цара і яго ўрада. Пушчын быў сапраўдным сябрам.

Вось гэткім сябрам трэба імкнуцца быць кожнаму з вас.

Я ведаю, што табе не падабаецца, калі сябар, які даў слова, паабяцаў штосьці зрабіць, не стрымаў яго, не зрабіў нічога. Ён салгаў. Таму імкніся сам быць сумленным, умей трымаць сваё слова.

Не падабаецца табе і тое, што ў выпадку небяспекі сябар, на дапамогу якога ты разлічваў, збег, кінуў цябе аднаго. Таму будзь сам смелы, каб не падводзіць свайго сябра ў падобным выпадку. Рабі так, каб апраўдаць перад іншымі званне сябра.

Ніколі нельга парываць сяброўства з-за дробязяў. Часта з засмучэннем даводзіцца бачыць, як два вучні сварацца з-за зламанага алоўка. Да гэтага яны сябравалі так, што, здаецца, і вадой не разліць. Але зламаны аловак ламае і сяброўства. Калі сяброўства гэтых хлопчыкаў выявіла сябе менш важным, чым аловак, то гэта было не сяброўства. У сапраўдных сяброў бывае так: яны, не спрачаючыся, не сварачыся, разбяруцца, хто правы, хто вінаваты, і вінаваты прызнае, што зрабіў дрэнна, і пастараецца выправіць сваю памылку. Ад гэтага сяброўства толькі мацнее.

Толькі той мае права на сяброўства, хто імкнецца заўсёды ўсюды рабіць добрае для таварыша. Таму так цэняць у нашай краіне сапраўднае сяброўства людзей. Сябры ж змогуць заўсёды больш зрабіць, бо будуць дапамагаць адзін аднаму. Яны змогуць добра вучыцца, забаўляцца, рыхтавацца да экзаменаў. Яны змогуць зрабіць усё, што задумаюць, бо сяброўства — вялікая сіла.

 

1947 г.




Беларуская Палічка: http://knihi.com