epub
 
падключыць
слоўнікі

Янка Маўр

Урала-Кузбас

 

На Урале шмат жалеза. Ёсць нават жалезная гара — Магнітная. Але яна не распрацоўвалася. Бо вугалю няма. І шляхоў няма. І вады малавата. Наогул мясцовасць голая, пустэльная. Клімат суровы. Гарадоў, людзей няма. Хто мог адважыцца пачаць тут будаўніцтва? І летась было таксама, як сотні гадоў назад.

А сёлета — тут горад Магнітагорск, у якім жыве 150 тысяч чалавек.

А за 200 кіламетраў, у Сібіры каля горада Кузнецка,— вялікія запасы каменнага вугалю. У 5 разоў большыя, як у Данбасе. Дзесятая частка запасу ўсяго свету. Але як яго скарыстаць, калі фабрык і заводаў у Сібіры мала, калі так далёка закінуты гэты Кузбас, калі ўвесь гэты край дзікі? Жалеза няма. Шляхоў няма. Клімат суровы. У старых шахтах летась працавала некалькі соцень рабочых.

А сёлета жыве 100 тысяч народу.

Ляжала без карысці жалеза на Урале. Ляжаў без карысці вугаль у Кузбасе. Хто мог адважыцца перарабляць прыроду, адразу забраць багацці? І ў Англіі, і ў Германіі, і ў Амерыцы, у сярэдзіне краіны, сярод густога насельніцтва, паступова, на працягу 20—40—60 гадоў крок за крокам заваёўвалі вугаль і жалеза. Сёлета правядуць дарогу, на другі год выкапаюць новую шахту, на трэці пабудуюць завод, на чацвёрты яго дабудуюць! А ў нас прыйшлі бальшавікі-рабочыя і за адзін год аўладалі прыродай.

Гэта таму, што нам чакаць нельга, мы адсталі, нам трэба даганяць і пераганяць капіталістычныя краіны. Таму, што мы працуем не на капіталістаў, а на сябе. Таму, што мы ведаем, куды ідзём, чаго дамагаемся, за што змагаемся. І таму, што арганізаваны шматмільённы пралетарыят пад кіраўніцтвам Ленінскай партыі можа ўсё зрабіць, што захоча.

Што мы будзем мець ад гэтага?

Мы злучым самыя вялікія запасы жалеза з самымі вялікімі запасамі вугалю. Мы знішчым гэтыя 200 кіламетраў. Безупынна цячэ вугаль з Кузбаса на Урал, а з Урала ў Кузбас — жалезная руда. Будзе нібы адзін завод УКК — Урала-Кузнецкі камбінат. Ён адзін дасць нам столькі жалеза, колькі раней давалі ўсе заводы вялізнай Расійскай імперыі. Ёсць толькі адзін завод у свеце (у Амерыцы), які яшчэ застаецца большым за Магнітагорскі. А кузнецкі вугаль, апрача апалу электрастанцыі і коксу для вырабу жалеза, дасць яшчэ асфальт, усялякія фарбы, газы, нафталін, карболку, аспірын, нашатырны спірт, сахарын і яшчэ сотню падобных рэчаў.

Каб нагрузіць вагоны цэглай, патрэбнай для УКК, дык склаўся б цягнік, даўжынёю ад Мінска да Масквы. Пры пабудове Кузнецкага завода выкапана столькі зямлі, што падводы з ёю занялі б 5000 кіламетраў. Кожны дзень патрабуецца 2000 вагонаў жалеза, дрэва і іншых матэрыялаў. На пабудовах працуе 80 000 рабочых. Кузнецкая (Кемераўская) электрастанцыя будзе такая самая, як Днепрабуд.

Такога будаўніцтва свет яшчэ не бачыў.

Прыемна нам усё гэта падлічваць і нецярпліва чакаць, калі ўсё будаўніцтва будзе скончана. Пакуль надрукуюцца гэтыя радкі, мы ўжо будзем чытаць у газетах: электрастанцыя скончана... першыя домны пачалі працаваць... уступіла ў строй яшчэ адна домна... яшчэ... яшчэ адзін завод... другі...

А ці кожны з нас добра ўяўляе, як гэта робіцца, як дасягаюцца поспехі?

Каб пабудаваць такія прадпрыемствы за паўтара года, трэба працаваць і ўлетку і ўзімку, і дзень і ноч.

Зараз там 40 градусаў марозу. Вятры дзьмуць сухія, халодныя. Выйсці на двор нельга, а тут трэба лезці высока, мураваць... Цэгла пячэ рукі... Бетон, гліна, вапна замярзаюць. Не лепш і тым, хто капае мёрзлую зямлю, хто капае жалеза, хто возіць, носіць, падае.

Вось адзін, другі, кажа: «А ну яго! Гэтак немагчыма вытрымаць!» Вось адзін, другі кідае працу, збіраецца ўцякаць дадому, у цёплую хату.

Але сотні, тысячы ўдарнікаў працуюць упарта, аддана. Не глядзяць на гадзіны, на выхадныя дні. Здараецца, што двое, трое сутак рабочыя самі не адыходзяць ад рабочага месца.

Бо яны ведаюць, што вось гэтую іхнюю работу абавязкова трэба скончыць цяпер, бо іначай на суседнім участку будзе прастой. І ўсю пабудову трэба скончыць у вызначаны час, бо іначай суседняя пабудова затрымаецца.

Нават замежныя рабочыя і інжынеры захапляюцца такой працай. І сорамна робіцца тым, хто збіраўся ўцякаць. І ўсё менш і менш знаходзіцца дэзерціраў.

А ў гэты самы час на іншых заводах СССР рыхтуюць матэрыялы, машыны для тых, хто там, як на фронце. Працуюць таксама ўдарна, бо іначай там затрымаецца пабудова. Усе іншыя працоўныя дапамагаюць гэтым заводам выканаць заданне. Нават калі мы шлём бульбу ленінградскім заводам, што выконваюць заказы для Магнітагорска, то таксама прымаем удзел у гэтай справе. І калі дзеці дапамагаюць бацькам у агульна-карыснай працы, яны таксама з’яўляюцца ўдзельнікамі будаўніцтва.

Вось чаму ў Савецкім Саюзе магчымы такія «цуды», як пабудова УКК за паўтара года.

А ўслед за гэтым у Новасібірску будзе пабудаваны другі завод, падобны да Магнітагорскага. На сібірскай рацэ Ангары ўжо прыступаюць да пабудовы электрастанцыі, якая будзе раўняцца васьмі Днепрабудам. Кузбас будзе ўвесь час пашырацца і праз пяць гадоў дасць вугалю ў два разы больш, як цяпер увесь Саюз. А на Урале пабудуецца электразавод, на якім адных толькі інжынераў і тэхнікаў будзе 12 500 чалавек. Там жа будуецца завод, які кожны дзень будзе выпускаць столькі вагонаў, якія, калі паставіць іх адзін за другім, зоймуць 2,5 кіламетра.

Хутка, вельмі хутка мы ўбачым такія «цуды», якія нікому нават не сніліся.

Але ўвесь час будзем памятаць, што само яно не зробіцца, што прымаць удзел у гэтым павінны ўсе, ад старых да малых.

 

1931 г.


1931

Тэкст падаецца паводле выдання: Маўр Я. Збор твораў у чатырох тамах. Том чацвёрты. — Мн., «Маст. літ.», 1976. — 408 с.
Крыніца: скан