epub
 
падключыць
слоўнікі

Янка Непачаловіч

Месяц

Ці ты сярпок, ці ясны поўнік,

Заўсёды, месяц малады,

Пасеш з начлежнікамі коні,

Пільнуеш спелыя сады.

 

Акрые ноч заслонай чорнай,

На сцежкі выкаціць карчы.

У час такі пастам дазорным

Ты рад заўсёды памагчы.

 

Знаходзяць выдры ў цемры норы,

Здабычу - совы і краты...

Вакол сябе сабраўшы зоры,

Усім спрадвеку служыш ты.

 

Навукай шмат чаго адкрыта,

Ды ёсць вучоныя мужы,

Пра месяц кажуць, што нібыта

Ён свеціць нам святлом чужым.

 

Калі свяціць не маеш моцы,

Тры сонцы стаў на галаве,

Ніхто не скажа, што ты - сонца,

І месяцам не назаве.

 

А ты, сярпок ці поўнік круглы,

Заўсёды ведаеш сваё:

У засені садоў асмуглых

Ласкочаш спеўных салаўёў.

 


1967

Тэкст падаецца паводле выдання: невядомае
Крыніца: невядомая