А мы з табой, бы ў рай, у гэткі
Луг абраскошаны зайшлі,
Дзе матылі — нібыта кветкі
І кветкі — быццам матылі.
Дзе ўсё злілося —
неба, травы,
І сонца пах, і рук святло,
І дотык ветрыка ласкавы,
Як матылінае крыло.
Крыляюць мятлушкі і краскі—
І луг і неба ў матылях.
Здаецца, з добрай твае ласкі
У крылле ўбралася зямля.
Лятаюць мятлушкі — па пары,
Па пары — лашчацца квяты.
І мне з табой шчасліва марыць
Пра ўсё вось з гэтай ціхаты.
А цішыня — нібы цунамі,
Бы вецер, што наш луг садзьме...
І толькі мятлушкі над намі—
Усё па дзве...
Па дзве...
Па дзве...