А збудзённіць паланенне,
Стоміць твой утульны рай,—
У другое вымярэнне,
Бы да бою, паспяшай,
Звыклы дзень — нібыта клетка,
Сцеражэ душу тваю:
Там і ўзімку, і улетку
Сам з сабой, з нудой ваюй.
Бы аплецен павуцінай
Твой пакой і твой спакой.
Выбірайся, нібы з ціны,
З насалоднасці такой.
І спяшайся на завею,
І пазнай мяцеліц смак
Там, дзе ўсё нязвыкла неяк,
І усё — не так, не так...
Давярацца сцежкам можна.
Ну і што, калі зіма!
Бач, і вецер спадарожны,—
Толькі ветразя няма.
Не бяда! Мы — ветры ў жмені
Пазбярэм, як лейцы, ўсе.
І ў другое вымярэнне
Нас завея панясе...