«Шукаю чалавека, якому для поўнага шчасця не хапае толькі мяне. Па задыяку ён — Леў, народжаны ў год Дракона. Па гараскопу — Зямля, здольная аддаваць сваю энергію, бо я — агрэсіўнае Паветра, згоднае сілкавацца ёю. Мужчын, якія не ўмеюць плаваць, курыць, вадзіць машыну, кіраваць яхтай і моцна сядзець у сядле, у якіх няма зброі і якія не валодаюць замежнымі мовамі, прашу не хвалявацца і дарэмна не турбаваць мяне».
І хоць ён па задыяку быў усяго толькі Авечкаю, народжанаю ў год Мышы, і хоць ён не ўмеў ні плаваць, ні курыць, ніколі не сядзеў у сядле, ужо не кажучы пра замежныя мовы і тым болей пра зброю, усё ж яму чамусьці здалося, што гэтая жанчына — ягоны лёс. Яму чамусьці імпанавала і падабалася вось такая актыўная напорыстасць незнаёмай маладзіцы, яе самаўпэўненасць і нават пагарда — магчыма, яго, ціхага, спакойнага, непрыкметнага чалавека, якраз і цягнула да яе тое, чаго не хапала яму самому.
Хоць, шчыра кажучы, гэтым аб’явам ён не верыў. Асабліва яго дзівілі мужчыны: «Я здаровы, як бык, хачу жанчыну». Ды і жанчыны таксама пра тое ж: «Мне семнаццаць гадоў, але выглядаю я значна маладзей...» Іншая кабеціна так распіша свае дабросці — яна і «шчырая, прывабная, ласкавая, чароўная, любіць хатнюю ўтульнасць», яна і «знешнасцю і інтэлектам не пакрыўджана, недахопаў не мае», яна і «ўмее смачна гатаваць, уся — жаноцкасць, элегантнасць, цудоўная гаспадыня», што нават дзіву даешся, чаму ж такая цаца ўжо разведзена ці да гэтага часу яшчэ не выйшла замуж.
Ён і сам спакусіўся быў на адну такую аб’яву. «Спакойная. Сціплая. Спагадлівая. Не ханжа. Пяшчотная. Хачу зрабіць шчаслівым мужчыну, які адгукнецца мне».
«Хачу зрабіць шчаслівым мужчыну»... Гэта ж вам не жартачкі! Які мужчына ўстаіць перад гэтымі словамі? Хто адмовіцца ад такой надзеі — быць шчаслівым? І ён таксама захацеў, каб яго зрабілі памысным. І таксама, як, мусіць, і многія іншыя мужчыны, паслаў ліст абаненту. І якое ж было яго здзіўленне, калі на сустрэчу прыйшла яго нядаўняя жонка, з якой ён змушаны быў перад гэтым развесціся — з-за няўжыўчывасці яе характару.
Гэтая жанчына не хавала сваёй агрэсіўнасці. І яму вельмі захацелася спадабацца ёй, спакусіць яе, але ён не ведаў, як гэта зрабіць.
І ўсё ж, выбраўшы сваё самае лепшае фота, паслаў яго той, што дала аб’яву ў газету. І — о дзіва! — яна выбрала менавіта яго! Пачалася зацікаўленая перапіска, і яны яшчэ да сустрэчы шмат што ведалі адно пра аднаго — праўда, у асноўным толькі добрае, бо каму гэта захочацца прызнавацца ў сваіх больках незнаёмаму чалавеку!
Але ў лістах — адно, а пры сустрэчы — іншае.
Пры сустрэчы ён зразумеў, што не спадабаўся ёй, а то і ўвогуле расчараваў жанчыну — ціхі, сарамлівы, непрыкметны, звычайны — не такі, як у лістах. Яна старалася не паказваць свайго раздражнення, але ёй гэта амаль не ўдавалася. Прыгожая, у самым сваім росквіце, з фігураю Сабрыны і тварам Сандры, як яна сама пісала ў аб’яве, «крепка словом, делом и телом», жанчына з іранічнаю ўсмешкаю, нават не запрасіўшы яго сесці, здзекліва спыталася:
— А што ж вы ўмееце?
— Нічога, — шчыра прызнаўся ён.
— Не ўмееце плаваць і вадзіць машыну? — нібы здзівіўшыся, пагардліва падняла яна левае брыво. — Не можаце кіраваць яхтай і сядзець у сядле? І адважыліся прыйсці да мяне?
— Адважыўся, — невыразна буркнуў ён у адказ.
Яна паціснула плячыма.
— Шпрэхэн зі дойч?
Ён, хоць і вывучаў некалі ў школе нямецкую мову, хоць і ведаў, пра што яна гаворыць, аднак не адгукнуўся, зрабіў выгляд, што нічога не разумее.
— Ай сі кэт? Інгліш?
Англійскай мовай ён не займаўся зусім, таму не трэба было нават прыкідвацца.
— Франсэ? — настойліва дапытвалася жанчына.
— Не, я не француз.
— А французскі каньяк п’яце?
— Не.
Яна грэбліва ўсміхнулася і пагардліва пахітала галавою.
— Ну, я спадзяюся, вы хоць курыце?
— На вялікі жаль, не куру.
— Тады ідзіце, — і шырока адчыніла перад ім дзверы; стаяла і чакала, калі ён выйдзе з хаты: яна выганяла яго!
Але ён не спяшаўся. Стаяў, таптаўся на месцы, шукаў, што б яму такое прыдумаць, каб абразіць яе ці хаця б самому выйсці з кватэры менш абражаным, аднак нічога разумнага ў галаву не прыходзіла.
Ён вінавата ўсміхнуўся і тут жа, нібыта ў яго ў гэтую хвіліну ўсяліўся які нячысцік, дурасліва пажартаваў:
— А хочаце, я зараз землетрасенне вам устрою?
Яна не вытрымала, зарагатала:
— Вы? Землетрасенне? Не смяшыце людзей!
Яе рогат нарадзіў у яго, мяккага і памяркоўнага, вялікую злосць і нейкую зусім не зразумелую ўпартасць — ён чамусьці быў упэўнены, што гэта ў яго зараз атрымаецца.
Ён выцягнуў уперад правую руку, напружыўся ўвесь і загадаў:
— О, прыходзь, землятрус!
І сам здзівіўся, адчуўшы, што па руцэ і праўда пайшла нейкая сіла, нейкая энергія — яна нават шчыпала, паказытвала, як электрычны ток, кончыкі пальцаў, а ў роце ад яе зрабілася металічна, — так непрыемна бывае ў тралейбусе, калі нечакана пстрыкне замыканне ў дугах.
І тут жа заблішчалі маланкі, загрымела навокал і захадзіла пад нагамі падлога. Ён толькі бачыў, як хістаюцца пад столлю люстры і як падаюць з падаконнікаў гаршкі з кветкамі.
Ён і сам спалохаўся. А жанчына стаяла белая, як палатно: дзе і падзеліся яе грэблівасць, красамоўства і гумар.
Мужчына паволі апускаў руку і адчуваў, як нехаця вяртаецца па ёй назад, некуды ў сваю ранейшую схованку, тая нечаканая, ужо вызваленая, сіла. І яшчэ адчуваў, што варта толькі яму зноў падняць руку, як яна радасна пабяжыць у другі бок, на волю, каб зноў грымець, бліскаць, хістаць дамы, уздыбліваць зямлю, пабяжыць туды, дзе, мусіць, яе натуральнае жыццё.
Землятрус аціх. Жанчына пакрысе супакойвалася. Спалох ужо мінуўся, і кроў зноў прылівала да яе твару.
— Не, мне не трэба такі моцны мужчына, — усё яшчэ гледзячы на патрэсканыя ад землетрасення шпалеры, нібы раздумваючы, сказала яна. — Мне б толькі каб ён машыну вадзіць умеў... І ўсё...
— Не, машыну я вадзіць не ўмею.
— Тады прабачце, — і недвухсэнсоўна развяла рукамі.
І як толькі ён выйшаў на лесвічную пляцоўку, адразу ж, спяшаючыся, нібы баючыся, што не паспее, моцна грукнула дзвярыма і зачыніла іх на ўсе зашчапкі.
Ну і жанчыны! Ніхто іх, відаць, ніколі не зразумее. Мала можаш — кепска. Але калі ты і многа можаш, — таксама дрэнна. Ім трэба, каб ты мог адно столькі, колькі б хапіла для звычайнага жыцця і звычайнага шчасця.
Каб умеў вадзіць машыну і прыгожа сядзеў у сядле...
Ён выйшаў з пад’езда і жахнуўся, што нарабіў тут яго землятрус. Уся зямля была паўздыблена, пабіта расколінамі, палохала глыбокімі ямкамі-праваламі, нібыта яе толькі што бамбілі.
У адной з ямак сядзелі «Жыгулі» — яны праваліліся туды амаль напалавіну. Багажніка не было відаць, толькі лабавое шкло зырка адбівала не па-восеньску шчодрае сонца.
Мужчына чамусьці здагадаўся, што гэта менавіта тая машына, якой шукаюць гаспадара.
Міжволі, яшчэ сам не ведаючы чаму і навошта, саскочыў у яміну, пастаяў там крыху, а пасля ўпёрся рукамі ў багажнік і пачаў разгойдваць машыну. Тая раскалыхвалася спачатку нясмела, пакрысе, быццам нехаця, а потым паддалася ўсё ж ягонай сіле і настойлівасці — праз нейкі час ён выштурхнуў «Жыгулі» з правалу і выкаціў на роўнае месца.
І тут, як успомніў што — ён, які ніколі не кіраваў машынаю, зараз ведаў у ёй выключна ўсё. Лёгка адчыніў дзверцы, сеў за руль, знайшоў ключ запальвання, прафесійна павярнуў яго — машына завялася, ажыла, затахкала: яна была ўжо не новая, але на ёй можна было яшчэ ездзіць.
З форсам газануўшы, умела, спрытна абмінаючы ямкі і расколіны, праехаўся па двары, выруліў на вуліцу, зухавата развярнуўся там — нібыта ён усё сваё жыццё толькі тое і рабіў, што вось так разварочваўся, — і, яшчэ крыху пакатаўшыся, вярнуўся назад. Паставіў машыну навідавоку, пад вокнамі, і вылез з яе...
Нехта ззаду мякка, даверліва паклаў руку яму на плечы, пяшчотна правёў далонямі па валасах.
— Мілы, — пачуў ён шчыры, усхваляваны шэпт. — Я ў захапленні... Ты вельмі прыгожа водзіш машыну...
Здалося нават, што поплеч стаяла не яна — такія ласкавыя былі яе далоні.
— А я так люблю хуткасць, — летуценна прызналася жанчына.
Ён рэзка павярнуўся, убачыў яе замілаваныя вочы, затуманеныя пачуццёваю смугою, зняў яе рукі са сваіх плячэй і рашуча, шпарка, не азіраючыся, пайшоў з двара: тут усяго толькі любілі хуткасць і прыгожую язду, а не яго самога...