Абнаўлення, хлопцы, абнаўлення
Прагнем, нібы ліўня, мы ў цішы.
Абнаўленне — гэта ўжо наўленне
У дарозе стомленай душы.
Абнаўленне — гэта калі промень
Ловіш, як някемлівы хлапчук.
Абнаўленне — гэта калі ў громе
Прагнеш прыручэння гул пачуць.
На ўвесь свет павінен сам іначай
Паглядзець, рассунуўшы галлё...
І сябе самога збоку ўбачыць —
Як чужога, іншага — здалёк.
Абнаўленне вырашае многа
І змывае бруд, нібы рака...
Ці вярнуцца да сябе малога,
Ці сябе ў старым ужо шукаць?
Абнаўленне, хлопцы, абнаўленне,
Абнаўленне кожнае пары.
Нашых крыл здарожаных наўленне
Нам гады паможа прымірыць...