Ах, мілы конь, ах, мілы косю,
Прабач за даўні здзек. Даруй,
Што запрагаў цябе ў калёсы,
Што й сёння на табе ару.
Так, то ж абраза і пакуты:
Цябе, што вольніцай гуляў,
Спачатку я, схітрыўшы, спутаў,
Пасля — ў рот цуглі — зацугляў.
Кажу сягоння я такое,
Бо ты — нібы ўжо госць у нас:
Перад табою, за табою
Барозніць трактар твой папас.
Што ж, зноў вяртайся ў стан свой дзікі,
Туды, дзе воля, снег, імжа...
Не струнь вачэй на нашы крыкі,
На наша «косю» не зважай.
Калі ж, завеяны па вушы,
Ты цёпла ўспомніш пра аброць,
Тады з ласямі да кармушак
Па дружбе даўняй падыходзь.
Ды хоць спіну не муліць збруя,
Трава — што зблудзяцца чмялі,—
Па мне ўсё роўна засумуеш,
Бо мы ж з табою век зжылі.
І я, спыніўшы трактар раннем,
Цябе пабачыць захачу,
Тваё шчымлівае іржанне
У цішыні палёў пачуць.
І па начлегах, без прынукі,
Цябе пайду я сам шукаць,
Каб гарадскім сваім унукам
Тваё іржанне паказаць.