Янка Сіпакоў

Адам і Марыля

Не самае важнае, чый гэта паэт, чыёй літаратуры ён належыць - польскай ці беларускай, але важна тое, што гэта геній сусветнага маштабу, з якім чалавецтва жыве вось ужо два стагоддзі і без паэзіі якога яно адчувала б сябе намнога бяднейшым.

Не самае важнае, дзе ён жыў і дзе пісаў свае творы. Але важна для нас тое, што ён усё сваё жыццё шчымліва спавядаўся ў любові да роднай зямлі, якая яго нарадзіла, якая ўзгадавала яго сваімі песнямі і казкамі: «Зямля наваградская, краю мой родны...» Ён казаў, што ў казках і песнях беларусаў схавана ўся прыгажосць зямлі, радаваўся, што беларуская мова «найбольш гарманічная і найменш перакручаная з усіх славянскіх дыялектаў» і што «няма народа чысцейшага, чым нашы калтунястыя беларусы».

Не самае важнае, што класік польскай літаратуры спавядаўся сваёй каханай вершамі на польскай мове. Важна тое, што Марыля Верашчака - шчаслівае і няшчаснае каханне паэта - нарадзілася таксама на Наваградчыне, на зямлі, якая ўспаіла сваімі сокамі паэзію Міцкевіча. І яго каханне - таксама.

Каханне ўспыхнула адразу. Першае і апошняе каханне паэта. Шчаслівыя хвіліны і гады пакут. Каханне, якое прынесла з сабою смутак і журбу. І адзіноту на ўсё жыццё. Хоць у яго былі жанчыны і была свая сям'я. Потым.

Самым радасным для паэта быў 1818 год. Калі Тамаш Зан запрасіў Міцкевіча падчас летніх канікул з'ездзіць у Туганавічы да свайго сябра Міхала Верашчакі. Гаспадароў госці не заспелі дома, знайшлі на жніве - там, ля мэндлікаў, і пазнаёміўся Адам з Марыляю, там мільганула, стрэліла тая неадольная іскра, што перавярнула ўвесь свет.

Паездкі Адама Міцкевіча ў Туганавічы паўтараліся кожнае лета. Маладыя людзі - яна маладзей за яго ўсяго толькі на адзін год - сустракаліся, гаварылі, хадзілі ў туганавіцкі парк, што на беразе ракі Сэрвеч, блукалі ля возера Свіцязь... І ніхто не бачыў у гэтым нічога дрэннага. Па-першае, бедны хлопец, лічылі, не пара дачцэ заможных Верашчакаў, а па-другое, Марыля - ужо нявеста графа Ваўжынца Путкамера, былога афіцэра напалеонаўскай арміі, а цяпер вельмі багатага і ўдачлівага памешчыка Лідскага павета.

Граф быў разумны чалавек, а таму паблажліва не зважаў на заляцанні рамантыка Міцкевіча да сваёй нарачонай. І нават калі ў жніўні 1821 года Марыля выйшла за яго, пана, замуж, за што яе, як за здраду, асудзілі сябры і сучаснікі паэта, граф быў велікадушны - у Міцкевіча з маладой сям'ёй склаліся дружалюбныя адносіны.

Марыля, як і раней, прызначала паэту спатканні, пісала часам вось такія запісачкі, клікала на начныя сустрэчы: «У 12 ночы, у чацвер, там, дзе мяне абдрапала галінка, а калі б што-небудзь важнае перашкодзіла, тады каля межавага каменя ў пятніцу, у пяць гадзін».

А Адам пісаў ёй пасля з Коўна: «Каханая Марыля, я цябе паважаю і шаную, як багіню. Любоў мая такая нявінная і боская, як і яе прадмет... Дарагая, адзіная мая! Ты не бачыш прорвы, над якой мы стаім».

Гэтае платанічнае каханне граф Путкамер лічыў блюзнерствам, а некаторыя нават сённяшнія даследчыкі жыцця Міцкевіча, да прыкладу Адам Мальдзіс, бачаць у ім усю апантанасць і трагічнасць - яны сцвярджаюць, што Марыля была для Міцкевіча тым, чым Беатрычэ была для Дантэ, Лаура для Петраркі.

Міцкевіч, як і папярэднікі, маліўся на каханую, укленчваў перад сваёю багіняю. А іншыя здзіўляліся: што ён знайшоў у ёй, чаму пакланяецца? Навошта пакутуе? Віленскія студэнты, сябры паэта, гаварылі пра Марылю: «Жанчына як жанчына». А сын Міцкевіча Ўладзіслаў, які пазнаёміўся з Марыляй Путкамер у Вільні праз шэсць гадоў пасля смерці бацькі, скажа вельмі ўпэўнена: «Мусіць, яна ніколі не была прыгожаю».

А Міцкевіч бачыў гэту прыгажосць. І жыў ёю, і пакутаваў ёю. Гэта мы таксама часам са сваёй далечыні не ўсё можам зразумець, не ва ўсіх пачуццях разабрацца. Ды гэта, мусіць, і не трэба, бо каб разабрацца, мабыць, трэба вярнуцца ў тое жыццё, у якім мы ніколі не былі. А час вельмі многае сцёр, многае перайначыў. Але ўсё ж здаецца: калі б не гэтае каханне, магчыма, не было б і паэта Адама Міцкевіча. А можа, гэта толькі здаецца...

Каханая мучыла яго, і сама, хоць і жыла ў сям'і, таксама мучылася яшчэ болей. Мучылася сваім першым юнацкім каханнем.

Марыля падарыла Міцкевічу верхавога каня, а самае галоўнае - пярсцёнак і мініяцюру - свой партрэт на слановай касці. І ў той жа час напісала яму: «Забудзь гэтае каханне, якое з'яўляецца тваім няшчасцем».

І тлумачыла: «Ты пакутуеш, мой друг! Ты нешчаслівы, ты не звяртаеш на сябе ўвагі! Скажы мне, што выклікае твае пакуты, які сродак табе неабходны? Забудзь мяне, мой друг, калі гэта трэба для твайго шчасця і спакою. Калі б для твайго шчасця трэба было толькі маё каханне, ты быў бы нават вельмі шчаслівы. Аднак не! Замест таго, каб хоць што-небудзь зрабіць для твайго шчасця, гэта я, адна я прычыняю табе столькі пакут. Ты не можаш сабе ўявіць, як гняце мяне гэтая думка. Будзь разважлівы, мой друг, не пагарджай сваім талентам. Забудзь гэтае каханне».

Кажуць, што пасля гэтага пісьма Адам Міцкевіч «быў, як абвугленае дрэва...».

І ўсё ж яе пярсцёнак паэт бярог усё жыццё, пранёс яго, як талісман, праз усе дарогі, што выпалі яму ў свеце.

І ўсё ж многія, разглядваючы партрэт-мініяцюру Марылі Верашчакі, задумваюцца і сёння: «Дык вось якая яна была, каханая генія...»

І ўсё ж Мечыслаў Яструн, які створыць мастацкую біяграфію Адама Міцкевіча, напіша ў ёй: «Пройдзе сто гадоў - а гэтыя двое застануцца ў туганавіцкім парку. Пройдзе дзвесце гадоў - і белая сукенка Марылі, доўгая, што да шчыкалатак захінае ногі, будзе бялець сярод цёмных дрэваў», бо гэта Марыля пройдзе «між чорных галінак у белым адзенні».

І ўсё ж пройдзе дзвесце гадоў, а стары туганавіцкі парк, што на беразе Сэрвечы, будзе і сёння шумець, як тады, і помніць іх. А ўдзячныя людзі будуць клапатліва рупіцца пра двухсотгадовыя дубы-блізняты і альтанку з шасці ліп, дзе некалі сустракаліся Адам і Марыля.

 

1998




Беларуская Палічка: http://knihi.com