Украінская балада. XIX стагоддзе
І зноў марозна доўгая дарога,
Наскрозь прамерзлі нават кайданы.
Ім да Табольска грукаць яшчэ многа,
І вёрсты будзяць, як званы, яны.
Мяне зноўку разлучылі
З роспачным Падоллем —
Мусіць, гэткая ў Кармеля
Гараватка-доля.
Шлях на катаргу пачаўся
Ад кузні вясковай,
Дзе мяне заланцужылі,
Закулі нанова.
Твар нанова стаўравалі,
Хоць таўро ўжо тое
Не было дзе нават ставіць
На чало крутое.
Не тужыце, дабралюдзі:
Я і тут вас бачу.
Як успомню гвалт над вамі,
Дык і сам заплачу.
Гэта ж трэба, каб у раны
Столькі ўцёрлі солі,
Каб для вас мачылі доўга
Розгі у расоле.
Каб прыгонныя красуні,
Быццам бы панятак,
Малаком, грудзьмі кармілі
Панскіх цуцанятак.
І ў дарозе чую — мною
Страшыце вампіраў:
«Пачакайце, Кармалюка
Вернецца з Сібіру.
Ён тады вам і пакажа,
Як загляне ў «госці».
Вы за ўсё,
за ўсё плаціцьмець
Кроўю, ягамосці!»
А вось і лета па Сібіру крочыць.
Нагрэліся, спацелі ланцугі.
Цяжкія стомадні і стоманочы
Матаюць кайданы ў клубок тугі.
І раней плаціў спаўна ім
Я за вашы болькі.
Як над дурнямі глуміўся,
Каб вы зналі толькі!
Жабракам у торбы сыпаў
Панскія дукаты
І за беднага аднога
Лез на сто багатых.
Я круціў над галавою
І на пасавішча
Так кідаў, бывала, пана,—
Што аж вецер свішча.
Піў гарэлку ў корчмах з імі,
Піў і на вяселлі,—
Дазнаваліся назаўтра,
З кім яны сядзелі.
Пра мяне ў мяне пыталі,
Знаць, дзе я, хацелі.
І я сам ім — сам! — падказваў,
Як злавіць Кармеля.
Мне ж таксама давялося
Слёзамі давіцца,
Як з сынамі і Марыяй
Быў на вачавідцы.
Горнуцца сыны да бацькі
З радасцю дзіцячай.
Я ж піхаю ад сябе іх,
Хоць душою плачу.
А яны не разумеюць —
Зыраць вачаняты,
І спалоханыя вусны
Шэпчуць:
— Тату!
— Тату!
Я ж кажу:
— І іх не знаю,
І іхняга енку!
Вы ўзялі за Кармалюка
Ваську Гаўрыленку.
На мяне глядзяць малечы,
Потым зноў на маці...
Не, няма цяжэй нічога
За слязу дзіцяці.
Дарога чвякае, пад ногі лезе,
І сам у твані тонеш да вушэй,
Набракла восенню і холадам жалеззе
І ад гразі зрабілася цяжэй.
Што ж, чакайце мяне, людзі,
З катаргі чакайце,
На свайго Кармалючэньку
Зноў надзею майце.
Бізуны,
батогі, плёткі,
Канчукі, нагайкі...
На спіне не зажываюць
Іх шрамы і спайкі.
Колькі ў вежах насядзеўся,
Да слупоў прыкуты!
Ды ўсё роўна вырываўся
Я з жалезных путаў.
Пад канвоем быў я вольны,
Не баяўся гаўя,
І чым болей было варты,
Тым лягчэй збягаў я.
На сцяне ў турме як толькі
Лодку намалюю —
Мы з сябрамі ў яе сядзем
І з-за крат вяслуем.
Тройчы з катаргі ўцякаў я —
Дагані Кармаля!
Не, няма такіх кайданаў,
Каб мяне стрымалі!
Зноў дамоў вярнуся скора...
Дам я радасць глотцы —
Крыкну так, што цар пачуе:
— Ну, здаровы, хлопцы!
І ўжо свабода, блізкая такая,
Казыча твар, знабкі ад ледзяшоў.
І ў думках ён, шчаслівы, уцякае
Адтуль, куды пакуль што не прыйшоў.